Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Як справа шылася


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Канцылярыт прыдумала бюракратыя — як дымавую завесу, за якой можна было б хаваць уласныя злачынствы і ўласную адказнасьць. Натуральна, справа сама сябе ня шые, яе шыюць канкрэтныя людзі.

Пачатак ТУТ

У зман уводзіць зваротная часьціца -ся — шыла сябе.

І тут для мяне вялікая загадка. Калі канцылярыт надаецца для бюракратыі, дык ці надаецца ён у судзе, ці можа дымавая завеса спрыяць высьвятленьню ісьціны?

Пракурор кажа: «Вы абвінавачваецеся…». Ды ні ў чым я не абвінавачваю сябе. Гэта ваша задача даказаць маю віну, калі яна ёсьць, а ня вешаць на мяне тое, чаго я ні сном, ні духам.

«Пераводзіўся на раўназначную пасаду» — сам сябе пераводзіў? «Затрымліваўся супрацоўнікамі КДБ» — проста арыштаваў сябе з дапамогай КДБ… Канцылярыт — вялізны набор прыблізнасьці, шматзначнасьці, невыразнасьці. Як такім інструмэнтам не затуманіць, а высьвеціць?

Пакуль суд над ашмянскімі мытнікамі толькі абвалаквае ўсё і ўся туманам гэтай крымінальнай справы. І я фармулюю для сябе пытаньне так — калі працэс замоўлены і прысуды ўжо расьпісаныя, значыць нішто тут так і ня выйдзе з густое смугі. Але ж хочацца верыць у высьвятленьне праўды.

Вось апыталі сьведкаў, якія нічога ня чулі, ня бачылі і ня ведаюць, і перайшлі да дасьледаваньня пісьмовых матэрыялаў. Усяго ў справе 38 тамоў. У сёньняшніх — уласна мытныя дакумэнты на фуры з кветкавай прадукцыяй.

Тут хаваецца адказ, чаму, напрыклад, Юркойцю інкрымінуюць атрыманьне 12,700 даляраў за «бесьперашкодны пропуск» 86 машын. Аўтар п’есы знайшоў тарыф — за адну такую машыну мытнік нібыта атрымліваў ад свайго начальніка 100 даляраў ці 150, калі гэта былі кветкі не ў гаршках, а рэзаныя. Пасьля ўзяў дакумэнты на ўсе машыны, якія належалі тым фірмам, якія нібыта плацілі хабар мытным начальнікам (а гэта 4-5 тысяч фур). Глядзеў па дакумэнтах, якія з гэтых машын афармляў Юркойць, памножыў і гатова. А той ні сном ні духам, што ён рабіў нейкія паслугі і атрымліваў нейкія грошы. Працаваў і працаваў.

П’еса п’есай, але ж гэта ўсё трэба даказаць. Ці мала што прыдумаў сабе драматург. Але ў мяне ўсё больш умацоўваецца ўражаньне, што тут, у судзе, гэта ўжо дадзенасьць. Бо так напісана ў абвінаваўчым заключэньні. І кропка. І што ня суд будзе даказваць віну падсудных, а цалкам наадварот — абвінавачаныя павінны даказаць, што ўсяго гэтага не было.

Юркойць маўчыць. На ягоным твары чытаю рашучае нежаданьне ўдзельнічаць у абсурдзе. У мяне, мабыць, тыя ж пачуцьці. Вось ты ўсё жыцьцё працаваў, рабіў мноства карысных для краіны справаў, а цябе пасадзілі ў клетку — дакажы, што не вярблюд. Ну ці для таго хіба на сьвет нарадзіўся?

Іншыя мытнікі ў клетцы, якія не прызналі за сабой віны, спрабуюць бараніцца. У агульнай колькасьці машын, якія нам інкрымінуюцца, шмат такіх, якія мы даглядалі і затрымлівалі на некалькі сутак. Хто б тут плаціў за «бесьперашкодны пропуск» і «паскоранае афармленьне». Называюць канкрэтныя эпізоды. Судзьдзя запісвае нумары машын: «Мы ўлічым».

Усё выглядае яшчэ больш абсурдна. Большасьць інкрымінаваных машын, калі не было парушэньняў, афармлялася без дагляду. Дык што — за іх грошы бралі? Ці проста выконвалі свае прафэсійныя абавязкі, пакуль драматург з КДБ не напісаў пра іх сваю п’есу і — увесь сьвет перавярнуўся.

Ох, разумею я, чаму Юркойць маўчыць.

Працэс робіць уражаньне прыблізнасьці і ў вялікім, пачынаючы з канцылярыту, і ў малым, калі бярэ пад увагу мутны агавор. Прыблізнае тут абсалютна ўсё.

Канкрэтныя толькі дні за кратамі, якія для Юркойця абяцаюць неўзабаве сабрацца ў цэлыя два гады.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG