Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не бывае ніякіх „лепшых часоў“». Што піша зь СІЗА мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве


Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў

Журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў больш за паўгода сядзіць на «Валадарцы». Ён піша ў лістах пра «дыстанцыйную працу» з цудоўным відам на сапраўдны замак, разважае пра «нармальнае жыцьцё» і пэрсанальную адказнасьць за агульныя наступствы.

Калегі і сябры Андрэя Аляксандрава падзяліліся са Свабодай фрагмэнтамі ягоных лістоў. Яны кажуць, што лісты Андрэя падымаюць ім настрой, «дабіваюць сваім талентам», заўжды пазытыўныя. Журналіст піша роўным акуратным почыркам, амаль друкаванымі літарамі. Часта падпісвае свае пасланьні проста «Аляксандраў».

У камэры ён шмат чытае, глядзіць дзяржаўнае тэлебачаньне і футбол, гатуе «прысмакі», адказвае на лісты, ходзіць на прагулкі, наколькі мага займаецца спортам.

«Які тут цудоўны від на самы сапраўдны замак!»

Зь ліста галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, сакавік 2021 году

«Жыцьцё паводле распарадку, прагулкі, кнігі, лісты. Стараюся рухацца, наколькі гэта магчыма. І лавіць веснавое сонца — яно прабіваецца нават сюды. А які тут цудоўны від на самы сапраўдны замак!

Сьледчы ізалятар № 1 ГУУС на вуліцы Валадарскага
Сьледчы ізалятар № 1 ГУУС на вуліцы Валадарскага

Агулам у мяне ўсё больш-менш: здаровы, бадзёры, настрой у парадку. Тэрмін майго ўтрыманьня пад вартай працягнулі да красавіка, так што проста чакаю — проста неяк усё „адпусьціў“, намагаюся напоўніць магчымымі асэнсаванымі дзеяньнямі свае дні.

Часам гатуем тут „прысмакі“ са зьмесьціва перадач і набытых на мясцовай „атаварцы“ прадуктаў — мясцовыя кулінары прымудраюцца рабіць нават шаўрму і торты. Агулам заняткі тут сабе знаходзім, ня журымся і падаць духам не зьбіраемся».

«За парфуму асобная рэакцыя»

Зь ліста журналістцы БелаПАН Тацяне Бублікавай, 5 сакавіка 2021 году

«Дзякуй табе за лісты. І за парфуму асобная рэакцыя: дадала ўжо яна пэрцэпцыйнай інфармацыі будзь здароў! Водар вельмі прыемны, а пасьля двух месяцаў пад замком у мужчынскай кампаніі — нават небясьпечны :-)

Дасылаю табе ў падтрымку ліст на аркушыку з катом. Лісты з катом вельмі дапамагаюць. Яны зараджаныя дабром, пазытывам і нежурботай (бывае ж такое слова, праўда?)

Ведаеш, я так разумею цябе з чаканьнем „нармальнага жыцьця“. У мяне нават верш такі быў: „Я не жыву, а нібыта існую (і нешта там...), нібы рыхтую я спробу другую, лепшую вэрсію мэга-жыцьця“.

Дык вось: а ты ня думаеш, што вось гэта вось усё і ёсьць нашае „нармальнае жыцьцё“? Ня будзе другой вэрсіі — быць моцнымі, сумленнымі і любіць на ўсю катушку людзей, якія даюць сэнс, і справу, у якую верыш, трэба ў гэтым вось адзіным нашым жыцьці. Яно ж цудоўнае.

Яркае сьвятло сонца прабіваецца нават праз турэмныя краты. І мы праб’ёмся. А пакуль — трымаемся».

«Ты ніколі ня будзеш адзін»

Зь ліста Андрэю Бастунцу, красавік 2021 году

«Неяк знайшліся нагоды бубнець сабе пад нос клюбны гімн „Лівэрпуля“ — „Ты ніколі ня будзеш адзін“. Словы падтрымкі зь лістоў прымушалі сьпяваць — круціць яго на сваім „унутраным радыё“, заглушаючы зьнешняе „Русское радио“. Дакруціўся да таго, што злавіў сябе на тым, што бубню па-беларуску. Выйшла крыху патасна — але ж гэта гімн, у мяне ўсяго толькі пераклад (не страляйце ў піяніста).

Калі пойдзеш праз шторм,
не схіляй галавы
і ня бойся ты цемры, сябрук!
Ведай: скончыцца шторм,
сьвежы неба блакіт
ахіне сваёй песьняй жаўрук!

Ідзі празь вятры
да сьвятла цераз ноч,
не спыняй сваё сэрца, ідзі!
З надзеяй у душы годна з мараю кроч —
ты ніколі ня будзеш адзін!
Ніколі ня будзеш адзін».

Андрэй Аляксандраў пераклаў за кратамі гімн ФК «Лівэрпуль» на беларускую мову
Андрэй Аляксандраў пераклаў за кратамі гімн ФК «Лівэрпуль» на беларускую мову

«Стараюся заставацца сабой і не сумаваць»

Зь ліста Ірыне Леўшынай, красавік 2021 году

«Стараюся заставацца сабой і не сумаваць. Навіны, канечне, бадзёраць, мякка кажучы. Уяўляю сабе, колькі ў вас там працы і колькі выклікаў „вылазіць“ штодня. І так рады бачыць у лістах добрую энэргію, гатоўнасьць працаваць і ні за што не спыняцца. Ні сэкунды не сумняваўся, што адказ на выклікі будзе менавіта такім.

У мяне ўсё стабільна. Радуюся, калі прыходзяць лісты — яны і кнігі цяпер складаюць зьмястоўную частку майго баўленьня часу. Вельмі не хапае добрай журналістыкі і спакойнай аналітыкі. А ў астатнім больш-менш усяго хапае.

Сонца сьвеціць, вясна на двары, сумленьне чыстае — жывём далей. Тым больш што ў сьвеце дакладна ёсьць „і сонца, і спагада, і надзея“ (радок зь верша Алеся Ліпая. — Ірына Леўшына). І жывуць яны ў людзях — добрых, моцных, разумных і прыгожых людзях, якіх так шмат. А значыць, усё будзе добра».

Андрэй Аляксандраў падчас журналісцкага фэсту «Бажынкі». 2010 год
Андрэй Аляксандраў падчас журналісцкага фэсту «Бажынкі». 2010 год

«Вашая праца цяпер надзвычай патрэбная»

Зь ліста Тацяне Бублікавай, 25 красавіка 2021 году

«Жыцьцё працягваецца, пакуль у ім ёсьць асэнсаваная і дзейсная зьмястоўная частка. Усё астатняе — дэталі ляндшафту і элемэнты дэкарацый.

Вашая праца цяпер надзвычай патрэбная і важная, магчыма, як ніколі. Пераконваюся ў гэтым штодня, калі гляджу навіны па цэнтральным тэлебачаньні. Так што беражыце здароўе і настрой.

Сын твой бясконца мае рацыю: нашае жыцьцё — гэта любоў. Любоў — да добрага, справядлівага, сапраўднага — дапамагае, асабліва ў моманты, калі ў сусьветах разрывы, калі эмоцыі перашкаджаюць думаць, калі навокал столькі страху і нянавісьці. А цяпер навокал усё больш вясны, а ўвесну любоў заўжды перамагае.

Ня стрымлівайце сябе, пішыце. Любім далей. Пішам далей. Усё будзе добра».

«Дабро, як і само жыцьцё, ня варта адкладаць на потым»

Зь ліста Ірыне Леўшынай, травень 2021 году

«Я ўсё роўна жыву зь вясновым настроем. А як сонца бліжэй да вечара, калі пачынае хіліцца да захаду, залівае яркім сьвятлом вежы нашага замка! Хацеў напісаць „бачыла б ты“ — але ж не, лепш проста павер на слова.

Лісты прыходзяць з розных краёў. Пісаць адказы — гэта цяпер галоўная і любімая праца. Так што я, як і вы, „працую дыстанцыйна“. І рады, што ў многіх лістах — добры, пазытыўны настрой. І шмат жыцьця ў многіх ягоных праявах, сапраўднага, нястрымнага, якое працягваецца.

І яшчэ ў лістах — вельмі-вельмі шмат добрага. Атрымліваю яго проста ў нейкім канцэнтраваным выглядзе, як вітаміны. Мне часам ад усіх добрых словаў становіцца няёмка — галоўным чынам ад асэнсаваньня таго, як мы ў нармальным жыцьці саромеемся добрых словаў, прызнаньняў у любові і захапленьня іншымі людзьмі, іхнымі ўчынкамі і дасягненьнямі, як быццам запасім іх на потым. А гэтае „потым“ часта надыходзіць зьнянацку — і чалавек ужо недзе далёка.

Я цяпер дакладна ведаю, што ня варта чакаць, пакуль адрасат добрых, важных спраў сыдзе ці хаця б сядзе ў турму. Дабро, як і само жыцьцё, ня варта адкладаць на потым. Не бывае ніякіх „лепшых часоў“, чым тыя, якія ёсьць у нас. А значыць, мы ўсе — шчасьлівыя людзі».

Зь ліста Андрэю Бастунцу, травень 2021 году

«Трымаемся. Дый увогуле, ты ж памятаеш: журыцца — ня ў нашых правілах. „Беларуская асацыяцыя футбалістаў“ проста так не здаецца».

Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Лівэрпуль»
Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Лівэрпуль»

«Мне спакойна на душы, бо я ведаю, што ўсё не дарма»

Зь ліста Ірыне, 29 чэрвеня 2021 году

«Вы не ўяўляеце, якую сумесь эмоцый выклікала ўва мне вашае пасланьне! І як я вам за яго ўдзячны. Ад кветкі, калі шчыра, проста клубок да горла падступіў... Але гэта добра, гэта значыць, што я жывы :-) І вельмі рады, што жыцьцё працягваецца. Тым больш што Ева вярнулася, гэта цудоўна! Я ня веру ў знакі, але раптам мне захацелася, каб гэта стала добрым знакам (або гэта мяне так вашая кветка разьмякчыла?:-) ).

Галоўнай крыніцай радасьцяў для мяне стаў тэлевізар — так што добрыя навіны зусім не перашкодзяць — для разнастайнасьці. У тэлевізары іх асабліва не сустрэнеш, а вось у лістах яны сустракаюцца, так што дасылайце яшчэ :-)

За паўгода, што я правёў па гэты бок плоту, даведаўся зь лістоў, што памёр калега, а ў другога нарадзілася дачка, у офісе агенцтва БелаПАН зрабілі рамонт, у бацькоў на лецішчы ўсё ўзышло і расьце, адна знаёмая разьвялася, а другая выходзіць з дэкрэту, людзі езьдзяць у Полацак і Салігорск, адкрываюць для сябе нашую цудоўную краіну. Самую лепшую, у якой жыве так шмат добрых, мужных, выдатных людзей.

І мне радасна ад таго, што я жыву разам зь імі, я ганаруся тым, што магу называць сябе беларускім журналістам, і мне спакойна на душы, бо я ведаю, што ўсё не дарма.

Перажываю за здароўе родных, для іх гэта ўсё моцны стрэс. Але часовыя непрыемнасьці маюць уласьцівасьць заканчвацца. Ня верыце — запытайцеся ў Евы :-) Яна так даўно, але так настойліва ідзе дадому, каб сказаць нам: дома лепш за ўсё, дом варты шляху.

Усё будзе добра! Шчыры вам дзякуй за падтрымку. Пішам далей».

«Сёньня адціснуўся 50 разоў за адзін падыход»

Зь ліста Ірыне Леўшынай, чэрвень 2021 году

«Што ж, сувязь ня толькі наладзілася, але яшчэ і паскорылася! І гэта хораша... Што няхораша, дык гэта вось усё з навінаў. Чакана, але ўсё роўна бязрадасна. І трывожыць тое, што канца-краю не відаць і будзе працягвацца. Таму сур’ёзна перажываю за вас.

Лета будзе сьпякотнае. Эпікрыз ужо відавочны і просты. Трэба ўсё гэта перажыць. Перажыць у нармальным стане. І кожны сам вызначае, што значыць „нармальны стан“, самастойна.

А ў мяне тым часам усё стабільна і бязь зьменаў. З навінаў: сёньня адціснуўся 50 разоў за адзін падыход. Перачытаў каторы ўжо раз „Майстра і Маргарыту“ (чартоўска боская кніга, абажаю яе), цяпер буду чытаць „Ківач Фуко“ Умбэрта Эка і біяграфію Джэфа Бэзаса (цікава, як становяцца самымі багатымі людзьмі ў сьвеце). Гэта ашаламляльна, хачу так умець, калі вырасту.

Дыстанцыйную працу зь відам на замак, канечне, я раней уяўляў крыху інакш. Але трэба быць адкрытым новаму. Успамінаю выраз з „Форэста Гампа“: „Жыцьцё — як скрыня з цукеркамі, ніколі ня ведаеш, якая табе трапіцца“. Напэўна, галоўнае пры гэтым — успрымаць усё, што б табе ні трапілася, як цукерку.

Вы ўсе вялікія малайцы. Пры нагодзе — мае самыя шчырыя словы падтрымкі і салідарнасьці з калегамі з TUT. Трэба перажыць гэты час, перажыць і не згубіцца, незалежна ад фармату „дыстанцыйнай працы“, зь вежачкамі ці без. Так што жывём далей, трымаемся і трымаем».

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна
Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна

«Перачытваю „Кампраміс“ Даўлатава»

Зь ліста Вользе, 1 ліпеня 2021 году

«Каты — гэта цудоўна. Але я ж у апошнія гады, уяўляеш, стаў сабакаводам. Зьявіўся ў мяне добры сябар, клічуць Тоні (у арыгінале Tawny — як партвэйн, ну а як інакш), нацыянальнасьцю — джэк-расэл-тэр’ер, характарам — махнаты ёлупень. Ужо пяць гадоў яму. Цяпер жыве „ў бабулі ў вёсцы“, клясыка жанру.

Гляджу футбол у тэлевізары, сачу за анамнэзам, чытаю кнігі. Столькі добрых кніг не чытана — не перачытана! Наганяю, цяпер для гэтага ёсьць, нарэшце, „вольны час“. Цяпер вось перачытваю „Кампраміс“ Даўлатава, узгадваю старыя часы працы ў рэдакцыі газэты, якая скончылася, пераезд у Менск і наш вясёлы БАЖ. І Віндзар, так. Нядаўна яго бачыў у тэлевізары. Трэба будзе зьезьдзіць».

«Рэжым — гэта мы ўсе»

Зь ліста Ірыне, 26 ліпеня 2021 году

«Вельмі ўсьцешаны быў атрымаць ваш ліст, дзякуй! Ён зноў са сьветлым сюрпрызам — раней ніколі ня думаў, што будзе так цёпла на душы ад выцінанкі :-)

Я вельмі люблю чытаць лісты, такія рэпартажы з нармальнага жыцьця — я іх яшчэ называю «альтэрнатыўным тэлебачаньнем» альбо «маім пэрсанальным Радыё Свабода», бо калі чытаю іх, то ўяўляю інтанацыі сяброў і калегаў ці візуалізую сабе ў галаве карцінкі з гэтых лістоў... Нармальнае такое «кіно» атрымліваецца :-) Нібыта сам зьезьдзіў.

Шмат маіх знаёмых, паколькі межы закрытыя, сёлета актыўна вандруюць па Беларусі. Атрымліваю багата лістоў са словамі шчырага захапленьня і рознымі «ваў!» — людзі адкрываюць для сябе родную краіну і праз гэта любяць яе ўсё мацней. Мяне гэта радуе.

Наш вялікі суайчыньнік Васіль Быкаў пісаў, чым нацыяналіст адрозьніваецца ад патрыёта: нацыяналіст ненавідзіць чужое, а патрыёт любіць сваё. Я ўпэўнены, што любоў і дабрыня мацнейшыя за нянавісьць і злосьць.

Я бачу ў нашай краіне шмат патрыётаў. І ўсьцешаны, што людзі ня проста любяць сваё, але дбаюць пра сваё, дзейнічаюць, каб абараніць сваё, і, галоўнае, усё болей думаюць, разважаюць і асэнсоўваюць тое, што з намі адбываецца; як мы як грамадзтва і як нацыя ўсе разам апынуліся там, дзе зараз; як нам перапрацаваць наш супольны досьвед — і натхняльны, і траўматычны — і куды рушыць далей.

І мне вельмі блізкія вашыя развагі пра індывідуальную адказнасьць за агульныя наступствы. Заўсёды пра гэта разважаў, нават выклікаў абурэньне часткі суайчыньнікаў сваім тэзісам «Рэжым — гэта мы ўсе», а цяпер, калі зьявілася столькі «вольнага» часу, думаю пра гэта яшчэ больш; пра тое, што я мог бы быць больш цярплівым і пераканаўчым, калі меў рацыю; пра тое, як зрабіць так, каб людзі чулі і верылі тым, хто разумны, а ня тым, хто гучны і папулярны; пра тое, каб рабіць эфэктыўнае, а ня «хоць нешта».

«І шляхам адвечным пацягнемся ў рай»

Верш Андрэя Аляксандрава, які ён даслаў Ірыне Леўшынай у ліпені 2021 году:

Тут лета і пекла. Жыцьцё ў адпачынку.
Навіны прыходзяць хутчэй за лісты.
Любоў у лістах, у навінах — Навінкі.
Зрываюцца пляны. Зрывае балты.

Кіно пра вайну. Батальёны на маршы.
Ляціць самалёт. Камісар кліча ў бой.
Тут пекла і так — але вораг наш страшны.
Палонных ня браць! Мы ваюем з сабой.

Сядай, калі ласка. Сядзі. Будзь як дома.
Такая сьпякота! Сядзі, пачакай.
Адпусьціць вайна і пякельная стома —
І шляхам адвечным пацягнемся ў рай.

Хто такі Андрэй Аляксандраў

Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

  • Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле.
  • Дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
  • У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
  • Вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.
  • Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.
  • У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у агенцтве мэдыякансультантам на дамове.
  • Андрэй любіць футбол (заўзее за «Лівэрпуль»), літаратуру, піша вершы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG