Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Галоўнае, ня трэба ба-ба-баяцца


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Працэс ашмянскіх мытнікаў уступіў у фазу агульнае млявасьці, ніхто нікога ня струніць, нават міліцыянты-ахоўнікі ўжо не затуляюць задамі клетку з абвінавачанымі ад прысутных у залі. Расслабіліся.

Пачатак ТУТ

І пачаўся працэс са спазьненьнем, чаго раней не бывала. Паўсотні чалавек цэлую гадзіну нудзіліся ў калідоры, пяцёра ў «стаканах». Ніхто не перапрасіў.

Адзінае, што напружвае з ранейшай сілай, – клетка. Знак небясьпекі тых, хто ў ёй, «страшных злачынцаў», віна якіх усё яшчэ не даказаная.

Якраз яны, у клетцы, па-мойму, тут першыя нікога і нічога не баяцца. Яны сам-насам з уласным сумленьнем. Гатовыя да канца адстойваць добрую рэпутацыю – гэта важна найперш для дзяцей. Бацька – не злачынец. Баяцца іх. Высокі суд баіцца гэтых упэўненых у сваёй праўдзе людзей.

Неяк знаёмая судзьдзя, камэнтуючы на маю просьбу працэс Юркойця, сказала, што апраўдальны прысуд «у нас» немагчымы, бо для судзьдзі гэта азначае страту працы і канец кар’еры. То бок, не ў мэханізме суду справа, не ў дзяржаўнай інстытуцыі, а ў асабістым страху судзьдзі, прычым ня страху парушыць закон, а ў страху ня выканаць замову, пры тым колькі заўгодна парушаючы закон. Як вам матыў працы «органа справядлівасьці» – судзейскі страх?..

– Што-небудзь «нацягваць» усё адно будуць, – рэзюмавала знаёмая судзьдзя.

Для добрай рэпутацыі ў прынцыпе ўсё адно – «што-небудзь» ці «ўсё», два гады за неданос (з адпаведным вызваленьнем, бо ўжо адседзеў) ці 10 гадоў за дзейнасьць у складзе злачыннай групы. Рэпутацыя аднолькава замараная, бо яна – рэч бескампрамісная. За гэта і стаіць Юркойць, думаю, і астатнія ў клетцы таксама. На мінулым паседжаньні кінулася ў вочы, якія сьветлыя ў іх твары – асабліва ў параўнаньні з адпушчанымі на волю абвінавачанымі, у якіх твары – як зямля.

Экс-мытнік Курневіч у клетцы распавёў суду, колькі разоў сьледчы КДБ падахвочваў яго агаварыць сябе і іншых ды выйсьці пад хатні арышт. Але судзьдзя прапусьціў гэта міма вушэй. Калі верыць маёй знаёмай, судзьдзя баіцца. Пракурор бы тут жа перапытаў: «Баіцца на падставе чаго?».

У законе пра суды ў РБ у першых радках сказана, што «судовая ўлада… ажыцьцяўляецца незалежна ад заканадаўчай, выканаўчай уладаў», а ўжо ў артыкуле 7 «Парадак прызначэньня судзьдзяў» удакладняецца: «Судзьдзі абласных, Менскага гарадзкога, раённых (гарадзкіх)… судоў прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».

Як ты можаш быць незалежным ад мяне, калі цябе прызначыў я?

І вось у трактоўцы Канстытуцыйнага суду фармулёўка таго самага кодэксу гучыць ужо па-іншаму: «Судовая ўлада самастойная, яна ўзаемадзейнічае з заканадаўчай і выканаўчай уладамі». Слова «незалежная» прапала. Разам зь ім страцілі сэнс і словы «судовая ўлада».

Пра судзьдзяў сказана, што яны павінны быць добра забясьпечаныя матэрыяльна і сацыяльна, у адпаведнасьці зь іхным высокім статусам (арт. 9), а таксама – што прызначаюцца яны бестэрмінова (арт. 7), закон «Аб дзяржаўнай службе ў РБ» удакладняе, што кантракты з судзьдзямі не заключаюцца (арт. 30). Яны як бы вышэй за гэта.

Пра страх быць звольненым пакуль не знаходжу нічога. Здавалася б, усё ў судзьдзі добра – і накормлены і недатыкальны і мае высокі статус у грамадзтве. Хто мае права падняць на яго руку? Аказваецца, ёсьць такі чалавек, прычым канкрэтны. Вяртаемся ў закон пра суды, арт. 7-1: «Рашэньне пра спыненьне паўнамоцтваў указанага судзьдзі прымаецца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».

Як любіў паўтараць мой колішні рэдактар, і кола замкнулася…

Цяпер глядзіце. Прэзыдэнт агучвае замову, а фактычна загад пакараць ашмянскіх мытнікаў. Прызначаны прэзыдэнтам судзьдзя, натуральна, выконвае загад, расьцягваючы працэс у часе (вось гэта мне пакуль незразумела – навошта?) і кіруючыся страхам страціць месца, якое даў яму прэзыдэнт. У выніку пачынае дзейнічаць ня суд, а як бы сам прэзыдэнт – такі, якім мы яго ведаем. Законы не працуюць – толькі права сілы. Лёгіка адкінутая за непатрэбнасьцю, таму ўвесь працэс – не спаборніцтва нейкіх там бакоў, а невыразнае мармытаньне міма мікрафону. Мараль? Яна, як заўсёды, у тых, хто безь віны вінаваты. І іхнае адстойваньне чыстай рэпутацыі таксама – палохае высокі суд.

Насамрэч тыя, што ў клетцы, шматкроць дужэйшыя за гэтых, бо яны дужыя сваёй праўдай перад законам, людзьмі, краінай. Што зь імі ў параўнаньні «государевы люди», як любяць называць сябе чыноўнікі?

Калісьці даўно Алесь Юркойць распавёў мне показку пра страх.

Пажылы мужычок вучыць другога, нявопытнага, што трэба рабіць, сустрэўшы ў лесе мядзьведзя. «Галоўнае, ня трэба ба-ба-баяцца. Вось зайшоў ты ў лес, спусьціўся ў лагчыну, а там мядзьведзь есьць з куста маліны. Твае дзеяньні? Запомні. Галоўнае, ня трэба ба-ба-баяцца. Падыходзіш да мядзьведзя і г-ном яму па мордзе плясь-плясь-плясь»… «Чакай, – кажа нявопытны, – а дзе ты возьмеш г-но?». Пажылы зірнуў глыбокім задумлівым позіркам і сказаў: «Не хвалюйся, будзе. Галоўнае, ня трэба ба-ба-баяцца».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG