Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Ленін сказаў дзяліцца


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

На судзе пачалася драматургія. Допыт падсудных для мяне – нагода разгледзець, чым Алесь Юркойць адрозьніваецца ад сваіх калег-мытнікаў.

Чалавек, які 15 гадоў адпрацаваў на мытні, вылучаецца ня толькі прынцыповай беларускай мовай, колам інтарэсаў па-за працай ды вясёлым бляскам уваччу. Ён не прывязаны да гэтага суду, да гэтага дня, да свайго часу. Дамагчыся праўды, справядлівага прысуду для яго важней, чым вытаргаваць сабе год ці два свабоды. Чалавек, які ставіць помнік паўстанцам Каліноўскага, усталёўвае шыльду паэту Казімеру Сваяку, чытае краязнаўчыя лекцыі дзецям, жыве ў сьвеце каштоўнасьцяў, а ня баксаў і гіпэрмаркетаў. Чалавек, у адрозьненьне ад іншых, з высокаю зоркай.

Гэтым разам прыйшлі «за Юркойця» мастакі Кастусь Качан і Алесь Суша, сацыёляг і вандроўнік Мікола Кацук…

Допыт пачынаецца адразу з гамлетаўскай жарсьці. Мытнік Лапейка, мажны ладнага веку мужчына, на сьледзтве адмаўляў сваю віну, а тут раптам прызнаў, што на працягу пяці гадоў атрымліваў ад сваіх начальнікаў грошы за афармленьне фураў з кветкамі. Праўда, гэтая драма часта выглядае сьмешна.

Вы бралі грошы ад начальніка? – Так. – І раздавалі іншым мытнікам? – Так (называюцца прозьвішчы). – Грошы былі загорнутыя ў паперу? – Так. – Даляры? – Так. – А адкуль вы ведаеце, што гэта былі даляры і ўвогуле грошы? – Затрудняюсь атвеціць.

Так адна за адной павісаюць «інтрыгі». Ня памятаю, ня ведаю, не разумею.

Тонкі аналітык Кацук разважае пра сытуацыю: На Лапейку банальна націснулі. Жонка не працуе, трое дзяцей: два непаўналетнія і старэйшы інвалід. Сказалі: пакажаш, што перадаваў таму і таму, а пра ўсё астатняе кажы – ня знаю, ня помню. Ну і скасьцім табе тады крыху. Прынамсі, зьменім меру. Лапейка цяпер пад падпіскай, прыходзіць у суд сам.

Юркойць пытаецца ў Лапейкі: Ці мог інспэктар, які бярэ ў начальніка грошы на працягу пяці гадоў, не здагадвацца пра існаваньне злачыннай групы, калі б такая была? – Не разумею пытаньня.

А па-мойму, яно рытарычнае.

Вось яшчэ чым адрозьніваецца Юркойць ад таго ж Лапейкі – умее мысьліць абстрактна і ведае цану абстрактнаму думаньню, якое часта шмат важнейшае за канкрэтнае.

Абвінавачаныя мытнікі, тыя, што пад падпіскай, кураць у перапынку. Тут яны ня скутыя, а гаваркія. Пасьмейваюцца з фармулёвак у судзе. Бесьперашкодны пропуск машын – што гэта такое? Заехала фура на мытню – ужо перашкода.

Карупцыйная схема, якую агучыла пракуратура, простая. Хоць і не такая простая, як усе думаюць – маўляў, сунуў вадзіла інспэктару паперку. Тут усё наадварот. Мытнікі, нібыта, атрымлівалі грошы ад сваіх начальнікаў, а тыя недзе на выезьдзе бралі ў фірмачоў, якія празь Літву гналі эўразьвязаўскія кветкі ў Расею і Казахстан. Уяўляеце маштабы гэтага патоку?

Не магу толькі зразумець, навошта начальнікі давалі грошы інспэктарам? Таму што, як казалі ў нас у дзіцячым садку, «Ленін сказаў дзяліцца»? Іншых рэзонаў папросту не відаць.

Тут важна, што мытнікі афармлялі машыны з кветкамі так, як і ўсе машыны з таварам, які хутка псуецца, гэта значыць, па поўнай праграме. І ніяк не маглі паўплываць на працэс «паскоранага», «бесьперашкоднага» праходжаньня мяжы. Дык за што тады грошы?

З другога боку, калі начальнік атрымлівае ад фірмача сотні тысяч баксаў за спрыяньне на мяжы, ён ня будзе даваць грошы падначаленым і таму што навошта, за што, сабе даражэй, і таму, каб лішне не сьвяціцца. А яшчэ, выходзіць, начальнік без усякае патрэбы сваімі рукамі стварае «арганізаваную злачынную групу», шматкроць павялічваючы сваю віну. Хапануў – жыруй ціхенька. Машыны будуць ісьці як ішлі. У такім сьвятле выплаты мытнікам ды яшчэ далярамі, ды яшчэ проста на тэрыторыі мытні, выглядаюць на самагубства з адваротнай матывацыяй.

Яны што, дурныя? Ці гэтага ўсяго ўвогуле не было?

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG