Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сераду ў судзе над ашмянскімі мытнікамі нам паказалі другую, заключную частку інтэрмэдыі пад назвай «Аддзел барацьбы з кантрабандай» або «З творчай лябараторыі КДБ».

Пачатак ТУТ

Сёньня ж старшыня Мытнага камітэту заявіў, што ня ведае, ці вінаватыя ягоныя мытнікі ці не. Маўляў, хай суд разьбіраецца. То бок, ён на сябе адказнасьці не бярэ. А чаго браць, калі гэта не ягоная справа, а «дело рук» КДБ? Інакш кажучы, высокі дзяржаўны чыноўнік заяўляе, што віна падначаленых не даказаная, тым часам большасьць іх трэці год сядзіць у турме, а пракурор называе іхнае «злачынства» асабліва цяжкім.

Цяпер пра тое, як разьбіраецца суд.

Мяне не перастае зьдзіўляць панамарскі стыль чытаньня пракурора і судзьдзі. Мікрафоны перад імі ня выключаныя (відаць, не паложана), але дэманстратыўна адведзеныя ў бок. І паказаньні яны чытаюць цераз губу, амаль шэптам, глытаючы літары, словы, даты і прозьвішчы. Быццам агучваюцца ня факты меркаванага злачынства, а нейкі дзяжурны рытуал, фармальнае пустаслоўе, фількіна грамата. І гэтак праз увесь працэс робіцца падкрэсьлена і пасьлядоўна. У чым тут прычына? Даюць зразумець, што справа замоўленая, абы як шытая белымі ніткамі ў КДБ, і ім трэба толькі выканаць фармальнасьці, а заадно паказаць свае адносіны да гэтага, захаваць хоць бы ў сваіх вачах чэсьць мундзіра?

Аддзел барацьбы з кантрабандай (АБК), які судзяць у Заводзкім судзе, да Юркойцевага суду ў Партызанскім ня мае ніякага дачыненьня, гэта асобная структура. Для чаго іх да нас прывозяць? Хіба для таго, што ўсё гэта нібыта адна злачынная групоўка. Але ж за гэтыя два дні мы ня ўбачылі ніякай сувязі з «нашымі» мытнікамі. Ні факта, ні намёка.

Затое мы апынуліся ў творчай лябараторыі КДБ.

У тэме АБК фігуруюць начальнік аддзела Якуценка, ягоны намесьнік Шыраеў і опэры Дашчынскі, Букель, Кардымон, Шчыкло і Пашкоўскі. Першыя тры на волі, пад хатнім арыштам, другія чацьвёра ў наручніках у турме. Першыя чатыры віну прызналі (няясна толькі, чаму Букель у наручніках), другія тры – цалкам адмаўляюць. Кардымон увогуле ў глухой абароне, ні разу не даваў ніякіх паказаньняў. Між іншым, адзіны тут, хто паводзіць сябе строга паводле Канстытуцыі – ня ён мусіць даказваць сваю невінаватасьць, а суд мусіць даказваць ягоную віну. Шчыкло і Пашкоўскі ўчора далі паказаньні, адказвалі на пытаньні, распавялі пра катаваньні ў КДБ. Выглядае, што гэтых трох агаварылі, замазалі, навялі на іх паклёп. Бо калі б яны бралі грошы, чаму ім гэтага не прызнаць, а не праводзіць трэці год жыцьця ў турме? Скажаце, добрае імя даражэй? Згодны. Але не для таго, хто бярэ хабар. Той мае зусім іншыя рысы характару, іншую мараль і іншыя каштоўнасьці, чым нейкае там добрае імя. Для таго не скарыстаць шанец яўкі з павіннай і ня выйсьці на волю – як самагубства.

Першыя чацьвёра далі прызнальныя паказаньні на сябе і на іншых. І вось якая тут утварылася інтрыга. Паказаньні далі, са сьледзтвам супрацоўнічаюць, але тут, на працэсе, паказаньні даваць адмовіліся. Усе чацьвёра, адзін па адным, адна схема. У такім выпадку зачытваюцца (тым самым панамарскім чытаньнем) іхныя паказаньні, дадзеныя на сьледзтве. Абвінавачанаму ня трэба нічога казаць. Прыйшоў, прадставіўся, паслухаў і пайшоў. Да пабачэньня. Скажаце, чаму? Вы ж прызналіся, супрацоўнічаеце, дык раскажыце ў дэталях – калі што і як было і што вы самі пра гэта думаеце? Не. Ні слова.

А ўся рэч у тым (я толькі сёньня гэта зразумеў), што гэта ня іхныя паказаньні. Гэта як бы іхныя паказаньні, складзеныя сьледчым КДБ. Сьледчы кожнаму мытніку пэрсанальна напісаў паказаньні. І калі той згаджаўся падпісаць – пад хатні арышт, на волю, калі ласка. Калі не згаджаўся – мяшок на галаву, катаваньні, зьдзекі. Ня вытрымаў? Падпісвай. Не падпішаш? У кайданкі і ў турму.

На калідоры суду чалавек, які сядзеў разам зь Юркойцем, але ў іншай справе і ўжо вызваліўся, а цяпер заходзіць часам на працэс, сказаў, што гэтыя рэпрэсіі яшчэ будуць вывучацца так, як сталінскія. Ізноў будуць рэабілітацыі, кампэнсацыі, сатысфакцыі… Многія тысячы справаў. Яшчэ і гэта нас чакае па сканчэньні пэрыяду ППРБ…

Ну як падсудны можа адказваць на пытаньні – гэта значыць, разьвіваць «свае» паказаньні, калі яны не ягоныя? І рэч тут ня ў беднай фантазіі – з гэтым, думаю, праблемы няма. Рэч у тым, наколькі ўбога скляпаныя іхныя легенды. Хацеў бы, не разаўеш.

Кодавае слова, па якім лёгка пазнаць «прызнанта» – «ня помню».

Якуценка, былы начальнік АБК: Грошы браў у Сарумянца, Башлыкевіча і Высоцкага. Перадаваў сваім падначаленым. Не асабіста раздаваў, а праз кагосьці аднаго. Праз каго – ня помню. Гэта мог быць Букель.

Букеля, здаецца, яны ўсе ня любяць і ціха радуюцца, што ён хоць і паказаў на іншых, але застаецца ў турме.

«Ня помню» стаіць заўсёды на тым месцы, дзе мусілі быць іх ідэнтыфікацыйныя словы, дэталі, рыскі, тое, што характарызавала б канкрэтнага чалавека. Як адбіткі пальцаў. Ня важна, што гэта пратакол. У сытуацыі перадачы хабару істотная любая дэталь, бо ўдзельнічаюць у працэсе як мінімум двое. А тут – «ня помню». У выніку іхныя легенды выглядаюць як адна тэкставая «рыба», дзе пустоты індывідуальнасьці прыкрытыя гэтым «ня помню».

«Прызнанты», як правіла, паказваюць на «прызнантаў». Але ёсьць выключэньні, якія заслугоўваюць асобнага разгляду. Гэтак Чэпін паказаў на Юркойця. І вось – яшчэ адзін цяжкі выпадак.

Найбольш расшчыраваўся Шыраеў – першы ў гэтай гісторыі нетутэйшы чалавек, родам з Расеі. Бачна, што чалавек шырокі, і са сьледзтвам супрацоўнічае, як сказаў, «у поўным аб’ёме». Грошы яму ў шуфлядку працоўнага стала клаў Букель. Па сто даляраў. Два разы было. Ён і іншым клаў (я бачыў) і яны забіралі (я бачыў). Таксама два разы. Кардымону, Шчыкло і Пашкоўскаму давалі ў маёй прысутнасьці. Якуценка даў мне тысячу даляраў, кажа, палову вазьмі сабе, а астатнія 500 па сотні раздай астатнім. Я клаў ім у шуфляды сталоў… На пытаньне: ці добраахвотна ён напісаў яўку з павіннай, Шыраеў адказаў: Цалкам добраахвотна. Мяне выклікалі ў КДБ, ціску не аказвалі, і я напісаў. Фактаў адразу ня ўспомніў. Успомніў ужо калі сядзеў у турме КДБ…

Былы Юркойцеў сукамэрнік кажа, што яны проста ня ведаюць, што з гэтым усім рабіць і як завершыць увесь гэты працэс. Праўда, стаўкі дзіўныя – не закон, ня праўда фактаў, не жыцьцё людзей, а справаздача аб праведзенай рабоце – КДБ, пракуратуры, суду.

Працяг перанесьлі на 23 траўня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG