Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У маіх допісах пра гэты суд па-за ўвагай апынуўся адзін фігурант, якога я, нібыта, і ня мусіў быў зачапіць – настолькі яго адасобілі ад астатніх. Але якраз гэты пэрсанаж – ключ калі не да справы Юркойця, дык да ўсёй сыстэмы, у якой гэтая справа аказалася магчымай.

Пачатак ТУТ

У справе ашмянскіх мытнікаў праходзяць ажно пяць працэсаў у чатырох раённых судах Менску. Начальнікаў судзяць асобна ў Менскім абласным. Усяго 58 фігурантаў.

Ад пачатку я меў на мэце пісаць не пра ўсе гэтыя суды (гэта і немагчыма), а толькі пра адзін – менскі Партызанскі, дзе судзяць Алеся Юркойця. Тут разам зь ім – 11 абвінавачаных. Суд атрымаў блытаны і непадрыхтаваны матэрыял, а ўрэшце апынуўся перад бяздоказнай пустатой і мусіў адправіць справу на дапрацоўку. Элемэнтарна няма доказаў віны.

Выйшла так, што ў СМІ рэгулярна асьвятляюцца толькі два працэсы зь пяці. Юркойцеў суд на Свабодзе і суд начальнікаў у абласным судзе, пра які піша «Белгазета». Пра астатнія ўвогуле не чуваць. Дык вось, суд начальнікаў таксама апынуўся перад недахопам доказаў віны і мусіў закрыцца на месяц. Паколькі справа адна, можна цалкам дапусьціць, што ва ўсіх пяці судах тое самае – домыслы замест доказаў.

Важны эпізод начальніцкага суду – тут успомнілі пра Нівяркевіча. Самага галоўнага мытнага начальніка Івана Нівяркевіча асудзілі за хабар напрыканцы 2015 году на 7 гадоў, а неўзабаве адзін год скасьцілі, бо ён вярнуў незаконна атрыманыя грошы дзяржаве. Але чаму галоўнага начальніка судзілі асобна ад 58 ягоных падначаленых, хоць гэта ўсё – адна гісторыя, тыя самыя грошы? Нівяркевіч выйдзе на волю праз тры гады, калі не раней, а гэтыя толькі сядуць на доўгія тэрміны. І самае загадкавае, што гэтых судзяць як арганізаваную злачынную групу (што дае даўжэйшую турму), а ў Нівяркевіча злачынства не групавое. То бок, яны ўсе дзейнічалі ў складзе групы, калі насілі яму грошы, а ён, калі гэтыя грошы браў, дзейнічаў сам па сабе?

Нівяркевіч – «чалавек унікальны», у 2010-м Лукашэнка ўручыў яму генэральскія пагоны, за год да суду ён атрымаў мэдаль «За працоўныя заслугі», а перад тым узначальваў мытню 10 гадоў, гэта значыць, урос у сыстэму з макаўкай. І абараніць яго ад турмы сыстэма не змагла толькі таму, што на пасадцы настаяў сам Лукашэнка: «Нават калі паводле закону ён нібыта не датычны, бо там ёсьць адказныя асобы, але ён начальнік, ён павінен кантраляваць гэтыя пытаньні і працэсы»*. Гэта значыць, нехта пераконваў Лукашэнку, што Нівяркевіч не датычны.

Справа Нівяркевіча сьведчыць пра ўнутраную барацьбу, якая ідзе паміж сілавымі ведамствамі і органамі ўлады. Зьвернемся да бухгальтэрыі.

Суд пастанавіў спагнаць зь Нівяркевіча хабарных грошай $ 12 450 у эквіваленце. Сума, якую заплацілі сваякі за адносна мяккі прысуд $ 46 650. Сюды ўвайшлі і тыя хабарныя грошы. А астатнія за што? Улічылі загад прэзыдэнта кампэнсаваць у трох-пяціразовым памеры?

Дапусьцім, праехалі. Нівяркевіч асуджаны і сядзіць. І тут пачынаюцца масавыя суды над ягонымі падначаленымі. Адзін зь іх – Гаральскі кажа, што ўсяго заносіў свайму начальніку грошы 15 разоў на агульную суму $30 тысяч.

Ці значыць гэта, што Нівяркевіча асудзілі асобна і ня ведалі, што скажуць падначаленыя? У тым і рэч, што ведалі. Гаральскі быў затрыманы раней, чым адбыўся суд над Нівяркевічам, і ягоныя паказаньні ў сьледзтва ўжо былі. Гаральскі быў у гэтай тэме зь лютага 2013 году, калі ўзначаліў мытны пост, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Фалевіча, таксама абвінавачанага ў дачы хабару. Ужо на першым месяцы працы Гаральскі ўпісаўся ў тэму, гэта значыць, і Фалевіч насіў грошы Нівяркевічу. Выснова: яшчэ да суду над генэралам сьледзтва ведала пра нашмат большую суму атрыманых Нівяркевічам грошай, але гэтыя зьвесткі ў суд не патрапілі.

Атрымліваецца, што КДБ «крышуе» Нівяркевіча. Навошта?

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак са спасылкай на інфармацыю з праваахоўных органаў, кажа, што атрыманьне хабараў было зьвязанае з расейскімі санкцыямі – забаронены тавар пераганялі праз мытню ў Беларусі, тут распакоўвалі і далей пераганялі ў Расею.

Цяпер зьбіраем усё разам. Паводле статыстыкі РФ, туды за год трапляе санкцыйнага тавару на мільярд даляраў. Ясна, што ня дробныя кантрабандысты яго туды возяць. Ясна таксама, што бяз згоды начальніка мытні такія аб’ёмы мяжу ня пройдуць. І ясна, нарэшце, што без «крышаваньня» КДБ гэтыя патокі празь Беларусь не працякуць.

Сыстэма працуе і надалей (а з чаго б ёй спыніцца?), а мяне ня столькі хвалююць яе ўнутраныя разборкі, колькі тое, што ахвярамі гэтых разборак становяцца прыстойныя, ні ў чым не вінаватыя, карысныя для краіны людзі.

Ну дапусьцім, ёсьць сярод 58-мі абвінавачаных мытнікаў цёртыя калачы, якія не ўпершыню выступаюць з прызнаньнем у хабары. Дык яны, відаць, і на мытню ішлі служыць, ужо ведаючы, што давядзецца мець справу са сьледзтвам і судом. Маўляў, рызыкоўная праца, таму можна і хабар браць, а пасьля зрабіць яўку з павіннай, што-нішто з хабараў застанецца, усяго не ўпільнуюць, а то, глядзіш, і прыкрыюць, суму падрэжуць.

А што рабіць з тымі, якія па-сапраўднаму давалі прысягу і прафэсійна рабілі сваю справу, якія паводле прыроды сваёй не маглі браць у рукі «нячыстыя» грошы, і за тое, што не агаварылі ні сябе, ні іншых, два гады сядзяць у турме?

Юркойцеў суд адновіцца 29 красавіка.

*Яшчэ адно выказваньне кіраўніка пра закон, якое, з аднаго боку, сьведчыць, што ў Беларусі закон не вышэй за ўсё, а значыць і дзяржава ня надта прававая, а зь іншага – цягне за сабой юрыдычную адказнасьць найвышэйшай службовай асобы краіны.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG