Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Адна вялікая памылка


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Пачатак ТУТ

Увесь працэс над мытнікам і асьветнікам Алесем Юркойцем выглядае як адна вялікая судовая памылка. Што праўда, такога тэрміну ў беларускім крымінальным заканадаўстве няма.

У юрыдычнай літаратуры менавіта з судовымі памылкамі зьвязваюць нікчэмна малую колькасьць апраўдальных прысудаў. У нас жа на практыцы само слова «памылка» ўзьнікае толькі на стадыі касацыйнага суду. Гэта значыць, суд першай інстанцыі ня можа памылку ні дапусьціць, ні панесьці за яе адказнасьць. Яе проста «няма», як Валянціна Акудовіча. Пры тым, што гэта цалкам суб’ектыўнае дзеяньне, якое да таго ж можа быць зламысным ці замоўленым і залежыць выключна ад волі судзьдзі.

Іншымі словамі, у нас уся судовая практыка можа складацца з адных памылак, і гэта ніякім чынам нідзе не выяўляецца.

Судзьдзя прызначаны прэзыдэнтам і мусіць выконваць ягоныя пажаданьні, якія вышэй за закон, што і значыць – рабіць судовыя памылкі. Судзьдзя старанна адабраны, «непаслухмяны» юрыст на такую пасаду ня трапіць.

Натуральна, гэта мусіць быць чалавек пэўнага складу розуму і характару. Такі, якім яго апісвае герой апавяданьня Чэхава «Палата нумар шэсьць»:

«Судовая памылка пры цяперашнім судаводзтве вельмі магчымая, і нічога ў ёй няма дзіўнага. Людзі, якія маюць службовыя, дзелавыя адносіны да чужой пакуты, напрыклад, судзьдзі, паліцыянты, лекары, зь цягам часу, у сілу звычкі, загартоўваюцца да такой ступені, што хацелі б, ды ня могуць ставіцца да сваіх кліентаў інакш, як фармальна; з гэтага боку яны нічым не адрозьніваюцца ад мужыка, які на задворках рэжа бараноў і цялят і не заўважае крыві. Вось жа пры фармальным, бяздушным стаўленьні да асобы, для таго, каб невінаватага чалавека пазбавіць усіх правоў стану і прысудзіць да катаргі, судзьдзю патрэбнае толькі адно: час. Толькі час на выкананьне сякіх-такіх фармальнасьцяў, за якія судзьдзям плацяць заробак, а затым – усё скончана. Шукай потым справядлівасьці ў гэтым маленькім, брудным гарадзішку, за дзьвесьце вёрстаў ад чыгункі! Дый ці ня сьмешна разважаць пра справядлівасьць, калі ўсялякі гвалт сустракаецца грамадзтвам, як разумная і мэтазгодная неабходнасьць, і ўсялякі акт міласэрнасьці, напрыклад, апраўдальны прысуд, выклікае цэлы выбух незадаволенага, помсьлівага пачуцьця?»

Калі службізм яшчэ зразумелы мне, дык прымірыцца з Чэхавым і патлумачыць ягонай цытатай чаканыя на працэсе ашмянскіх мытнікаў прысуды, цяжэй. Можа таму, што сучасны мэгаполіс Менск так не падобны да патрыярхальнага расейскага «гарадзішкі» ХІХ ст. за дзьвесьце вёрстаў ад чыгункі. І таму, што зь дзяцінства нас вучылі ня ставіцца да сваёй справы фармальна. Дый няма ў мяне адчуваньня, што публіка ў нас уся пагалоўна прагне гвалту, а не міласэрнасьці.

Але на дапамогу Чэхаву ўжо сьпяшаецца Леў Талстой – чалавек з той самай рэальнасьці («Уваскрасеньне»):

«У тым жа і памылка, што мы звыкліся думаць, што пракуратура, судовыя людзі ўвогуле – гэта нейкія новыя лібэральныя людзі… Гэта чыноўнікі, заклапочаныя толькі дваццатым днём. Ён атрымлівае заробак, яму трэба паболей, і гэтым і абмяжоўваюцца ягоныя прынцыпы. Ён каго хочаце будзе абвінавачваць, судзіць, прысуджаць… Я заўсёды кажу спадарам судовым, …што не магу без удзячнасьці бачыць іх, таму што калі я не ў турме, і вы таксама, і мы ўсе, дык толькі дзякуючы іхнай дабрыні. А падвесьці кожнага з нас да пазбаўленьня асаблівых правоў і да белых мядзьведзяў – самая лёгкая справа».

Салжаніцын і ўвогуле дабівае мае спадзевы сваёй іроніяй:

«Ды апраўдальны прысуд гэта ж эканамічная бязглузьдзіца! Гэта ж значыць, што і інфарматары, і апэратыўнікі, і сьледзтва, і пракуратура, і ўнутраная ахова турмы, і канвой – усе працавалі ўхаластую».

У нашай юрыдычнай літаратуры шмат спасылак на расейскія рэаліі ХІХ ст. – як на нешта актуальнае, але няма спасылак на сучасную прававую і судовую практыку тых краін, якія мы называем разьвітымі і пасьпяховымі. Бо там насамрэч закон вышэй за ўсё, а гэта мяняе ўвесь характар жыцьця грамадзтва. У судовым сэнсе мы сёньня жывем у Расейскай імпэрыі пазамінулага стагодзьдзя, хоць мінула сто гадоў, як мы там не жывем. Інакш словы Чэхава, Талстога, Салжаніцына не гучалі б для нас настолькі актуальна.

Кажучы, што гэта ня так, мы падманваемся зьнешнімі рэаліямі навакольнага сьвету, які стаў непазнавальна іншым. Але ўнутраная сутнасьць службовых асобаў не зьмянілася. Яны, у сваю чаргу, таксама падманваюцца гэтай розьніцай у часе і зьнешніх рэаліях. Калісьці гэты падман дакладна акрэсьліў францускі пісьменьнік Клод Адрыян Гельвецый:

«Інквізытар, які асудзіў Галілея, напэўна, ставіўся з пагардай да зладзейства і тупасьці судзьдзяў Сакрата».

Алесь Юркойць бываў у Рыме, дзе судзілі Галілея. Яны зь сябрам проста селі на машыну і паехалі ў Італію па беларускіх і ня толькі мясьцінах. Заехалі ў Падую да Скарыны, у Флярэнцыю, Геную, Монтэ-Касіна…

Галілея судзілі за тое, што Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот. Юркойця судзяць за тое, што як мытнік узорна выконваў свае абавязкі, а як асьветнік пашыраў беларускую мову, культуру, веды. Словам, прыкладна за тое самае. Быццам нічога не зьмянілася ў сьвеце за прамінулыя 400 гадоў.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG