Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд пацёк…


28 лютага працэс ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе, аднавіўшыся пасьля двухмесячнага перапынку, доўжыўся толькі гадзіну і быў зноў перапынены зь дзіўнай фармулёўкай – за недастатковасьцю доказаў. Гэтым разам – на месяц.

Прычына дзіўная, таму што сьледчы КДБ Бычак, які фармаваў справу, два гады зьбіраў доказы. Увесь гэты час людзі, якія не прызналі сябе вінаватымі, сядзелі і працягваюць сядзець у турме. На якой падставе? На падставе дапушчэньня і здагадкі, калі доказаў не хапае. А гэта, між іншым, грубае парушэньне заканадаўства.

Пракурор, які хадайнічаў зноў адкласьці працэс, і судзьдзя, які хадайніцтва задаволіў, паказалі сьледчаму чырвоную картку, дыскваліфікавалі яго па выніках ягонай непрафэсійнай працы. Прынамсі так гэта выглядае ў вачах людзей. Цэлы калектыў цэлых два гады капаў і не накапаў? Дык можа ня тыя гіры пілавалі? Думалі – залатыя…

Вось як, аказваецца, бывае. Ведаў я пра сардэчную недастатковасьць, пра ныркавую. А судовую пабачыў упершыню.

Судзьдзя яшчэ на дыцэбэл-два зьменшыў гук сваёй гаворкі, наўмысна адхіліўшы мікрафон. Для мяне дагэтуль загадка – навошта? Каб не запісалі і пасьля не прад’явілі? Каб замямліць нестыкоўкі? Каб прадэманстраваць перадвызначанасьць прысудаў і ўсяго гэтага працэсу, маўляў, мне абы зачытаць?

Тым ня менш, мы пачулі даведку з КДБ пра апытаньне Чэпіна на паліграфе. Але ўвесь сэнс дакумэнта, бадай, застаўся ў даце працэдуры – 23 ліпеня 2015 году. Чэпін тады сказаў, што нікому з калег грошы не перадаваў. Нас тут цікавіць Юркойць, бо толькі на паказаньнях Чэпіна і трымаецца ягоная нібыта віна. Паліграфоляг робіць заключэньне, даслоўна, Чэпін перадаваў камусьці з супрацоўнікаў грошы. Гэта значыць, Чэпін хлусіць. Але што значыць камусьці? Чаму ў яго не спыталі пра Юркойця, бо менавіта ён тут важны суду? Верагодна, схема «Чэпін супраць Юркойця» ў 2015 годзе яшчэ не цікавіла сьледчага, яна зьявіцца ў 2016-м. Па выніку – гэта на Юркойця доказаў недастаткова, іх проста няма.

На яго і яшчэ на Курневіча, Швінту, Тадэвуша Высоцкага – тых, якія не прызналі, што бралі грошы.

Другі эпізод гэтага дня – экспэртыза голасу Курневіча з праслушкі тэлефоннай размовы. Судзьдзя бубніць некалькі цытат, экспэрт сьведчыць, што ў адным эпізодзе ёсьць голас Курневіча, але з кім ён размаўляе, высьветліць не ўяўляецца магчымым. Пра што размаўляе, дадам, таксама.

Вось і ўсё, што «ёсьць на» людзей у клетцы, якія не прызналі свае віны. Тых, што прызналі і купілі за гэта свабоду, практычна ня судзяць. Яны, хоць і злачынцы, быццам бы супрацоўнічаюць са сьледзтвам і за гэта сьпяць на цёплых падушках дома. Хоць, шчыра кажучы, нічога, апроч жалю, яны не выклікаюць. Але што робяць за кратамі тыя, што не злачынцы?

Пасьля абвяшчэньня перапынку «за недастатковасьцю доказаў» у залі суду пачулі вокліч маці Курневіча: Ды што ж гэта такое, доказаў няма, а яны сядзяць! Выпусьціце іх!

Драматызм воклічу ці то падкрэсьлівала ці то тушавала наступныя акалічнасьць. Проста пасярод залі суду прыбралі некалькі лавак, а іх месца заняло імправізаванае вядро, зробленае з пластыкавай 5-літроўкі, у якое ўвесь час са столі манатонна капала кропля. Часам разам з бубненьнем судзьдзі гэта ўсё нават нагадвала нейкія рытмы: бу-бу-бу КАП бу-бу-бу КАП…

А па сутнасьці проста настае вясна – таксама працэс, толькі працэс ажыўленьня, аднаўленьня, адраджэньня. І гэты працэс паказвае нам, што не падуладны ніякаму суду. Усё наадварот.

Працяг ТУТ

Водазабор у залі суду
Водазабор у залі суду

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG