Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Адвакат авакада


Алесь Юркойць

Адвакаты ў судзе ашмянскіх мытнікаў у масе сваёй не электрызуюць верай, што ісьціна будзе ўсталяваная.

Пачатак ТУТ

Вядома, у мяне ў галаве вобраз драйзэраўскага абаронцы – гарачага палеміста, які ўвесь час вяртае працэсу жалезную лёгіку і, адпаведна, сэнс. А падступна абвінавачаным і тым, хто ў залі – веру ў сябе і ў трыюмф справядлівасьці. Высокі суд, тут толькі палова праўды! Астатняя – вось тут!

Няма такіх адвакатаў. Цяжар веры ў трыюмф справядлівасьці нясуць толькі самі абвінавачаныя, якія не прызналі свае віны і цяпер змагаюцца за кожны факт, кожнае слова.

Адвакаты – як авакада, якое называюць расьлінным салам. Вэгетарыянскім. Што яны робяць на гэтай карыдзе?

Роля некаторых увогуле дзівакаватая. Калі твае падапечныя прызналіся ў хабарніцтве, што табе бараніць? За што змагацца? Каб скасьцілі год-два? Каб канфіскавалі ня ўсю маёмасьць? Неяк несалідна гэта ўсё. Адпушчаныя пад хатні арышт мытнікі абмяркоўваюць ранейшы прысуд нейкаму іхнаму калегу – далі шэсьць гадоў, адабралі толькі гараж і дачу. Здорава!

Нехта ў кулюары заўважыў, што для адвакатаў у сёньняшняй Беларусі – сыць. Іншы нехта дадаў – асабліва на такіх працэсах, як суд ашмянскіх мытнікаў. Цягнуцца яны доўга, абстрактна, значыць і даход будзе доўгі і адносна лёгкі.

У мяне пастаяннае адчуваньне, што адвакаты існуюць у той самай аўры, што і пракуроры і вось гэтыя адпушчаныя мытнікі. Гэта цёмная аўра, балотная, як куртка мытніка Чэпіна, які мутна сьведчыў супраць Юркойця.

Суд апытвае нібыта сьведак, але ў якасьці абвінавачаных. Гэта былыя работнікі мытні, пра якіх мы ні разу ня чулі. Яны прызналіся, што атрымлівалі і перадавалі грошы і называюць прозьвішчы, якіх мы таксама ні разу ня чулі. За выключэньнем начальнікаў. Але ж іх сьведчаньні ня тычацца нікога з 11 абвінавачаных у нашым судзе. Судзьдзя тлумачыць – гэта таму, што крымінальная справа заведзеная на групу. А групу па частках разглядаюць у чатырох менскіх судах.

Здаецца, мы ўваходзім у зону глыбокага туману, дзе павінны канчаткова растварыцца «лішнія» факты і сама праўда зь юстыцыяй, якая з лаціны перакладаецца як справядлівасьць.

Судзьдзя – абвінавачанаму-сьведку нейкаму Мышуку: Калі вам давалі грошы за нечарговае афармленьне машын з кветкамі, а «скарапорт», у тым ліку кветкі, афармляецца нечаргова паводле закону, дык вам давалі за нечарговае – адносна чаго?

– Не магу сказаць.

Ды што я ўсё – праўда ды справядлівасьць. Старамодныя словы, амэрыканскія. Якая к чорту справядлівасьць, чаму я ўзяў сабе ў галаву, што вынікі судоў у нас павінны адрозьнівацца ад вынікаў выбараў, напрыклад? Улада ж адна. Няма ніякага падзелу на заканадаўчую, выканаўчую, судовую і чацьвертую. Дэ факта няма.

Адзін адвакат, ня ведаю чый, на маё пытаньне «Скажыце, а што тут робяць гэтыя дзіўныя абвінавачаныя, якіх дапытваюць як сьведак і зусім не пра наш працэс?», адказаў высакамернай усьмешкай: «Знаеш, я сам былы палкоўнік. І тады б я табе адказаў адным словам: усё гэта – х...ня».

Даходліва.

Быццам бы сам апынуўся на хвілю ў той цёмнай аўры хлусьні, тыцнуў відэльцам у расьліннае сала – авакада.

Адваката нібы й не існуе для публікі, калі ён нічога не тлумачыць, не дае пазытыўнага прагнозу (хай сабе той і ня зьдзейсьніцца, але я буду біцца за такі вось вынік), не заклікае на дапамогу тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачанага. Што нам зрабіць? Як паспрыяць? Якую яшчэ паперу арганізаваць?..

Цішыня на Іванькаўскіх могілках.

Пакідаю ўсё ж надзею, што адвакаты ажывуць у іншым акце спэктаклю, і ім перадасца бляск уваччу іхных падабаронных. Маю на ўвазе тых, хто ў клетцы, хто не нагаварыў ні на сябе, ні на іншых.

Пракурор зачытвае пісьмовыя матэрыялы справы. Агляд кватэры Сарумянца. Ён начальнік, яго судзяць у іншым судзе. Але вось гэты ўжо вядомы факт у двукосьсях: пад ваннай знайшлі каля двух мільёнаў даляраў.

У мяне чарговы раз уражаньне, што ў КДБ, дзе фармавалі справу «арганізаванай злачыннай групы» мытнікаў, хацелі ня толькі іх чым мацней пакараць, але і зрабіць зь іх на ўвесь сьвет ідыётаў. Маўляў, ня толькі грошы бралі, але і падстаўляліся максымальна. І фактаў такіх самападставаў, пачынаючы ад перадачы баксаў на тэрыторыі мытні і сканчаючы гэтымі мільёнамі, процьма. Уся ашмянская мытня, паводле гэтай справы, зборышча неадэкватаў.

Мільён пад ваннай... Ад якой лёгікі скакаць, каб у гэта паверыць? Ад залатога батона Януковіча? Ад падпольнага мільянэра Карэйкі? Але першы ўяўляў сябе царом, а другі проста ня меў магчымасьці прыстроіць накрадзеныя мільёны, чакаў зьмены ладу. І паколькі Сарумянц ня першы і не другі, таму выснова, на якую наводзіць нас КДБ – чалавек у прынцыпе ня ведае, што такое грошы і як імі распараджацца. Чалавек з інтэлектам жука-скарабея.

Нічога дзіўнага, што абвінавачаныя ціснуць на жаласьць. У каго што. У Нагорскага цэлая гісторыя хваробы і хадайніцтва працоўнага калектыву, дзе ён цяпер уладкаваўся. У Бабровіча – прэміі і падзякі. У Тадэвуша Тадэвушавіча Высоцкага цэлы стос Ганаровых грамат, дадзеных калгасу «Сьвітанак» за добрыя надоі і прывагі. Рэч у тым, што да мытні Высоцкі працаваў старшынём гэтага калгасу.

З матэрыялаў Алеся Юркойця – расказалі пра трох маленькіх дачок, пра дом, дзе ён жыве і пра тое, што там знайшлі падчас ператрусу. І пра тое, што нічога ў тых рэчах, што магло б мець дачыненьне да справы, ня выяўлена.

Застаюцца толькі паказаньні Чэпіна, які нібыта перадаваў Алесю грошы 3-4 разы.

– Дык тры ці чатыры, – пытаецца адвакат. Чэпін: – Я помню пра тры. – А чаму тады сказалі 3-4? – Сьледчы спытаўся 3-4 ці 7-8? Я выбраў 3-4.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG