Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Андрэю Аляксандраву зноў прадоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай


Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота

Тэрмін утрыманьня пад вартай журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава падоўжаны на адзін месяц, паведаміў БелаПАН яго адвакат Антон Гашынскі.

Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расьсьледаваньня справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ў 2014–2018 гадах ён працаваў намесьнікам дырэктара.

Спачатку Аляксандрава абвінавацілі па частках 1 і 2 артыкула 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максымальны тэрмін утрыманьня пад вартай па гэтым артыкуле — 6 месяцаў, ён скончыўся сёньня, 12 ліпеня.

30 чэрвеня Аляксандраву прад’явілі новае абвінавачаньне — па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна «затрыманыя па падазрэньні ў фінансаваньні акцый пратэсту». Яны супрацоўнічалі з краўдфандынгавай плятформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам пратэстаў выплачваць штрафы. З 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў.

12 красавіка стала вядома, што ўпраўленьне СК па Менску завяло крымінальныя справы ў дачыненьні да заснавальнікаў ініцыятывы BY_help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле вэрсіі сьледзтва, перадавалі грошы Аляксандраву і Злобінай «для наступнага іх выкарыстаньня ў злачыннай дзейнасьці».

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што аплата штрафаў не зьяўляецца фінансаваньнем групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітвязьнямі.

У менскім СІЗА № 1 Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік як «асобы, схільныя да экстрэмізму».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG