Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэдакцыі БелаПАН прайшоў ператрус без прысутнасьці адваката, адну журналістку шпіталізавалі. ФОТА і ВІДЭА


Пасьля ператрусу з офісу БелаПАН вынесьлі кампутарную тэхніку.
Пасьля ператрусу з офісу БелаПАН вынесьлі кампутарную тэхніку.

У рэдакцыю БелаПАН прыехалі ўзброеныя супрацоўнікі Сьледчага камітэту і міліцыі, яны правялі ператрус. Журналістку Тацяну Бублікаву забрала хуткая дапамога. Адваката Сяргея Зікрацкага на сьледчыя дзеяньні не пусьцілі.

Пасьля 11 гадзін у двары дома, дзе знаходзіцца офіс БелаПАН заўважылі мікрааўтобус МАН з таніраваным шклом з нумарам 9906 PH-7, на якім звычайна перасоўваюцца сілавікі. Большасьць журналістаў агенцтва працуе дыстанцыйна, у офісе былі некалькі чалавек уключна з дырэктарам Дзьмітрыем Наважылавым. Прыкладна ў 12:10 восем чалавек зь аўтобуса ўвайшлі ў будынак, пачаўся ператрус.

У 15.30 ператрус скончыўся, нікога з супрацоўнікаў агенцтва не забралі. Сілавікі вынесьлі некаторую тэхніку, дакумэнты і жорсткія дыскі кампутараў, у тым ліку сэрвэра.

Праца рэдакцыі паралізаваная, – дырэктар БелаПАН

Дырэктар БелаПАН Дзьмітрый Наважылаў расказаў, што ператрус правялі паводле пастановы сьледчага, якія вядзе справу арыштаванага днямі Андрэя Аляксандрава, які быў намесьнікам дырэктара агенцтва ў 2014–2018 гадах.

«Фактычна праца рэдакцыі паралізаваная, запатрабуецца час, каб вярнуць нашу працаздольнасьць у ранейшых аб’ёмах. У нас забралі каля 10 жорсткіх дыскаў кампутараў».

Канфіскаваныя таксама некаторыя рукапісныя запісы, дакумэнты, каля дзясятка жорсткіх дыскаў працоўных кампутараў, жорсткі дыск сервэра лякальнай сеткі, два нэтбукі, візытоўкі.

Пасьля ператрусу ў офісе БелаПАН.
Пасьля ператрусу ў офісе БелаПАН.

Ператрус у офісе кампаніі БелаПАН, распачаты прыкладна ў 12.30, працягваўся каля трох гадзін. Яго праводзілі больш за 10 супрацоўнікаў упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менскага гарвыканкаму па даручэньні ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менску.

Ператрус праводзіўся ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), у дачыненьні да журналіста Андрэя Аляксандрава. У 2014-2018 гадах ён займаў пасаду намесьніка дырэктара БелаПАН. Цяпер паміж ім і кампаніяй існуюць дагаворныя адносіны.

У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).

Аўтобус сілавікоў ля рэдакцыі БелаПАН. Менск, 14 студзеня
Аўтобус сілавікоў ля рэдакцыі БелаПАН. Менск, 14 студзеня

Кампутары БелаПАН бяз жорсткіх дыскаў
Кампутары БелаПАН бяз жорсткіх дыскаў

Шпіталізавалі Тацяну Бублікаву, у якой падняўся ціск

Пазьней на месца падзеі прыехала машына хуткай дапамогі, у якую адвялі супрацоўніцу БелаПАН Тацяну Бублікаву.

Сьледчыя, якія праводзілі ператрус у рэдакцыі БелаПАН
Сьледчыя, якія праводзілі ператрус у рэдакцыі БелаПАН

У сваім фэйсбуку Бублікава расказала, што ў яе падняўся ціск, таму яе забралі мэдыкі. Яна паведаміла, што ператрус праходзіць у межах крымінальнай справы, якую завялі напярэдадні супраць былога супрацоўніка рэдакцыі Андрэя Аляксандрава. Аляксандраў цяпер у турме на Акрэсьціна.

Сілавікі прыехалі са зброяй

У другім відэа Тацяна Бублікава расказала, што ў рэдакцыю з крыкамі ўварваліся ўзброеныя людзі ў чорным. Калі яе забралі мэдыкі, зь ёй у першы менскі клінічны шпіталь паехаў узброены нажом і агнястрэльнай зброяй чалавек, які там сачыў за ёй, каб яна не паведаміла пра ператрус нікому.

Але журналістцы ўдалося пранесьці тэлефон з сабой у прыбіральню, дзе яна і запісала першае відэа. Па яе словах, узброеныя людзі былі зацікаўленыя, каб інфармацыя пра іх візыт заставалася невядомай максымальна доўга. Бублікавай далі мэдычную дапамогу, зрабілі ўкол магнэзіі, і яе стан палепшыўся.

У рэдакцыі падчас ператрусу, па словах журналісткі, заставаліся Аляксандар Зайцаў, Захар Шчарбакоў, яшчэ адзін супрацоўнік Раман, бухгальтарка, дырэктар Дзьмітры Наважылаў. Сілавікі прывялі з сабой дзьвюх жанчын, якія выступаюць панятымі. На месцы таксама трое ахоўнікаў у камізэльках з надпісам "міліцыя" і самі супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Да 15-й гадзіны сілавікі плянавалі скончыць ператрус, які пачаўся з кабінэта дырэктара.

Сьледчыя дзеяньні прайшлі без адваката

У 14.15 адвакат Сяргей Зікрацкі зайшоў у будынак, дзе знаходзіцца рэдакцыя, але яго не ўпусьцілі ў офіс БелаПАН.

Ператрус у рэдакцыі БелаПАН. Адваката Сяргея Зікрацкага не пусьцілі
Ператрус у рэдакцыі БелаПАН. Адваката Сяргея Зікрацкага не пусьцілі

Сьледчыя дзеяньні пачаліся без адваката, паведаміў Свабодзе Сяргей Зікрацкі, які абараняе інтарэсы журналістаў. Ён сказаў, што падышоў да дзьвярэй офіса, прадставіўся, але яго не пусьцілі, бо сьледчыя дзеяньні пачаліся. Адвакат зьбіраецца чакаць на вуліцы пад дзьвярыма, спадзяецца дапамагчы журналістам.

Мікрааўтобус сілавікоў
Мікрааўтобус сілавікоў

Першы відэазапіс Тацяны Бублікавай

Другі відэазапіс Тацяны Бублікавай

Галоўная рэдактарка агенцтва Ірына Леўшына паведаміла, што ніхто з журналістаў, якія меліся быць у рэдакцыі ў гэты час, не выходзіць на сувязь. Леўшына паведаміла Свабодзе, што рэдакцыя працуе дыстанцыйна, яна ня мае кантактаў з калегамі ў офісе і накіроўваецца туды. Потым яна трапіла ў рэдакцыю, дзе былі іншыя журналісты і сілавікі.

Дырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў скідвае тэлефанаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG