Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. 5 пытаньняў пра несправядлівасьць


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Шмат разоў і шмат ад каго я чуў, што працэс ашмянскіх мытнікаў ня можа скончыцца справядлівым рашэньнем: «Ты ж ведаеш, якая ў нас дзяржава».

Пачатак ТУТ

Зь іншага боку, пішуцца пазытыўныя тэксты пра тое, што ў сучаснай Беларусі ёсьць перавагі над іншымі краінамі, напрыклад, добра працуюць сацыяльныя ліфты.

Парадокс? Нешта адно тут павінна быць памылкай або сыстэмай.

Мы жывем не пры Сталіне, калі, як у тым анэкдоце, усе ехалі ў трамваі – адны сядзелі, другія трэсьліся. Калі ўсе цераз аднаго пісалі даносы. Няма такой сыстэмы, каб жыцьцё чалавека было нікчэмным у параўнаньні зь веліччу дзяржавы, ідэі, правадыра. Дый людзі мы даўно не савецкія, цяперашняе пакаленьне чыноўнікаў, мабыць, і ня ведае, што такое жалезная заслона, недаступнасьць інфармацыі і што за даляры ў кішэні можна было атрымаць турму. Не відаць у нас цэлага пакаленьня «рамантыкаў Лукашэнкі», гатовых зь ягоным імем у сэрцы загінуць або забіць.

У нас нармальныя людзі – з нармальным уяўленьнем пра дабро і зло. І ў нас ненармальная сыстэма, якая дазваляе і нават заахвочвае караць невінаватага, ігнараваць закон. Інакш кажучы, калі сьледчы КДБ, пракурор або судзьдзя выконваюць загад зьверху ці загад уласнае інтуіцыі – пасадзіць невінаватага ў турму – яны тым самым трапляюць у сацыяльны ліфт, які едзе па лёсах невінаватых людзей. Кадэбіст круціць дзірачку ў пагонах, пракурор становіцца начальнікам пракурораў, а судзьдзя ўзьлятае на чарговы паверх судовае ерархіі. Банальны кар’ерызм?

Лукашэнка сапраўды стварыў сыстэму татальна залежных службовых асобаў, але мы жывем ня ў тым сьвеце, дзе ад самога чыноўніка не залежыць нічога. Ну, вось нехта мне кажа: ведаеш, і ў КДБ ёсьць прыстойныя людзі, там не дурні сядзяць, а прафэсіяналы. Ды й зьнешне гэтыя сьледчыя, судзьдзі і пракуроры нічым не нагадваюць драўляных салдат Урфіна Джуса.

Як сумясьціць такую татальную перакананасьць у несправядлівасьці судоў з татальнай надзеяй народа (і тых жа судзьдзяў з пракурорамі) на справядлівасьць нашага агульнага жыцьця? Хіба нешта ў нашых думках, у калектыўнай сьвядомасьці, а нават у дзяржаўнай ідэалёгіі падштурхоўвае нас да несправядлівых рашэньняў? Не. Тады дзе крыніца гэтага імкненьня да несправядлівасьці? У калектыўным падсьвядомым? У мэнталітэце? У мімалётнай сытуацыі? У волі «дрэннага начальства»? У чалавечай дурасьці?

Але ніколі не культывавалася ў нас у народзе ўсё гэта. Дурасьці хапала заўсёды, але найперш не ў КДБ, не ў пракуратуры, не ў судзе. Што да выслужлівасьці, кар’ерызму, прадажнага сумленьня, драпежніцтва, імкненьня задушыць бліжняга, абыякавасьці да таго, каго ты топчаш… Скуль гэта ўсё, кім сеецца, у кім узыходзіць?

Дэнацыяналізацыя? Магчыма, тут справа ў тым, што мытнікі афармляюць машыны не ў Беларусь, а на тэрыторыю мытнага саюзу? – яны самі так кажуць. А сьледчыя, пракуроры і судзьдзі таксама, як і тыя, каго яны судзяць, не пачуваюцца адным народам, беларусамі, а ў большай ступені – бязродныя «тоже русские» (яны ж некалі «тоже поляки», «тоже литовцы», славяне, праваслаўныя…), тутэйшыя?

Але нават калі так, усё адно не культывуецца ў беларускіх сем’ях, школах, тусоўках несправядлівасьць. Прынамсі ў такіх маштабах, каб гэта было зьявай. І ня так шмат сустракаў я людзей, якія сьвядома душылі бліжняга. І ў аснове гэтага заўсёды была неадэкватнасьць, непадобнасьць на ўсіх, на тое, як трэба.

Аднойчы мяне як рэдактара газэты выклікалі ў генэральную пракуратуру. У кабінэце сьледчага вісеў партрэт Сталіна. Было гэта гадоў 20 таму, сьледчы быў шмат старэйшы за мяне і было ясна, што размовы не атрымаецца. Гэта як размаўляць з баевіком Ісламскай дзяржавы. Хіба за часы Лукашэнкі ў нас вырасла такое пакаленьне вернікаў ва ўладу, што гатовыя ахвяраваць уласным інтэлектам і прынцыпамі гуманізму, каб чыніць відавочную несправядлівасьць? Пакаленьне голых цынікаў? Не.

Я нават не пра дыктатуру, не пра аўтарытарную ўладу, крыніца якой, як і запісана ў канстытуцыі – народ. Дапусьцім, народ у большасьці хоча дыктатуры. Але народ у большасьці ня хоча, ня можа хацець несправядлівасьці – ён не жыве з такой марай, ён не выхоўвае так сваіх дзяцей. Усё наадварот. І сваё жаданьне дыктатуры ён тлумачыць менавіта жаданьнем справядлівасьці. Ня думаю, што канкрэтныя людзі ў КДБ, пракуратуры, судзе, як частка народу, у душы хочуць чагосьці іншага, адваротнага.

Сацыяльны інфантылізм? Гэта калі ты жывеш і працуеш у сваім слаі грамадзкай атмасфэры, ня ведаючы, не адчуваючы таго, што адбываецца ў іншых слаях, а ў выніку – не адчуваючы грамадзтва ў цэлым і сябе – часткай гэтага агульнага грамадзтва. У цябе свой слой, і ты зь лёгкасьцю выконваеш загады, не ўсьведамляючы і не адчуваючы адказнасьці за тое, што тым самым у іншым слаі наламаў дроў.

Інтарэс? А можа, ты маеш яхту ў Дамінікане, а працуеш тут па гэтых правілах («пазваночных»), тады ўсё ўстае на свае месцы. Нашто нам спагада да гэтых (не сваіх, ня блізкіх) людзей, калі трэба ратаваць сваю шкуру і сваю яхту? Калі кажуць, што маёмасьць псуе людзей, дык гэта акурат той выпадак.

Ёсьць яшчэ адна крыніца несправядлівасьці, якую я не ўключыў у гэты сьпіс, бо яна не зусім суб’ектыўная, несьвядомая – гэта калі табою маніпулююць, а ты гэтага ня ведаеш, не разумееш і разумець ня хочаш. Гэта і дурасьць і інфантылізм, але – удаваныя. Дапусьцім, справа ашмянскіх мытнікаў і сапраўды задуманая для прыкрыцьця вывазу расейскіх грошай на Захад. Тады ў полі зроку ўмоўнага «абрамовіча», які гоніць свае ліхія капіталы ў далёкія афшоры, мусіць быць і мытня, і сьледчы КДБ, і гэты самы суд. Праблема суб’ектыўнасьці, дзе нашы прафэсіяналы маглі б заартачыцца на пункце справядлівасьці прысудаў, вырашаецца падборам кадраў – адпаведнымі сьледчымі, пракурорамі і судзьдзямі, якія артачыцца ня будуць, а зробяць сваю работу так, як трэба «абрамовічу». Яны ўсе, і нават Лукашэнка ў гэтай гульні выступаюць аб’ектамі маніпуляцыі, што ня так цяжка ўявіць сабе на фоне аграмадных грошай, што шырокай ракой цякуць з Расеі на Захад. Аб’ект можа й ня ведаць, што ім маніпулююць.

За ўсімі названымі мною суб’ектыўнымі крыніцамі несправядлівасьці я паставіў знак пытальніка, бо не да канца перакананы ў іх, бо мая вера ў беларускіх людзей большая за недавер да іх. Тым часам апісаная вонкавая крыніца робіць карціну завершанай. Як мытнікі «ня ведалі», за што ім даюць грошы, як сьледчы КДБ «ня ведаў», за што ён пасадзіў Юркойця, як Лукашэнка «ня ведаў», што мытная справа задуманая для прыкрыцьця, так і суд «ня ведае», за што ён выносіць абвінаваўчыя прысуды.

Тым часам нехта за кадрам пацірае рукі. Ён ведае ўсё. У яго ўсё шыта-крыта.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG