Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс ашмянскіх мытнікаў, які двойчы адкладаўся на месяц і зноў на месяц з-за недастатковасьці доказаў, зноў спынілі на паўмесяца.

Пачатак ТУТ

Прызнаюся, быў спадзеў, што сёньня Алеся Юркойця апраўдаюць і вызваляць з-за крат. Ну, калі доказаў недастаткова і зноў недастаткова, на якой падставе чалавек утрымліваецца ў турме? Гэта ўжо крымінальнае злачынства з боку тых, хто яго ўтрымлівае.

Але якраз сёньня нам паказалі чыстага «Кафку».

Сьледчы КДБ Бычак, той самы, што і фабрыкаваў усю справу, прыслаў пракурору цэлы том з… апісаньнем таварна-суправаджальных дакумэнтаў, якія… ад пачатку фігуравалі ў справе. На 406 аркушах. Сьледчы правёў агляд 14 каробак з накладнымі (іх там сотні тысяч). Але ж ён ужо рабіў гэта для абвінаваўчага заключэньня! Зь якога перапуду ўсё гэта называецца «новымі», а тым больш «рэчавымі доказамі»? Калі гэта самыя што ні ёсьць банальныя дакумэнты мытнага афармленьня машын? Няхай сабе пракурор, які нацэлены «ўсіх пасадзіць», на поўным сур’ёзе перадае гэтую шматстаронкавую адпіску судзьдзю, але судзьдзя – чаму ён дазваляе сябе публічна вадзіць за нос? І больш за тое. Судзьдзя вырашае, што з адпіскай мусяць азнаёміцца ўсе абвінавачаныя (11 чалавек) і прызначае на тое паўмесяца перапынку ў працэсе. З чым яны там азнаёмяцца, калі даўно ведаюць усю калекцыю Бычака напамяць?

Проста адкласьці працэс судзьдзя ўжо ня можа, бо больш, чым на два месяцы, не дазваляе закон. Таму прыдумляецца такая вось нібыта прычына – азнаямленьне. Судзьдзя з усіх сілаў расьцягвае працэс. Нехта ў калідоры кажа, што задача – дацягнуць да 18 году. Навошта? – для мяне загадка. Ня кажучы пра мучэньне людзей, віна якіх не даказаная, можна толькі ўявіць, якія гэта страты дзяржаўных сродкаў. Чыстай вады марнатраўства.

Але самае галоўнае, што «новыя доказы» самі па сабе ніякія ня доказы. Тое, што Юркойць аформіў 107 машын з кветкамі, сьведчыць толькі пра выкананьне ім працоўных абавязкаў. Далей ідзе «аўтарскі тэкст» Бычака, які аднекуль ведае, што за ўсе гэтыя машыны бізнэсоўцы плацілі грошы Юркойцеваму начальніку. Нават калі ўсё гэта праўда, дзе доказы таго, што Юркойць браў у начальніка грошы? Адзіны эпізод, які паўтарае адпушчаны пад хатні арышт Чэпін (быццам начальнік даваў яму для Юркойця), выглядае як відавочны агавор. І самае галоўнае – гэты «доказ» ня новы.

Гэта значыць, новых або дастатковых доказаў віны, для пошуку якіх суд рабіў два перапынкі, прадстаўлена не было.

Па ідэі, на гэта мусіў зьвярнуць увагу судзьдзя, калі б быў бесстароньнім.

Абвінавачаны Швінта просіць даць паглядзець тыя 14 каробак, прынамсі, тыя накладныя, якія афармляў ён, каб сказаць пэўна – ён ці ня ён. Гэта задавальняецца, бо яшчэ больш зацягне працэс. Але пытаньне – чаму абвінавачаным мытнікам не паказалі гэтыя каробкі за цэлых два гады, пакуль яны за кратамі і пакуль ідзе сьледзтва? – застаецца без пастаноўкі і без адказу. Ну ня веру, што ні пракурор, ні судзьдзя гэтым пытаньнем не задаюцца. Адвакаты маўчаць.

А вось абвінавачаны Тадэвуш Высоцкі просіць паглядзець паперы, якія афармляў ня толькі ён сам, але і тыя, хто працаваў зь ім у адной зьмене. Гэтую просьбу судзьдзя адкідае. Маўляў, іншыя могуць быць не пад судом і мы ня маем права «лезьці» ў іхныя паперы. Казуістыка не высокага ўзроўню. Быццам справа ідзе пра нейкія асабістыя зьвесткі ці справы. Насамрэч, гэта стандартныя таварна-суправаджальныя дакумэнты на фуры з кветкамі. Высоцкі мысьліць лягічна – а з якога бобу-гароху яму інкрымінуюць тое, што іншаму інспэктару не інкрымінуюць, калі падставы для інкрымінаваньня могуць утрымлівацца ў гэтых паперах? Ці яшчэ варыянт – пачынаць афармленьне фуры мог адзін інспэктар, пасьля другі, а завяршаць трэці. Чаго гэта раптам начальнік даў грошы толькі аднаму?

Адмовіўшы Высоцкаму, судзьдзя адабраў у яго аргумэнты для самаабароны, а сам адназначна ўстаў на бок абвінавачаньня.

З прэзумпцыяй у гэтым судзе мы разабраліся раней. Ані артыкул 16 КПК, ані артыкул 26 Канстытуцыі РБ у гэтым судзе законнае сілы ня маюць.

Тое самае пацьвердзілася ў эпізодзе з абвінавачаным Курневічам. Ён у дэталях разабраў заключэньне экспэртызы свайго голасу і даказаў нікчэмнасьць гэтага заключэньня («Матэрыялы не прыдатныя для лінгвістычнага аналізу з-за малога аб’ёму фонаматэрыялу»), пагатоў раней свой голас (які хацелі прыпісаць Курневічу) у гэтым запісе прызнаў ягоны начальнік Карповіч. Але меркаваньне Курневіча ўлічваць не прадугледжана, сказаў пракурор. Тое ж паўтарыў судзьдзя. Іх нават не зацікавіў аналіз Курневіча. Нават чыста для прафэсійнага інтарэсу людзей, якія нібыта шукаюць праўду.

Яшчэ адно хадайніцтва Курневіча – пра неправамернасьць утрыманьня яго пад вартай (больш за два гады), на думку пракурора, не знаходзіць падставаў. На думку судзьдзі таксама – «у сувязі зь цяжкасьцю ўчыненага злачынства».

Прабачце, якога злачынства? Вы хоць што-небудзь даказалі, хоць на адно пытаньне адказалі, хоць два якіх-небудзь факты склалі ў лягічны ланцужок? Абсалютна не. Усё трымаецца на фантазіях Бычака і агаворах тых, хто за гэта купілі сабе свабоду. Я разумею, што ёсьць заказ прэзыдэнта і ён «вышэй любога закона», але ж ёсьць яшчэ «чэсьць мундзіра» – няўжо яны дазваляюць выконваць заказ настолькі няякасна, непераканаўча і «міма касы».

Пакуль судзьдзя ў адмысловым пакоі раіўся, ці вызваліць яму Курневіча, ці пакінуць у турме, мы ўсе на калідоры мелі іскру надзеі. І Зьміцер Бартосік спытаўся, чаму пра вызваленьне не хадайнічае Юркойць?

– Ня можа, – сказаў я. – Ён чалавек зь іншае опэры і для яго з самага пачатку гэтая турма – не турма, а палон. Ён разглядае гэта ўсё зьдзіўленымі вачыма і ня можа зразумець, што ён робіць сярод людзей, пазбаўленых чалавечае годнасьці, для якіх вернасьць слову, нацыянальным каштоўнасьцям, сваёй краіне – пусты гук. І чаму яны так упарта імкнуцца ўцягнуць яго ў сваю гульню.

Працэс адновіцца 16 траўня.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG