Прэм’ер Аляксандар Турчын падпісаў адпаведную пастанову, пра што паведамілі на ўрадавым тэлеграм-канале. Самой пастановы пакуль няма ў агульным доступе.
Згодна з інфармацыяй ураду, вытворцы агуркоў і памідораў маюць права павышаць цэны на іх ня больш чым на 0,3% у месяц. Пастанова тычыцца толькі айчынных агуркоў і памідораў.
Шэраг пазыцыяў выдалены зь сьпісу тавараў, цэны на якія рэгулюе ўрад. Сьпіс скарочаны з 211 да 199 пазыцыяў.
«Гэта пазыцыі нештодзённага попыту або штодзённага, але якія не аказваюць уплыву на зьмены цэнаў у краіне», — заявіла БелТА намесьніца начальніка аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Анастасія Касымава.
Паводле яе, зь пераліку выключаныя гумовы абутак, соль, воцат, сода. Але пастанова закранае і адчувальныя для насельніцтва пазыцыі. Карэктуецца пералік таварных пазыцыяў з рэгуляванымі цэнамі. Зь яго выкрэсьліваюць сокавую прадукцыю, марожаную рыбу і канцылярскія тавары. Павялічваюцца максымальныя гандлёвыя надбаўкі на дзіцячыя цацкі і лінолеум.
Таксама скасоўваюць абавязак узгадняць рэалізацыю спажывецкіх тавараў, вырабленых на тэрыторыі Беларусі, за межамі краіны. Гэтая працэдура стварала праблемы для экспарту тавараў, асабліва для малога і сярэдняга бізнэсу, паведаміла Касымава.
- Улады Беларусі заяўляюць, што стрымліваюць цэны, каб утрымаць інфляцыю, але ў выніку рэгуляваньня цэнаў вытворцы і гандаль нясуць страты, некаторыя прадпрыемствы робяцца стратнымі, банкрутуюць.
- Тады ўрад выдаляе нейкія пазыцыі зь сьпісу тавараў з рэгуляванымі цэнамі, у выніку цэны на гэтыя тавары рэзка ўзрастаюць, бо вытворцы і гандаль хочуць кампэнсаваць папярэднія страты.
Форум