Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнага разу, калі бачу Алеся Юркойця за кратамі на працэсе ашмянскіх мытнікаў, на хвіліну прымушаю сябе стаць адвакатам д’ябла і задаюся пытаньнем: павінна ж быць хоць нейкая віна, каб два гады трымаць чалавека ў турме. Віна? А што такое віна?

Пачатак ТУТ

Віктар Федаровіч (Максім Трапезьнікаў) камэнтуе мой папярэдні артыкул: «Хабар бралі абраныя. Начальства частку аддавала намесьнікам, каб тыя пакінулі сваю долю і падзяліліся з радавымі інспэктарамі. Да радавых грошы не даходзілі. Не было сэнсу дзяліцца: інспэктары проста выконвалі сваю працу. На сьледзтве начальнікі і намесьнікі проста агаварылі невінаватых людзей… Хабары былі на верхнім узроўні мытні, у гэтым няма сумневаў. За што? Як ні дзіўна: за непасрэднае выкананьне сваіх абавязкаў па апэратыўным афармленьні грузаў… Шкоды для РБ не было… Усім мытнікам адразу пасьля затрыманьня прапаноўвалася прызнацца і назваць “падзельнікаў”. У абмен на хатні арышт або падпіску. Хто адмовіўся, бо не адчуваў віны, той дагэтуль сядзіць».

Здавалася б, панятак віны – краевугольны камень усяго крымінальнага працэсу і павінен быць сфармуляваны выразна і адназначна. Твая віна – перад кім? Скажам, ты прычыніў камусьці шкоду, ты вінаваты. У нашым выпадку мытнікі вінаватыя, нібыта, перад дзяржавай. Але ж «шкоды для РБ не было». І гэта сапраўды так – матэрыялы справы пра шкоду маўчаць.

Увогуле віна перад дзяржавай – зьява неадназначная. Як з тым блогерам Лапшыным, які, на думку Азэрбайджана, наведаўся ў Нагорны Карабах і тым самым парушыў дзяржаўную мяжу. З гледзішча Армэніі, якая кантралюе спрэчную тэрыторыю, ён нічога не парушаў. Вось і скажы пасьля гэтага – у чым віна блогера-падарожніка?

Тэма экстрадыцыі Лапшына зь Беларусі ў Азэрбайджан толькі ўспыхнула была ў беларускіх СМІ, але зараз жа яе перакрылі гучнай дэпартацыяй ва Ўкраіну Сяргея Жадана. Пра Лапшына, які апынуўся ў бакінскім СІЗА, усе адразу забылі.

На Валадарцы Аляксандар Лапшын сядзеў у адной камэры з Алесем Юркойцем. Хацеў бы я паслухаць іхныя дыялёгі. Адзін аб’езьдзіў 120 краін сьвету, другі – заўзяты географ, цікаўны да ўсяго на сьвеце незвычайнага. А яшчэ абодва гаваркія. Цікава, ці мераліся яны віною – у каго большая?

Крымінальны кодэкс РБ мяне прыгаломшыў. Артыкул 21. «Віна і яе формы»:

(Крымінальнага кодэксу РБ на дзяржаўнай беларускай мове не існуе ў прыродзе. Таму, каб нічога не наблытаць, цытую «ў арыгінале».)

«Вина – это психическое отношение лица к совершаемому общественно опасному деянию, выраженное в форме умысла или неосторожности».

Пакінем у баку «умысел», «неасьцярожнасьць» і «небясьпечнае для грамадзтва дзеяньне» – пра гэта на працэсе ашмянскіх мытнікаў не было ні слова. Але што такое віна? Калі гэта цалкам суб’ектыўныя («псыхічныя») адносіны чалавека да таго, што ён робіць, дык якую ягоную віну тады выясьняе суд? Як і хто «псыхічныя адносіны» абвінавачанага можна прызнаць або не прызнаць?

Артыкул КК адсылае маё ўяўленьне далёка ад Дому правасудзьдзя – у нядзельны касьцёл, які сотнямі галасоў паўтарае «Мая віна, мая вельмі вялікая віна».

Тэма разьвіваецца ў артыкуле 24 КК. «Віна ў злачынстве, не зьвязаным з наступленьнем наступстваў»:

«В преступлении, для наличия которого не требуется наступления общественно опасных последствий, форма вины устанавливается по отношению лица к общественно опасному деянию».

Зноў – усё залежыць ад маіх адносін да таго, што я нібыта зрабіў. А як і кім «устанавливается» форма маёй віны, калі я пра свае адносіны нікому не казаў? Ці калі не адчуваю я ніякай віны ў тым, што мне інкрымінуюць, бо нічога такога не рабіў?

Для параўнаньня, у КК РСФСР вызначэньня віны няма, там адразу: вінаватым прызнаецца той… Затое расейская вікіпэдыя кажа пра глыбіню разуменьня віны і зьвязвае тую глыбіню з культурным узроўнем удзельнікаў працэсу…

Ох, меў рацыю Майстар, калі казаў, што лепш бы правам займаліся тэхнары, а не гуманітарыі, бо ў тых шруб – гэта шруб, а не «такая шэрая штучка з палосачкамі».

Дарэчы, пасьля той публікацыі я атрымаў ад Майстра ліст, дзе ён працягнуў сваю думку:

«Адсутнасьць падвойных стандартаў у дакладных навуках зьвязанае з адным з асноўных прынцыпаў – ізатрапіі. Гэты прынцып азначае, што для ўсяго існага законы дзейнічаюць аднолькава. Прасьцей сказаць, на нас усіх законы аказваюць аднолькавае ўзьдзеяньне. (Напрыклад, гравітацыя.) У навуцы ўсё падпарадкаванае гэтаму прынцыпу.

Калі паглядзець на сьвет вачыма Альбэрта Эйнштэйна, карціна выглядае так:

– «Навука без рэлігіі кульгавая, рэлігія без навукі сьляпая».

– «… законы не ствараюць, іх адкрываюць. Іх трэба тлумачыць, каб паясьніць сэнс волі Бога, адзінага сапраўднага заканадаўцы».

Эйнштэйн меркаваў, што Бог наш настаўнік, а мы ягоныя вучні. Выкладчык дае нам матэрыял на тэму заняткаў, і калі мы яго засвоілі добра, тады ён пераходзіць да наступнае тэмы. Калі ж матэрыял не вывучаны, тады да наступнага матэрыялу шлях закрыты.

Сыходзячы з гэтае лёгікі зразумела, чаму так хутка разьвіваюцца фізыка, хімія і іншыя прыродазнаўчыя навукі. Цяпер вернемся да балючага: палітыкі і права. Урок на тэму «Ізатрапія» не засвоены. Хоць парасткі ёсьць, у Канстытуцыі запісана, што ўсе перад законам роўныя. Але настаўнік ацэньвае, як зразуметы матэрыял ня толькі паводле ведаў, але і паводле ўжываньня атрыманых ведаў. Вось з выкананьнем закона аднолькавасьці – дрэнна, таму і разьвіцьцё гэтых сфэраў дзейнасьці (палітыкі і права) застаецца на ўзроўні сярэднявечча».

Канец цытаты.

Значыць, законы трэба адкрываць, а не прыдумляць іх, ставячы сябе на месца Бога. Тады ня будзе такіх фармулёвак, як зь віной.

Калі ж адкінуць шматслоўе і падысьці да справы са шрубам, а не са штучкай, дык віна – гэта проста злачынства. У юрыдычнай літаратуры нязьменна цьвердзіцца, што «ускладаньне адказнасьці… безь віны крымінальным правам не дапускаецца».

Не дапускаецца? А што мы бачым на працэсе ашмянскіх мытнікаў? Віны не відаць, затое адказнасьць – па поўнай праграме.

У чым віна (злачынства) Алеся Юркойця? Ну хоць бы самая маленькая?

Нават з гледзішча КК РБ, г.зн. «псіхічных адносінаў яго да ўчыненага ім дзеяньня» сытуацыя выглядае неадэкватна, бо пра свае «псыхічныя адносіны» Юркойць заявіў у першы дзень суду: «Я не разумею, што я тут раблю».

Але ніхто яму не растлумачыў.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG