Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта ўсё наадварот, – адказвае дзіцячы вершык. І ў працэсе ашмянскіх мытнікаў у мяне часьцяком такое адчуваньне, што ўсё наўмысна робіцца наадварот – наадварот ад праўды, здаровага сэнсу, лёгікі.

Пачатак ТУТ

Ну вось хоць бы гэты прыклад. У 2015 годзе сьледчы КДБ Бычак праводзіць апытаньне мытніка Чэпіна на паліграфе. Заключэньне паліграфоляга – Чэпін хлусіць. Чэпін падмануў сьледзтва, так? Так. Што робіць сьледзтва? Ідзе на супрацоўніцтва з Чэпіным і выпускае яго на волю. Ведаючы, што «супрацоўнік» хлусіць.

Нягледзячы на гэта, сьледчы ўсёй душой «паверыў» Чэпіну, які за выхад на волю рэзка мяняе свае паказаньні, і не паверыў Юркойцю, які паказаньняў не мяняў і заўсёды сьцьвярджаў, што да махінацыяў з грашыма на мытні ніякага дачыненьня ня мае?

Ці гэта той выпадак, калі хлусьня не прызнаецца за злачынства, а наадварот – вітаецца? Бо тут зусім іншыя мэты – падчапіць чалавека на кручок, паралізаваць ягоную волю і раскруціць на агавор іншых? Але навошта?

Працэдура «супрацоўніцтва са сьледзтвам» зьявілася ў крымінальным заканадаўстве РБ нядаўна, у 2014 годзе – на асабістае ўказаньне прэзыдэнта. Былы старшыня парлямэнту Мечыслаў Грыб пракамэнтаваў гэтыя папраўкі наступным чынам:

— Магчыма, у гэтых зьменах і ёсьць пэўны сэнс, але ўсё залежыць ад таго, як яны будуць выконвацца і ў чые рукі трапяць. Калі зьмяншаць чалавеку пакараньне ў абмен на супрацоўніцтва са сьледзтвам, то можа стацца, што некаторыя пачнуць гэтым карыстацца, агаворваць іншых, каб выблытацца самім. Гэта будзе не на карысьць барацьбе са злачыннасьцю.

Сказаў як зьвязаў. Уся справа ашмянскіх мытнікаў трымаецца на агаворах і самаагаворах. І даказаць праўдзівасьць ці хлусьлівасьць гэтых агавораў можна толькі праз праніклівае ўзіраньне ў асобу, характар і біяграфію чалавека. Чым суд займацца ня будзе. Калі б заняўся, дык верагодна, што людзі ў клетцы, якія адбіваюцца ад агавору, і людзі ў залі, адпушчаныя за агавор, бо пайшлі на супрацоўніцтва са сьледзтвам, памяняліся б месцамі. Цяпер жа выглядае, што пад пакараньнем сумленны, а хлус (так Юркойць у судзе назваў Чэпіна) – на свабодзе.

Цікава, што адносна Юркойця нават думкі не прыходзіць пра «супрацоўніцтва са сьледзтвам». І сьледчаму, напэўна, у галаву б не прыйшло такое прапанаваць. Менавіта з улікам асобы, характару і біяграфіі чалавека.

Мечыслаў Грыб тлумачыць і гэтую сытуацыю:

– Ніводзін грамадзянін Беларусі на тэрыторыі нашай краіны ня можа быць прызнаны вінаватым да тае пары, пакуль ягоная віна ня будзе даказаная ў судзе і судовае рашэньне ўступіць у сілу. Да гэтага часу чалавек лічыцца невінаватым. Нягледзячы на тое, што ён затрыманы, знаходзіцца ў сьледчым ізалятары і гэтак далей. Пакуль па ягонай справе рашэньне суду не ўступіла ў законную сілу, ён па нашым заканадаўстве і Канстытуцыі лічыцца невінаватым. Але паводле новых зьменаў невінаватаму чалавеку прапануюць унесьці грошы, адкупіцца ад злачынства, хаця яшчэ не даказана, што ён яго ўчыняў. То бок сьледчыя органы выконваюць тут судовыя функцыі.

— Гэта ў цяперашніх беларускіх умовах можа стварыць глебу для карупцыі і новых парушэньняў правоў грамадзянаў? – пытаецца журналіст.

— Канечне! – адказвае былы генэрал міліцыі. – Я разумею так: калі падазроны супрацоўнічае са сьледзтвам, раскайваецца, паводзіць сябе станоўча — суд можа вынесьці рашэньне з улікам гэтага ўсяго. Сказаць — калі ты кампэнсуеш страты, якія нанёс дзяржаве ці іншаму грамадзяніну, то мы табе скароцім тэрмін ці ўвогуле вызвалім ад адказнасьці. Але гэта павінен рабіць суд, а ня сьледзтва. У цэлым гэта нармальная норма, у многіх краінаў сьвету так робіцца. Бо мэта — перавыхаваць чалавека, каб ён больш такога не рабіў. І калі ён у працэсе сьледзтва, суду дакажа, што зьмяніўся, кампэнсаваў страты — дык, можа, і ня трэба яго пазбаўляць волі. Але гэта павінен вырашаць той, хто мае права судзіць. А сьледзтва ня мае права судзіць. Вось цяпер яму даюць такое права. І я думаю, гэта ня вельмі добра.

Чаму «ня вельмі добра», Мечыслаў Грыб у тым інтэрвію ня кажа. Рэч у тым, што суд, як ні круці, гэта ўлада – трэцяя ў намінальным падзеле ўладаў на выканаўчую, заканадаўчую і судовую. А тут атрымліваецца – сьледчая ўлада, дадзеная ў рукі людзей, адзіная задача якіх – накапаць, сфабрыкаваць і па выніку – засудзіць, ня надта зьвяртаючы ўвагу на апраўдальныя абставіны, на лёс канкрэтнага чалавека і на такую хімэру як справядлівасьць.

Калі КДБ атрымлівае ўладу ў краіне, ён замест дзяржаўнай бясьпекі і раскрыцьця злачынстваў непазьбежна будзе займацца «крышаваньнем» антыдзяржаўнае дзейнасьці і фабрыкацыяй крымінальных справаў.

Вось вам і «Што такое Новы год?», і «Куды паехаў цырк?» у прыдачу. Працэс адновіцца толькі 31 сакавіка.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG