Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. «У аўтобусе ў праходзе на мяне паклалі Пашкоўскага»


Суд над групай ашмянскіх мытнікаў. Адзін з абвінавачаных — Алесь Юркойць

На адноўленым у аўторак працэсе ашмянскіх мытнікаў тое, што суд ігнаруе законы, ужо ня ўражвае. Уражвае вера ў гэтыя самыя законы, зь якой падсудныя, якія не прызналі віны, адстойваюць сваю годнасьць.

Пачатак ТУТ

Атмасфэра ў Доме правасудзьдзя тая яшчэ. Як на пахаваньні. Толькі там ужо ўсё скончылася, а тут цягнецца ў нашым выпадку трэці год запар. Турма як часовая сьмерць. Сядзіш пасярод гэтага ўсяго і думаеш: вось для чаго жыве чалавек? Для радасьці, творчасьці і любові. І каб дарыць гэта ўсё іншым. Дакладна так, як жыве Алесь Юркойць. Чаму тады ён трэці год у турме безь ніякіх доказаў віны? Выходзіць, тыя, хто захапіў яго ў палон, жывуць для чагосьці іншага? Замест радасьці ў іх безэмацыйная пустата, замест творчасьці руціна, замест любові страх. Але ці варта для гэтага жыць і, пагатоў, упіхваць гэта іншым? Няўжо гэтаму вучыла іх мама, і яны цяпер вучаць сваіх дзяцей? Адкуль бяруцца гасударавы людзі і сам іхны гасудар, які адкрытым тэкстам кажа, што «народ доўжан садзяржаць свайго прэзыдэнта»? Дакладна насуперак словам Кастуся Каліноўскага, Юркойцевага ўлюбёнага героя, які казаў «Не народ для ўраду, а ўрад для народу».

Сёньня публіцы чарговы раз паказалі чужое шоў. Чатырох опэраў з аддзелу барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі парушэньнямі, якіх даставілі на працэс у кайданках. Яны ўсіх «нашых» ведаюць, але праходзяць у іншай справе ў іншым разьбіральніцтве ў іншым, Заводзкім судзе. Таму пра «нашых» мы за ўвесь дзень не пачулі нічога. Адно што «нашы» маглі задаваць ім пытаньні і што на поўны голас гучала тэма катаваньняў у КДБ.

Першым прывялі старэйшага опэрупаўнаважанага Кардымона, які сходу адмовіўся даваць паказаньні. У такіх выпадках зачытваюць паказаньні з допытаў на сьледзтве. Палезьлі ў матэрыялы справы. Кардымона дапытвалі ў красавіку 2016 году. І што? І там адмова. «Спасіба, дасьвіданья» — сказаў судзьдзя.

Другі — у такім самым рангу, з прозьвішчам Шчыкло. Па-беларуску, мабыць, усё ж Шчыкла. Просіць зачытаць хадайніцтва. Судзьдзя — ок. Здымаюць кайданкі, дастае з партфэля паперы. Проста сыпле спасылкамі на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, зь якіх вынікае, што ён ня можа быць дапытаны ў гэтым судзе ў якасьці абвінавачанага, бо ён абвінавачаны ў іншым працэсе, бо яго не знаёмілі з гэтай справай, бо ягоныя паказаньні могуць выкарыстаць супраць яго і ўвогуле парушаюцца ягоныя канстытуцыйныя правы. Пракурор: Дык ён згодны даваць паказаньні ці адмаўляецца? Судзьдзя: мы ня ў праве ацэньваць вашы паказаньні. Юркойць: А ў якім статусе яго будуць дапытваць?

Ладна, угаварылі. Будзе даваць паказаньні ў няясным статусе затое ў ясных кайданках. У Шчыкло быў канфлікт з Букелем. Не з начальнікам, а з аднафамільцам з іхнага аддзелу. Букель прадаў яму дарагую машыну, не сказаўшы, што яна з дэфэктам. І празь месяц дарагая машына, як кажуць на Астравеччыне, каўкнула. А што да грошай за хуткі пропуск фураў, дык ні яму не давалі, ні ён нікому не даваў, пра такія выпадкі ня ведае дый увогуле гэта ў прынцыпе немагчыма.

Зноў пачынаецца лікбез суду пра спэцыфіку мытнай працы.

— А ці мог інспэктар дагледзець 30 адсоткаў фуры, калі яму было загадана дагледзець 100?

— Гэта немагчыма.

І яшчэ два дзясяткі пытаньняў у тым самым духу.

Тое, што так шмат нестыковак у разуменьні працы мытнікаў і што падсудныя і суд у гэтай цалкам аб’ектыўнай, расьпісанай у законах і інструкцыях, справе ўвесь час не знаходзяць паразуменьня, толькі падкрэсьлівае прыдуманасьць самой крымінальнай справы ў тым выглядзе, у якім яе прадставіў КДБ.

І тут з клеткі задае пытаньне падсудны Швінта: скажыце, а ці аказваўся на вас ціск з боку КДБ?

Арыштоўвалі Шчыкло дома, — пачынае ён доўгі расказ, — на вачах жонкі і дзяцей. Арыштоўвалі груба, накінуўшы на галаву мяшок. У аўтобусе кінулі ў праход на падлогу. Зьверху на яго паклалі Пашкоўскага. Білі. Патрабавалі сьпяваць, прысядаць, ставілі на калені. Доктар у СІЗА задаў толькі адно пытаньне: сінякі ёсьць?

Катаваў падпалкоўнік Данілаў.

Юркойць: Гэта той самы, што катаваў мяне. Рукасты.

Швінта: А чаго яны ад вас дамагаліся?

Шчыкло: Прызнальных паказаньняў на сябе і на іншых.

Вось дзе сапраўды справа шытая кулакамі. Прычым і не сама па сабе справа, а ўсяго толькі прыкрыцьцё іншага рэальнага злачынства, якое ня толькі не пакаранае ніколі ня будзе, але й ні ў які разгляд не патрапіць. А тут чалавечымі лёсамі шыецца чыстая містыфікацыя.

Трэці госьць — той самы Букель, які загнаў таварышу бракаванае аўто. Кажа пра незаконнасьць ягонага допыту (паўтарае Шчыкло). Шматлікія спасылкі на КПК суд прапускае міма вушэй. Ня хочаш казаць, зачытаем паказаньні ў часе сьледзтва. І тут пачынаецца.

Начальнік аддзела Якуценка прасіў пэўныя машыны правяраць як мага хутчэй і за гэта даваў грошы. «Помню, была машына з касьцюмамі для ролевых гульняў» — нейкі збой у сцэнары, бо дагэтуль п’еса была пра грошы за «бесьперашкодны пропуск транспартных сродкаў з кветкавай прадукцыяй». Грошы даваў і нейкі Канстанцін з Масквы — за свае фуры. Грошы даваў і Сарумянц. Букель браў і палову аддаваў Якуценку. Дзіўна, чаму не наадварот. Букель памятае свой навар за машыну… з мэбляй. Прозьвішчаў усё больш, і пачынаеш разумець, што пайшоў яўны «замаз». У дрэннага танцо… артыста белыя ніткі проста паперлі з усіх швоў. Букель браў грошы і дзяліў іх з калегамі ў аддзеле, пры гэтым прасіў «не праяўляць цікавасьці» да машын з кветкамі. Ну проста «вы напойце, мы сыграем». Праўда, сумы і колькасьць выпадкаў ніяк ня цягнуць на «асабліва буйны памер». Бачна, што калі гэта і не агавор, дык пэўныя мытнікі «прымазваліся» грашыма, бо апэрацыя прыкрыцьця рыхтавалася даўно і прадумана. Цікава, чаму Букеля не адпусьцілі пад хатні арышт? Замалую прызнаў суму, ці што? Стаіць у кайданках. І пра катаваньні ў яго не спытаеш. Бо даваць паказаньні тут і цяпер ён адмовіўся.

Пашкоўскі, чацьверты. Высокі і руды, у чорнай куртцы з капюшонам.

Юркойць: Ці надзявалі вам супрацоўнікі КДБ мяшок на галаву?

Пашкоўскі: Я сам надзеў. Яны далі, сказалі: на, надзень. Я надзеў.

Юркойць: Колькі вы прабылі ў мяшку?

Пашкоўскі: З гадзіну. Зьнялі толькі ў будынку Астравецкага КДБ.

Юркойць: Ці клалі вас у аўтобусе ў праходзе на Шчыкло?

Пашкоўскі: Так. Гэта ўжо ў аўтобусе да Менску. Спачатку я ляжаў на Шчыкло, потым паставілі на калені і так стаяў да канца дарогі.

Швінта: А як вы думаеце, зь якой мэтай яны гэта рабілі?

Пашкоўскі: Мэта адна — прызнальныя паказаньні.

У сераду суд працягне допыты.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG