Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгром незалежнага інфармагенцтва БелаПАН. Трое — на Акрэсьціна, сайт адключаны

абноўлена

Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына ў рэдакцыі. 29 сакавіка 2021 г.
Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына ў рэдакцыі. 29 сакавіка 2021 г.

Раніцай 18 жніўня сілавікі прыйшлі з пастановамі на ператрус да шэрагу журналістаў інфармацыйнага агенцтва. У выніку дырэктара і галоўнага рэдактара Ірыну Леўшыну, бухгальтара Кацярыну Боеву і былога дырэктара Дзьмітрыя Наважылава затрымалі, зьмясьціўшы ў ізалятар на Акрэсьціна.

Аб правядзеньні ператрусу пасьпелі паведаміць журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газэты БелаПАН Naviny.by Аляксандар Зайцаў і бухгальтарка кампаніі Кацярына Боева.

Прайшоў ператрус і ў дырэктаркі і галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай, паведамілі Naviny.by. Пасьля ператрусу ў кватэры Ірыну Леўшыну павезьлі на ператрус у рэдакцыю БелаПАН, паведаміла БАЖ. Пазьней стала вядома, што Леўшыну затрымалі на 72 гадзіны. Пасьля допыту ў СК яе павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, паведаміла Naviny.by яе дачка. Да яе дапусьцілі адваката.

Журналіста БелаПАН Захара Шчарбакова пасьля ператрусу дома павезьлі на допыт, напісала ў фэйсбуку ягоная жонка. Пасьля допыту яго адпусьцілі, паведаміла яна БАЖ каля 14:30.

У Шчарбакова канфіскавалі ноўтбук, тэлефон і флэшкі, паведамляе БелаПАН. Ён на свабодзе, пад падпіскай аб неразгалошваньні. У пастанове на ператрус гаварылася, што ён праводзіцца ў рамках заведзеных крымінальных спраў аб масавых беспарадках і групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Потым Шчарбакова павезьлі ў офіс «Белтэлекаму» на вуліцы Захарава, 55 — там знаходзіцца гостынг-пляцоўка (Міжнародны цэнтар камутацыі). У прысутнасьці журналіста канфіскавалі сэрвэр БелаПАН. Пасьля быў допыт у СК.

У ІЧУ таксама зьмясьцілі бухгальтарку БелаПАН Кацярыну Боеву.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі БАЖ, ператрус прайшоў і ў былога дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава, потым яго адвезьлі на допыт. Пасьля допыту яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Наважылаў быў выканаўцам абавязкаў дырэктара БелаПАН пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 году. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне.

Намесьнік галоўнага рэдактара БелаПАН Аляксандар Зайцаў расказаў, што ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў межах справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК). Усяго было сем чалавек: два супрацоўнікі АБЭЗ, іх куратар (магчыма, зь іншага ведамства), два спэцназаўцы ў поўнай экіпіроўцы і двое панятых. Забралі мабільны тэлефон, цьвёрды дыск кампутара, стары пляншэт, а таксама рэдакцыйнае пасьведчаньне і некалькі візытовак. Справу вядзе Сьледчы камітэт. Самога Зайцава не затрымалі.

Ірыну Турчыну адпусьцілі пасьля допыту, у яе забралі тэлефон, паведаміла БАЖ.

Ірына Турчына расказала, што да яе прыйшлі а 7-й раніцы. Ператрус цягнуўся каля дзьвюх гадзін. Яго праводзілі супрацоўнікі АБЭЗ. У пастанове на ператрус быў пазначаны артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У яе забралі нататнік і ўсе лічбавыя носьбіты — кампутар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон.

Пасьля ператрусу Турчыну павезьлі ў менскую ўправу Сьледчага камітэту, дзе яна адмовілася даваць паказаньні. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні і адпусьцілі. Турчына знаходзіцца ў статусе сьведкі ў крымінальнай справе, паведамілі Naviny Online.

Доступ да сайту адключылі

Сайт БелаПАН перастаў адкрывацца па абодвух сваіх адрасах — belapan.by і belapan.com — як у Беларусі, так і за мяжой. Паводле тэхнічнай інфармацыі, доступ да яго адключылі, а не абмежавалі на тэрыторыі Беларусі — браўзэры выдаюць паведамленьне, што ня знойдзены IP-адрас. Падобнае было ў свой час з парталам Tut.by.

Афіцыйна

  • Як паведаміла ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску, «працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы». І супрацоўнікі БелаПАН Дзьмітрый Наважылаў, Кацярына Боева і Ірына Леўшына затрыманыя па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
  • Таксама сьледзтва ініцыявала падатковую праверку дзейнасьці БелаПАН, «падчас якой ужо выяўлены парушэньні падатковага заканадаўства», і пасьля вызначэньня канчатковай сумы нявыплачаных у даход дзяржавы падаткаў сьледзтва дасьць прававую ацэнку дзеяньням службовых асобаў БелаПАН па арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў).

Ужо другі ператрус сёлета

Сёлета 14 студзеня сілавікі ўжо прыяжджалі зь ператрусам у рэдакцыю БелаПАН, які правялі без прысутнасьці адваката. Вобшук праводзіўся ў рамках крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») супраць былога намесьніка дырэктара БелаПАН Андрэя Аляксандрава. У пастанове таксама фігураваў артыкул 293 КК («Масавыя беспарадкі)».

У рэдакцыі БелаПАН пасьля ператрусу ў студзені
У рэдакцыі БелаПАН пасьля ператрусу ў студзені

Сілавікі вынесьлі частку тэхнікі, дакумэнты і цьвёрдыя дыскі кампутараў, у тым ліку сэрвэры. Праца рэдакцыі была паралізаваная. Пазьней у кампаніі праходзіла працяглая фінансавая праверка.

Мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня ў Менску. Палітвязьня вінавацяць у фінансаваньні пратэстаў і здрадзе дзяржаве.

«Усімі сродкамі нас імкнуцца запалохаць і прымусіць замаўчаць»

«Менавіта сёньня, калі дыктатура ў краіне перарасла ў адкрыты тэрор, уплыў журналістаў пераацаніць складана, — казала Ірына Леўшына ў інтэрвію Свабодзе сёлета ў сакавіку. — Менавіта таму нам абвясьцілі вайну: нас блякуюць, на нас палююць, нас абшукваюць, арыштоўваюць і судзяць, нас прымушаюць зьяжджаць за мяжу. Усімі сродкамі нас імкнуцца запалохаць і прымусіць замаўчаць. Каб той жах, які адбываецца, не выходзіў за межы краіны, каб усе злачынствы можна было рабіць шыта-крыта».

БелаПАН расцэньвае гэтыя падзеі як працяг палітыкі здушэньня свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызваленьня затрыманых калег, а таксама ўсіх зьняволеных журналістаў.

Праца кампаніі ў Менску паралізаваная, аднак частка рэдакцыі знаходзіцца ў бясьпецы за межамі Беларусі і працягне забясьпечваць падпісчыкаў і чытачоў апэратыўнай і дакладнай інфармацыяй, як гэта было на працягу амаль 30 гадоў з дня стварэньня БелаПАН.

  • Беларускае прыватнае агенцтва навінаў (БелаПАН) — адзінае на сёньня незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1991 году Алесем Ліпаем (1966-2018) і Віталём Цыганковым.
  • Агенцтва БелаПАН было генэральным спонсарам сьвята на 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 году. У сярэдзіне ліпеня таго ж году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў на Алеся Ліпая крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. 23 жніўня 2018 году Ліпай памёр у Менску пасьля цяжкой хваробы.
  • 7 жніўня 2018 году супрацоўнікі Сьледчага камітэту і МУС Беларусі правялі ператрус у рэдакцыі БелаПАН у сувязі з крымінальнай справай за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА. Сярод 18 затрыманых журналістаў былі галоўная рэдактарка агенцтва Ірына Леўшына і карэспандэнтка Тацяна Каравянкова. Пазьней зь іх зьнялі абвінавачаньні пасьля выплаты буйной кампэнсацыі.
  • У канцы жніўня 2020 году ўлады заблякавалі доступ да сайту Naviny.by — разам з больш як 70 сайтамі іншых незалежных СМІ і ініцыятыў. Прычынай блякаваньня Мінінфарм назваў артыкулы, якія «нэгатыўна характарызуюць сытуацыю ў Беларусі пасьля заканчэньня электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасьць дзяржаўных органаў». У красавіку 2021 году ўлады заблякавалі і люстэркавы сайт інтэрнэт-газэты БелаПАН Naviny.online.
  • У ліпені 2021 году пасьля хвалі ператрусаў у журналістаў незалежных СМІ Тацяна Каравянкова і яшчэ некалькі супрацоўнікаў БелаПАН зьехалі за мяжу.

БАЖ: «Ніхто ня здольны стрымаць думкі і ідэі»

Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла пра абурэньне чарговым грубым ціскам на незалежныя мэдыя. Яна зьвярнулася да ўладаў з заклікам неадкладна вываліць затрыманых супрацоўнікаў БелаПАН і спыніць ціск на інфармацыйнае агенцтва, які ў 2018 годзе, сярод іншага, «прывёў да сьмерці заснавальніка і кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая».

«Можна закрыць незалежныя мэдыя, затрымаць іх супрацоўнікаў, застрашыць людзей. Але ніхто ня здольны стрымаць думкі і ідэі».

Таксама ў арганізацыі нагадалі, што ад жніўня 2020 году ў Беларусі:

  • 497 затрыманьняў журналістаў, 119 зь якіх скончыліся арыштамі;
  • 68 фактаў гвалту і раненьняў журналістаў;
  • па стане на раніцу 18 жніўня 29 прадстаўнікоў мэдыя ў няволі, а пад крымінальным перасьледам ня меней за 50 мэдыяспэцыялістаў;
  • колькасьць ператрусаў і аглядаў у кватэрах журналістаў і рэдакцый з улікам візыту да БелаПАН дасягнула 140;
  • заблякаваныя больш за 100 грамадзка-палітычных сайтаў і мэдыя;
  • 10 друкаваных выданьняў вымушана спынілі выпуск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG