Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Дуга Струвэ і ахвяры рунэту


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Пакуль у судзе ашмянскіх мытнікаў перапынак, а Алесь Юркойць па-ранейшаму ўтрымліваецца ў турме, я пераглядаю ў сеціве зьвесткі пра ягоную дзейнасьць.

Пачатак ТУТ

Разумею, што гэта не аргумэнты ў судзе. Разумею таксама, што дзе-небудзь у Швэцыі ці нават у суседняй Літве суд абавязкова ўлічыў бы гэта, прынамсі, прыгледзеўся б да асобы «злачынцы». Бо ў адрозьненьне ад нашага постсавецкага суду, там няма панятку «сацыяльна блізкага» і «сацыяльна чужога». Усё, што тычыцца беларушчыны, культуры, асьветы, інтэлекту ўвогуле для гэтых судзьдзяў, пракурораў, ахоўнікаў ня толькі не існуе, яно ім — сацыяльна чужое.

Як такое магчыма ў эпоху інтэрнэту? Аказваецца, магчыма. Наўрад ці яны зазіраюць у беларускае сеціва, а значыць, нічога пра Юркойця ведаць ня могуць.

Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая кажа мне: ды яны сядзяць у рунэце і ніколі шырэй не вылазяць. А рунэт толькі абмяжоўвае кругагляд чалавека. Ён забывае ўрэшце, што ён беларус і што сьвет увогуле — шырокі. І такі чалавек, як Юркойць, ім незразумелы, што ў катэгорыях рунэту значыць — варожы. Яны ня здольныя ня толькі ацаніць плён ягонае дзейнасьці, а нават проста ўспрымаць гэта. Для іх гэта — непатрэбшчына.

Краязнаўца адшукаў пункт Дугі Струвэ

Тое, чаго не ўдавалася навукоўцам, атрымалася ў краязнаўца: жыхар Варнян на Астравеччыне адшукаў самы паўночны на тэрыторыі Беларусі пункт геадэзічнай Дугі Струвэ.

Алесь Юркойць — мытнік, але мноства людзей ведаюць яго ў іншай іпастасі — ён захоплены краязнаўца. Дзесяць гадоў таму ён зрабіў першую спробу адшукаць на тэрыторыі раёну геадэзічны пункт Дугі Струвэ «Конрады». Так пункт названы ва ўсіх дакумэнтах.

Як вядома, геадэзічная Дуга Струвэ пачынаецца каля нарвэжскага мысу Норд-Кап і сканчаецца каля вёскі Старая Някрасаўка недалёка ад Дунаю. Яна праходзіць па тэрыторыі дзесяці краін, у тым ліку Беларусі. 34 з 258 трыангуляцыйных пунктаў, месцазнаходжаньне якіх вядомае, уключаныя ў Сьпіс аб’ектаў Сусьветнае спадчыны. На тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзіцца 31 пункт. У 2001 годзе Дзяржкамітэт зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі даручыў РУП «Белаэракасмагеадэзія» адшукаць і дасьледаваць пункты Дугі Струвэ на тэрыторыі Беларусі. Усяго такіх пунктаў знайшлі 19. Варнянскі краязнаўца Алесь Юркойць знайшоў дваццаты — самы паўночны ў краіне.

— Звычайна пункты Дугі Струвэ абазначалі паводле назвы населенага пункту, каля якога яны знаходзяцца, — распавядае Алесь Юркойць. — У дакумэнтах пункт называецца «Конрады», а я знайшоў вёску Кондраты. Тады, дзесяць гадоў таму, яна была жылой — там жылі тры чалавекі. Цяпер у Кондратах засталіся толькі будынкі, больш там ніхто не жыве. А тады я разгаварыўся са старой жыхаркай вёскі, і яна сказала, што пункт, магчыма, трэба шукаць бліжэй да хутара Камароўшчына. Але ж у дакумэнтах Конрады, таму я і засумняваўся. Ды і як шукаць у чыстым полі тое, што схавана пад зямлёй?

Але ўпартае жаданьне знайсьці пункт не пакідала Алеся дзесяць гадоў. А нядаўна ён знайшоў у інтэрнэце старую мапу з дакладнымі геаграфічнымі каардынатамі пункту «Конрады» і адразу выправіўся на пошукі.

— З сабой запрасіў пляменьніцу, сябра і карэспандэнта раённай газэты, — працягвае расповед Алесь. — На дзіва, доўга шукаць не прыйшлося. Гэта аказаўся самы высокі пагорак побач з былым хутарам Камароўшчына — цяпер пра хутар нагадваюць толькі старыя дрэвы ды абломкі фундамэнтаў. Адзначаны на картах пункт аказаўся на вышыні 278 мэтраў над узроўнем мора, пад жалезнай вежай-«матрошкай»: унутры самай высокай вежы разьмешчаная яшчэ адна, потым яшчэ адна, меншая. На гэтым месцы і сталі капаць. На глыбіні прыкладна 20 сантымэтраў знайшлі бэтонны куб с крыжам і лацінскімі літарамі «st» — такія пазнакі (яны азначалі «пункт трыангуляцыйны») рабілі на бэтонных кубах Дугі Струвэ. Праўда, куб не зусім адпавядае памерам тых знакаў, таму я мяркую, што гэты куб усталявалі ў 20-30 гады мінулага стагодзьдзя наўзамен ранейшага, які прыйшоў у нягоднасьць.

Алесь Юркойць мае дзьве вышэйшыя адукацыі — геаграфічную і юрыдычную. Але ў ведах не саступіць ні дыплянаванаму гісторыку, ні філёлягу. Гэты мытнік — унівэрсальны гуманітарый.

Вучыце родную мову

Круглы стол у рэдакцыі «Астравецкай праўды»

Алесь Юркойць:

— Калі ацэньваць сёньняшні стан беларускай мовы, то трэба прызнаць, што ён блізкі да катастрафічнага. І гэта не маё асабістае меркаваньне, гэта — высновы дасьледаваньняў міжнародных інстытутаў мовазнаўства, якія адносяць беларускую мову да катэгорыі зьнікаючых. І калі бачыш, што беларускай мовай — заўважце: дзяржаўнай мовай! — практычна не карыстаюцца ні ў паўсядзённым, ні ў грамадзкім жыцьці, ні ў дзяржаўных установах, з гэтымі невясёлымі высновамі міжволі вымушаны пагадзіцца.

Пытаньне, чаму так адбылося — на мой погляд, занадта шырокае і глыбокае, каб сёньня яго абмяркоўваць. Тут — цэлы букет розных прычын. Дастаткова сказаць, што на працягу 20-га стагодзьдзя прайшлі тры хвалі беларусізацыі, і даволі пасьпяховыя — якія, тым ня менш, не прынесьлі канчатковага станоўчага выніку. Можна ўзгадаць 20-я гады мінулага стагодзьдзя, калі быў створаны Інбелкульт, на базе якога затым была арганізаваная Нацыянальная акадэмія навук. Выкладаньне ў вышэйшых навучальных установах у тыя гады вялося па-беларуску — і ні для студэнтаў, ні для выкладчыкаў, якія прыяжджалі ў Беларусь зь іншых краін і пасьпяхова авалодвалі беларускай мовай, гэта не стварала цяжкасьцяў. Былі распрацаваныя беларускія слоўнікі для перакладу тэрмінаў і паняцьцяў усіх дакладных навук — фізыкі, хіміі, матэматыкі і іншых, і імі пасьпяхова карысталіся. А сёньня адным з асноўных аргумэнтаў праціўнікаў беларусізацыі зьяўляецца немагчымасьць ці складанасьць перакладу навуковых і іншых спэцыяльных тэрмінаў у дакладных і прыкладных навуках. Чамусьці ў іншых краінах — той жа Украіне, да прыкладу, — гэта не ўяўляе цяжкасьці, а ў Беларусі — ну проста немагчыма!

Асноўная прычына такога стану беларускай мовы, на мой погляд, хаваецца ў нацыянальным гістарычным бяспамяцтве, у нашай хвалёнай талерантнасьці: нам жа так боязна некага пакрыўдзіць, паставіць у няёмкае становішча, загаварыўшы па-беларуску: а раптам чалавек не зразумее ці падумае пра нас нешта нядобрае? Нам нашмат прасьцей паставіць у няёмкае становішча сябе: мы ж прывыклі ў ім знаходзіцца…

Алесь Юркойць:

— Каб гэтыя курсы мелі посьпех, мы павінны, я лічу, прытрымлівацца трох асноўных правілаў. Па-першае, ніхто нікога не павінен прымушаць станавіцца іх удзельнікам — тут я поўнасьцю згодзен зь Віктарам Зьбігневічам, бо ўсё, што робіцца пад прымусам, выклікае непрыняцьце. Не зьяўляецца асноўнай задачай сабраць як мага больш людзей — галоўнае, каб кожнаму, хто прыйшоў, было цікава.

Другое — гэтыя курсы павінны быць абсалютна апалітычнымі, бо гэта мы таксама праходзілі, калі людзей адно за тое, што яны гаварылі па-беларуску, прылічвалі да апазыцыі.

І трэцяе і, магчыма, самае галоўнае: на гэтых курсах чалавек павінен адчуваць сябе свабодна і разьняволена, каб не было ніякіх насьмешак, калі нехта нешта сказаў няправільна — мы ўсе толькі вучымся.

Галоўнае, паўтаруся, каб усім было цікава — і калі мы вытрымаем гэтыя тры ўмовы, то ў нас усё атрымаецца — да агульнай карысьці!

Гаворка ідзе пра курсы «Мова нанова» ў Астраўцы, якія зладзіў Алесь Юркойць разам зь сябрамі. Працягваць курсы давялося ў судзе і тут без прымусу не абышлося. Ня думаю, што рускамоўны пракурор пісаў і чытаў Юркойцеву частку абвінаваўчага заключэньня з уласнае ініцыятывы і зь вялікай радасьцю. Але чытаў чыста.

Што памятаюць пра род Сволкен жыхары Астравеччыны?

Даўным-даўно ў беларускай глушы жыла-была прыгажуня.

Насамрэч гэта далёка ня казка, а гісторыя швэдзкага роду Сволкен, які пусьціў карані ў беларускай зямлі. У фатальным для Заходняй Беларусі 1939 годзе апошнія Сволкены выехалі на Захад. А іх продкі дагэтуль ляжаць у Астравецкай зямлі. «АиФ» наведаў «швэдзкі куток» Беларусі, дзе дагэтуль стаіць капліца, пабудаваная беларускімі швэдамі.

У пачатку ХІХ стагодзьдзя вядомы сваімі прыроднымі багацьцямі беларускі край прыцягваў замежных прадпрымальнікаў. Па якасны і, напэўна, танны лес прыяжджаў у першай палове ХІХ стагодзьдзя ў Віленскую губэрню швэд Ігнаці Сволкен. Тут ён сустрэў Міхаліну Кучэўскую, дачку свайго кампаньёна — мясцовага магната. Сволкен доўга не чакаў і прапанаваў Міхаліне руку і сэрца. Бацька Міхаліны таксама доўга не чакаў — і пасьпяшаўся даць дачцэ ў пасаг 500 гектараў лесу і сядзібу Шайкуны ў гэтым самым лесе. Вясельле згулялі, Міхаліна зацяжарала, нараджаць паехала ў Швэцыю. Але пасьля няўдалых родаў ні маці, ні дзіця ня выжылі. Памерлае дзіця Ігнаці падмяніў на іншага — свайго, але ад пакаёўкі. Разьятраны такой справай бацька Міхаліны хацеў адсудзіць у швэда зямлю назад. Але так і не дамогся справядлівасьці і пракляў род іншаземца. «Твае косткі і косткі тваіх нашчадкаў ніколі ня знойдуць спакою», — прарочыў Кучэўскі.

Дабрацца да сядзібы Сволкенаў у Астравецкім раёне самастойна ня ўдасца. Нават з мапай у руках і падрабязнымі паказаньнямі знайсьці згублены ў лесе маёнтак ня проста. Мясцовы краязнаўца Алесь Юркойць, які як ніхто іншы ведае сьцежкі Астравеччыны, паказаў шлях ад бліжэйшай вёскі Клюшчаны да закінутага маёнтку Шайкуны. Некалі сюды вялі тапалёвыя прысады. Адзінае, што здолела ацалець, ня гледзячы на савецкую палітыку атэізму, — капліца, збудаваная Ігнаціем Сволкенам у 1840 годзе ў памяць пра памерлую жонку Міхаліну. Капліца служыла фамільнай усыпальніцай. А пасьля прыходу Саветаў, быццам у пацьверджаньне легенды, труны ня раз выцягвалі, косткі раскідалі…

Ясна, што гэтымі прыкладамі не вычэрпваецца маштаб дзейнасьці Алеся Юркойця. Маштаб неверагодны — ад вывучэньня зямнога мэрыдыяна да лёсу беларускай мовы і закінутай ў гушчары каплічкі.

Не вычэрпваецца ён і цытатай з папулярнага пісьменьніка Віктара Марціновіча:

Пад'ёмны мост сядзібы Абрамовічаў, роўна як і вежу ў Варнянах, адрэстаўраваў на свае грошы мясцовы краязнаўца Алесь Юркойць. Юркойць — легенда. Адзіны ў сусьвеце беларускамоўны мытнік. Асабіста знайшоў самы паўночны пункт дугі Струвэ ў Беларусі, па дакумэнтах і старых картах. Ладзіў паэтычныя фэстывалі, прывозіў мастакоў, сябраваў зь пісьменьнікамі. Выступаў супраць узьвядзеньня АЭС у Астраўцы, даказваў, што знайшоў у архівах сьведчаньні таго, што тут быў самы моцны ў Беларусі землятрус. Вось ужо паўгода Юркойць у турме — яго ўзялі па справе мытнікаў. У ліку іншых дваццаці. Гэта Беларусь, дзетка. На радзіму ня скардзяцца. Радзіму не выбіраюць».

Было паўгода, а неўзабаве будзе два. Два гады, як на Астравеччыне Юркойцем не працуе ніхто, калі ўся ягоная дзейнасьць гвалтам спыненая. Калі не працуе асьветнік, край пагружаецца ў цемру.

На мяжы зь Літвой знойдзены старажытны камень зь пісьмёнамі

Камень заўважылі памежнікі мабільнай пагранзаставы ў Астравецкім раёне. І адразу ж патэлефанавалі Аляксандру Юркойцю, бо аднойчы ён зьвяртаўся да іх па дазвол – на пошук гэтых камянёў. Супрацоўнік мытні жыхар вёскі Варняны Алесь Юркойць пастаянна вывучае гісторыю роднага краю. З дазволу памежнікаў Алесь пабываў на месцы.

– Пра існаваньне такіх камянёў я ведаў даўно – нават у савецкія часы, калі не было мяжы паміж Літвой і Беларусьсю, расказвалі пра пятнаццаць вялікіх незвычайных валуноў на гэтым месцы, – кажа Алесь. – Першую спробу адшукаць іх я зрабіў восем гадоў таму. Тады пра іх існаваньне мне распавёў мясцовы лясьнік – сказаў, што на свае вочы бачыў. Праўда, тады мне давялося браць дазвол на пошукі ў памежнікаў – праз гэтае месца пралягла мяжа. Тым разам гаворка ішла пра сем-восем вялікіх камянёў. І тады мы нічога не знайшлі – шукалі летам, трава была высокая. А вось зараз адзін камень знайшлі пры аглядзе мяжы памежнікі. Яны патэлефанавалі мне – начальнік мабільнай пагранзаставы капітан Іван Сяргееў дапамог аформіць дазвол, мне дапамаглі наведаць знаходку і сфатаграфаваць яе.

– Што сабой уяўляе знаходка?

– Гэта камень пірамідальнай формы з выбітымі на ім наўскос трыма крыжамі. І ніякіх надпісаў. Акрамя гэтага, больш камянёў мы не знайшлі.

– Як лічыце, што гэта за камень?

– Вэрсіяў у мяне некалькі. Калі лясьнік не памыліўся і такіх камянёў было раней шмат, то можна меркаваць пра могілкі позьняга сярэднявечча – 17-18, але не пазьней за 19 стагодзьдзе. Можа быць, могільнік ваенны, бо вялікіх паселішчаў тут не было. Калі ж камень адзін, то гэта можа адзін з тых камянёў, якія ставілі пры дарозе. У сярэднія вякі тут праходзіла дарога зь Вільні на Быстрыцу, якая ў тыя часы была досыць вялікім паселішчам і мела свой мытны пункт. Так ці інакш, але трэба дасьледаваць і вывучаць. Вядома, ідэальна было б тут правесьці археалягічныя раскопкі, тады б аказалася, могільнік гэта ці не. Але зрабіць гэта складана – камень жа знаходзіцца на самай мяжы, хоць і з нашага боку. Пакуль я шукаю інфармацыю і пра камяні ўвогуле, і пра гэты, што знайшоўся ў нашым краі. Але тое, што камень унікальны і за ім хаваецца нейкая гісторыя, не падлягае сумневу.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG