Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Мне прысьніўся пастар Шлаг (2)


Пастар Шлаг
Пастар Шлаг

Менскі абласны суд, дзе ўвесь гэты час ідзе працэс над начальнікамі мытнага пераходу Каменны Лог, працягвае ўпарта не адказваць на пытаньне: якім чынам два мільёны даляраў, пра якія расказаў у тэлевізары прэзыдэнт, зьвязаныя з хабарамі, якія нібыта бралі мытнікі за «бесьперашкодны пропуск кветкавай прадукцыі».

Калісьці я распавёў вам пра сваю гутарку з пастарам Шлагам, які прыйшоў да мяне ў сьне і сказаў, што ўвесь гэты суд (раскінуты на чатыры менскія суды) – гэта апэрацыя прыкрыцьця вывазу грошай за мяжу.

Тады, два месяцы назад, я яшчэ ня ведаў дэталяў гэтае вэрсіі, а галоўнае – ня ведаў, што абласны суд, які пачаў працаваць поўным ходам, нават і ня думае высьвятляць сувязь паміж мільёнамі «пад ваннай» і «хабарамі» мытнікаў. Я ня ведаў і ня мог сабе ў поўнай меры ўявіць тую мэтамарфозу, што сталася з дзяржаўным арганізмам Рэспублікі Беларусь, і якая адкрылася мне ва ўсёй сваёй непрыгляднасьці праз гэты Юркойцеў суд.

Ня дзіва, што і пастар Шлаг зьлітаваўся з маіх пакутаў над неадказанымі пытаньнямі і явіўся мне зноў.

Мы сядзелі ў той самай лазанскай кавярні, і я спытаў пра самае незразумелае – а навошта апэрацыя прыкрыцьця? Хто і што менавіта прыкрывае працэсам ашмянскай мытні?

– Спрацавала схема «крышаваньня» каналу перапраўкі грошай дзяржаўнымі структурамі, – упэўнена сказаў Шлаг. – Мінулы раз вы зрабілі дапушчэньне, што гэта расейскія грошы, грошы ўмоўнага «Абрамовіча» і нават распавялі, як вы зь Юркойцем марылі прыцягнуць інвэстыцыі Абрамовіча ў Варняны (некалі спадчынны маёнтак Абрамовічаў). Прыгожая мара.

«Крышаваць» – як гэта будзе па-беларуску? Страхаваць (ад слова страхА)? Неяк занадта прыстойна гучыць, хоць гаворка пра злачынную дзейнасьць. Але ў сярэднявечных рамесьніцкіх брацтвах была нават такая пасада – страшны брат. Не ад таго, што ён такі жахлівы, а ад таго, што пільнаваў страху цэха ад пранікненьня пабочных. Яшчэ прыгадаўся раён Страшніцэ ў чэскай Празе. Таксама, відаць, ад страхі і страхароў.

Пастар уважліва паглядзеў у вакно і працягваў:

– Расейскія грошы ў вашай вэрсіі выглядаюць вельмі патрыятычна, але праўда, баюся, у іншым. Гэта беларускія адкаты, якія перапраўляюцца за мяжу. А ў каго ў вас такія адкаты? Правільна, у людзей пры ўладзе. А якая ўлада? Аўтарытарная, гэта значыць, маналітная. І грошы, якія чыноўнік «наварыў» на рэканструкцыі дарогі пасярод зімы, яны як бы дзяржаўныя. Бо і сам чыноўнік з усімі ягонымі вантробамі – уласнасьць дзяржавы. І ўвесь працэс рэалізацыі гэтых грошай, напрыклад, на будаўніцтве ўласнага палаца ці на перапраўцы грошай за мяжу – крышуецца ці, як вы кажаце, страхуецца чыноўнікамі сілавых ведамстваў, таго ж КДБ. Увесь аграмадны дзяржаўны апарат строга падкантрольны толькі аднаму чалавеку – прэзыдэнту. Думаю, ён ведае, хто і за якія грошы будуе сабе палац, а хто перапраўляе за мяжу гатоўку, каб яе там «адмыць». Ведае, але да часу «не заўважае». І толькі калі прыходзіць час, пускае кампрамат у дзеяньне. Але ўсё гэта настолькі зраслося адно з адным, што стала адзіным арганізмам. І канал перапраўкі грошай «крышуецца» людзьмі КДБ як нешта само сабой зразумелае, як карпаратыўны абавязак.

Сапраўды, колькі ні намагаесься глядзець на дзяржаўныя структуры як на нармальныя функцыяналы, але штодзённыя факты яўна незаконнага ўзбагачэньня чыноўнікаў сьведчаць пра іншае. Там, унутры гэтай, як называе яе Севярын Квяткоўскі, карпарацыі, даўно страцілі сорам, пры чым гэта лічыцца нормай, «усе ўсё разумеюць».

Пастар тым часам працягваў:

– У ашмянскай справе ёсьць тры канкрэтныя нявыкруткі. Першая – «чамадан» Сарумянца і «кветкі» Высоцкага. Другое. Чаму на працягу пяці (!) гадоў ніхто не чапаў мытнікаў-«хабарнікаў». Трэцяе. Чаму ў працэсе разглядаюцца падзеі ня ўсіх пяці гадоў, а толькі аднаго – 2014-га.

– Пры тым, што ў матэрыялах справы гаворыцца, што якраз гэты год самы «няўдзячны» для «хабараў», – заўважыў я. – Бо Расея ўвяла санкцыі і таму фуры з галяндзкімі кветкамі ў Каменным Лагу даглядаліся мытнікамі асабліва пільна і татальна.

Пастар кіўнуў сівой галавой:

– Цяпер давайце разглядаць у заяўленым парадку. «Чамадан» Сарумянца зьвязалі з «кветкамі» Высоцкага. Навошта? Каб аб’яднаць гэтыя дзьве незалежныя адна ад адной падзеі ў адну справу. Для чаго? Тлумачэньне можа быць толькі адно – для таго, каб справа Сарумянца зьнікла, выпарылася.

Пастар зрабіў паўзу, а я падумаў, што сапраўды, няма такой справы – пра два мільёны пад ваннай. Пастар працягваў:

– Глядзіце. Дапусьцім аддзел КДБ «Х» накрывае пераправу грошай у Літву. А аддзел КДБ «Y» крышуе (дазвольце ўсё ж ужываць гэтае крымінальнае слова) гэтую пераправу. Як аддзелу «Y» забраць справу «чамадана» ў аддзела «Х»? Самы просты спосаб – аб’яднаць дзьве справы ў адну. Для гэтага прадугледжаная справа Ігара Высоцкага з кветкамі (апэрацыя прыкрыцьця). Яна як бы вісіць у апэратыўнай распрацоўцы на выпадак правалу кур’ера. Сарумянца з грашыма затрымлівае аддзел «Х», узьнікае небясьпека, што ўся праўда пераправы грошай з пэўнымі прозьвішчамі ў часе сьледзтва ўсплыве на паверхню. Сарумянц просты кур’ер і ён ня ведае ўсёй схемы. Ён ведае толькі двух пэрсон: хто дае грошы і каму аддаць грошы. Але калі пацягнуць за гэтыя нітачкі, можна выцягнуць на сьвет белы і ўсю схему.

Пастар зноў уважліва паглядзеў у вакно.

– Каб гэтага не адбылося, аддзел «Y» запускае справу Высоцкага. Паведамляюць пра гэта прэзыдэнту, раскладваюць перад ім грошы і падсоўваюць вэрсію пра кантрабанду. Прэзыдэнт дае каманду вывесьці мытнікаў на чыстую ваду. Атрымаўшы такую магутную падтрымку, аддзел «Y» упэўнена забірае справу ў аддзела «Х». Аддзел «Х» нічога ня можа зрабіць пасьля каманды самога прэзыдэнта, і вымушаны аддаць справу. Аддзелу «Y» трэба неяк патлумачыць такую вялікую колькасьць грошай. І яны спрабуюць зрабіць гэта за кошт масавасьці. Чым больш падазраваных у справе, тым лепш. Арыштоўваюць групу Высоцкага і да яе імкнуцца дадаць як мага болей шараговых і нешараговых супрацоўнікаў мытні.

– Вы лічыце, што КДБ настолькі вырадзіўся, што займаецца крышаваньнем? Зрэшты, калі меркаваць па рэпрэсіях і ўсялякай шкодзе, што чыніцца кадэбістамі супраць найбольш патрыятычных беларускіх людзей (якія і ёсьць зарука дзяржаўнае бясьпекі), дык там можа быць усё што заўгодна…

Пастар паківаў галавой, як бы зь лёгкім дакорам маёй даверлівасьці і наіўнасьці.

– Вы ўлічыце, што ў «пасылках» вялікія грошы, дастаткова вялікія, каб перапраўляць іх без сур’ёзнага прыкрыцьця. А ў вас у Беларусі іншай структуры, якая б магла зрабіць такое сур’ёзнае крышаваньне, папросту няма. Хутчэй за ўсё, сам гэты канал быў арганізаваны аддзелам «Y» і аддзел «Y» мае сваіх людзей на мытні. Натуральна, ніхто зь іх арыштаваны ня быў.

– Выходзіць, гэта тыя людзі, якія на працягу пяці гадоў «зьлівалі» інфармацыю ў аддзел «Y»? А гэта значыць, што суд судом, а канал пераправы як працаваў, так і працуе на беларускай мяжы?

– А вы думаеце, чаму масавыя працэсы мытнікаў адбываюцца ў Беларусі з такой пэрыядычнасьцю? – задумліва сказаў пастар.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG