Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Галава прафэсара Доўэля


З кінафільма «Запавет прафэсара Доўэля»

Раніцай 28 лютага ў менскім Партызанскім судзе скончыцца зацягнуты больш чым на два месяцы перапынак у працэсе ашмянскіх мытнікаў.

Пачатак ТУТ

Вартыя ўвагі ў гэтым судзе – тыя з абвінавачаных, што адстойваюць сваю годнасьць. Яны, як па іроніі, сядзяць у клетцы. Тыя, што не адстойваюць, – прыходзяць у суд самі.

Сярод заяўленых раней судовых падзеяў – допыт мытнага начальніка Дзьмітрыя Карповіча, таго самага, які праз падначаленага Чэпіна нібыта перадаваў для падначаленага Юркойця грошы. Дапусьцім, Карповіч скажа, што перадаваў. Але Чэпін, калі і атрымліваў, дык цалкам мог пакінуць грошы сабе. Пагатоў, зь Юркойцем яны ня ў самых прыязных дачыненьнях. Чэпін Юркойця баяўся.

Асаблівай інтрыгі тут няма. Юркойць ад пачатку адмятае ўсё гэта як паклёп. З Чэпіным інакш.

У 2015 годзе, седзячы ў СІЗА, Чэпін кажа, што не перадаваў і просіць праверыць яго на «дэтэктары хлусьні».

У 2016-м, выйшаўшы на волю, Чэпін сьцьвярджае, што – перадаваў і зноў настойвае на праверцы на паліграфе.

Сказана – зроблена. Як мы чулі з матэрыялаў справы, сьледчы КДБ двойчы спраўджваў Чэпіна на паліграфе. Праверка 2016 году паказала, што Чэпін ня хлусіць. А вынікі праверкі 2015-га, як па іроніі, згубіліся…

Як згубіліся?

На просьбу адваката суд запытаў у КДБ матэрыялы гэтых праверак. І вось чакаецца, што на працэсе вынікі будуць агучаныя.

Паліграф. Сама гэтая штуковіна выклікае мяшанае пачуцьцё насьцярожанасьці і павагі – як перад навуковай фантастыкай. Немудрагелістая машынка, здольная пранікаць у гушчары чалавечае падсьвядомасьці. Магія словаў «дэтэктар хлусьні» заварожвае. Як тая цыганка «пазалаці ручку». Ніхто толкам ня ведае, як яно працуе, а пры тым – навука! Скрынка з дроцікамі быццам жыве сваім апрычоным жыцьцём і выклікае трэпет ня толькі ў публікі, але і ў высокага суду. Ну проста галава прафэсара Доўэля. Цыганку суд слухаць ня стане, а адрэзаную галаву, якая жыве сваім жыцьцём, слухае з затоеным дыханьнем – як тое і адбылося ў аднайменным рамане фантаста Аляксандра Бяляева.

Сам Бяляеў прызнаваўся, што твор пра жывую галаву бязь цела, – амаль аўтабіяграфічны, бо пісьменьнік цяжка хварэў і час ад часу існаваў нібыта асобна ад свайго цалкам абязводжанага цела. «Галава», між іншым, пісалася ў адзін год з «Сабачым сэрцам» Міхаіла Булгакава (1925), як па іроніі – таксама пра перасадку, толькі ня ўсёй галавы, а гіпофіза, і таксама, як па іроніі, – галоўны герой у яго Паліграф (Паліграфавіч).

(Хоць без іроніі варта заўважыць, што першы сэрыйны паліграф быў выпушчаны толькі празь дзесяць гадоў, у 1935-м, а прозьвішча аўтара гэтага дзіва – Кілер.)

Сучасны «дэтэктар хлусьні» складаецца з апарата і псыхоляга, і хто/што тут больш важнае – ніхто ня ведае. Апарат складаецца з блёка, да якога падлучаныя датчыкі і які, у сваю чаргу, падлучаны да кампутара з адмысловай праграмай. Датчыкі вымяраюць: дыханьне – на грудзях, дыханьне на брушыне (дыяфрагма), электраправоднасьць скуры, крываток, сардэчны рытм, артэрыяльны ціск. Калі й гэта не дае выніку, ёсьць яшчэ дыванок з датчыкамі пад «пятую кропку» і дыванок пад ногі. Пагрэшнасьць паліграфа – 20%. Нібыта, бо як ты праверыш?

Калі ўсе гэтыя датчыкі начэпленыя на вас і вы пасаджаныя ў крэсла, пачынаюцца «ніякія» пытаньні – як цябе завуць, у якім горадзе мы знаходзімся цяпер, за вакном дзень ці ноч (гэта – для каліброўкі абсталяваньня)… і раптам: «Ты перадаваў Юркойцю грошы? Га?». І глядзяць на рэакцыю арганізма – скача там што ці ня скача… Канчатковы вынік называюць «інтэрпрэтацыяй паліграфоляга» (ён жа псыхоляг), і адносяць да ўскосных доказаў, якія выкарыстоўваюцца ня столькі як доказы, колькі для арыентацыі сьледзтва і суду.

Сеціва не было б сецівам, калі б не прапаноўвала мноства спосабаў «падмануць паліграф». Пішуць, што працэдура ўвогуле мае сэнс, калі аб’ект ставіцца да яе сур’ёзна. Таму раяць быць пафігістам альбо выпіць перад тым літар вады альбо засунуць канцылярскую кнопку ў чаравік.

Калі ж уявіць сабе базавую (зь дзяцінства) боязь перад адрэзанай і пры тым жывой прафэсарскай галавой, пасьля накласьці на гэта «мэтады фізычнага ўзьдзеяньня на допытах у КДБ», зьверху – груз рэальнага турэмнага тэрміну, які над табой вісіць, калі няма дзе ўзяць той літар вады ці канцылярскую кнопку, – цяжка адчуваць сябе пафігістам. Пагатоў калі ты Чэпін. Хаця… Калі б можна было назваць пафігістам, напрыклад, насарога… Але гэта ўжо нейкая іншая катэгорыя пафігізму, і мы ня ведаем, ці можа насарог падмануць паліграф.

Ёсьць і іншы бок справы – міт пра ўсемагутнасьць паліграфа. «Дэтэктары хлусьні» каштуюць нятанна і прыносяць спэцыялізаваным фірмам добры даход. Гэты бок разам з паліграфолягамі, натуральна, прасоўвае думку пра беспамылковасьць свайго прадукту.

Гэта ўсё літаратура мастацкая. А што кажа пра паліграф літаратура юрыдычная? У прыватнасьці, заканадаўства Рэспублікі Беларусь? Уласна ў кодэксах сказана пра выкарыстаньне матэрыялаў апэратыўна-сьледчай дзейнасьці. Паліграф сярод іншага як бы маецца на ўвазе, але не называецца.

У адмысловай інструкцыі для МУС пра «дэтэктар хлусьні» сказана, што вынікі апытаньня на паліграфе маюць «вероятностный характер».

Што гэта значыць? У расейскім вікіслоўніку даюцца тры значэньні гэтага мутнага слова: датычны да ўстанаўленьня верагоднасьці; датычны да тэорыі верагоднасьці; заснаваны на дапушчэньні, здагадцы.

Помніце дыялёг пракурора з Чэпіным? – Што вы перадавалі Юркойцю? – Там скрутак паперы быў. – Вы бачылі, што там грошы? – Не. – Адкуль вы ведаеце, што там былі грошы? – Гэта маё прадпалажэньне. Здагадваўся.

Як па іроніі, успомніўся артыкул 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ: «Прысуд ня можа быць заснаваны на здагадках».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG