Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз пару дзён споўніцца месяц як працэс ашмянскіх мытнікаў адкладзены на няпэўны час.

Пачатак ТУТ

Я спытаў у судовага журналіста, які шмат гадоў піша пра розныя працэсы, ці гэта звычайна?

– Так, бывае і болей, вядзецца судовае сьледзтва і ўсё залежыць ад аб’ёму экспэртыз.

– Але ў нас заяўленая толькі адна экспэртыза. На судзе мы паслухалі хвіліны тры тэлефоннай размовы, дзе адзін голас належыць нібыта Курневічу, Курневіч (ён сядзіць у клетцы) наадрэз адмовіўся, што гэта гаворыць ён, і судзьдзя прызначыў фанаграфічную экспэртызу.

– Тады не-е-е, – замахаў рукамі судовы журналіст. – Такая экспэртыза пры ўсёй бюракратыі робіцца максымум за тыдзень.

Сам сабе я так і думаў. Дакладней, у рэчаіснасьці робіцца яна максымум за адзін працоўны дзень, а тры хвіліны – дык і за якую гадзіну. Прынамсі, паглядзеўшы тэхналёгію, я б зрабіў за столькі. На сайтах арганізацыяў, дзе можна замовіць такую экспэртызу, даюцца тэрміны ад 7 да 10 дзён. Нарэшце, існуе «Інструкцыя аб парадку судовых экспэртыз», зацьверджаная Міністэрствам юстыцыі РБ, у якой вызначаны тэрмін – ня больш за адзін месяц (п. 14). Трэба меркаваць, калі не было ніякіх хадайніцтваў у часе экспэртызы, працэс ашмянскіх мытнікаў адновіцца літаральна гэтымі днямі, найпазьней у наступны панядзелак. А калі не?..

Можна, вядома, зьдзіўляцца, што аналіз трох хвілін тэлефоннай размовы расьцягнуты на максымальны тэрмін, вызначаны для бясконца больш складаных дасьледаваньняў. Можна зьдзіўляцца, што паўсотні ўдзельнікаў працэсу ўвесь гэты час займаюцца нечым іншым, атрымліваюць заробак, а пяцёра трацяць дні свайго жыцьця ў турме. А можна паверыць майму калегу судоваму журналісту, які кажа, што крымінальная справа шытая белымі ніткамі, якія павылазілі ў часе працэсу аж занадта відавочна і таму адказныя таварышы зараз з усіх сіл стараюцца выратаваць справу мытнікаў, знайсьці і сфабрыкаваць хоць што-небудзь супраць таго ж Юркойця, які два гады правёў у турме, а ўвесь доказ ягонай віны – мутныя паказаньні мытніка Чэпіна, які то перадаваў Алесю грошы, то не перадаваў і ўвогуле толькі «прадпалагае», што гэта былі грошы.

І тут прыходзіць час зьдзіўляцца іншаму – адкуль у нашых праваахоўнікаў такая жарсьць – пасадзіць любым коштам? Гэта што, у інтарэсах краіны, нацыі, дзяржавы? Ці, можа быць, гэта ў інтарэсах прафэсіі сьледчых, пракурораў, судзьдзяў?

Разумею, што злодзей павінен сядзець у турме. А калі ня злодзей? А калі віна ніяк не даказваецца? Ну, няма на чалавеку ніякіх плямаў і сам чалавек, як выглядае, прыстойны, і ўся ягоная біяграфія, усе характарыстыкі, усе, хто яго ведаў, сьведчаць, што сумленна служыў на сваім месцы ды яшчэ беззапаветна любіць сваю радзіму, свой край? І ўсё адно – пасадзіць? Гэтага не разумею.

Кажуць, як ты яго выпусьціш – людзі ж працавалі, цэлы апарат КДБ, пракуроры, судзьдзі, а міліцыі ў актавай залі – што пчол у вульлі, а турэмшчыкі, якія два гады сачылі, канваявалі, голас зрывалі… Цэлая армія народу! Праўда, сам бедалага абыходзіцца дзяржаве ўсяго каля ста баксаў на месяц, у 500 разоў таньней, чым Нарвэгіі абыходзіцца Брэйвік. Дык той жа 77 чалавек расстраляў, а наш ня тое, што не страляў, ня краў, а ўвогуле нічога такога ня тое што не рабіў, ня мог рабіць паводле прыроды сваёй. Таму так танна і сядзіць. Бо ні за што.

Нейкая перавернутая атрымліваецца матывацыя ў нашай правааховы – з ног на галаву. Здавалася б, чым больш апраўдальных прысудаў, тым лепш. Не пацьвердзілася віна прыстойнага чалавека, сапраўдны грамадзянін вяртаецца ў грамадзтва. Выдатна папрацавалі сьледчыя, пракуроры і судзьдзі, прафэсійна. Толькі выйгралі ад гэтага краіна, нацыя, дзяржава.

У прынцыпе і заканадаўства ў нас патрабуе гэтага, заахвочвае праваахоўнікаў глядзець у бок апраўданьня абвінавачанага, а не наадварот. Адкуль тады гэтае – пасадзіць любым коштам? На чым яно трымаецца?

Няўжо справа толькі ў грамадзкім клімаце. Чалавек чалавеку воўк? Але ж мы не такія. Дакладней, большасьць нас не такія. А тыя хто «пасадзіць любым коштам» у душы напэўна ж таксама лічаць сябе не такімі?

Беларусы ў прынцыпе начальствацэнтрычны народ. А тыя, што выбіліся ў начальства, часьцяком называюць сябе «государевы люді», не разумеючы, што не ўзвышаюць, а прыніжаюць сябе гэтым – рабалепствам. У выніку «пасадзіць любым коштам» працінае ўсё грамадзтва і становіцца важнейшым за гуманістычную прыроду чалавека. Вось што кіруе ў падобных працэсах, а не закон. Закон тут увогуле ні пры чым.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG