Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці браў я калі ў жыцьці хабар? І ці даваў? Вядома ж, ня браў і не даваў. Думаю, як і большасьць з нас. Аказваецца, калі браў і даваў, але не ўсьведамляў, што гэта хабар, дык гэта й ня хабар зусім.

Пачатак ТУТ

Тут як зь «няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьці», толькі наадварот.

Судзьдзя Менскага абласнога суду Анатоль Дабрадзей прыводзіць прыклады, калі суд адмаўляўся кваліфікаваць хабар як такі.

Вось доктар К. выдаў пацыенту А. фальшывы бюлетэнь, за што атрымаў прадукты ў якасьці хабару. Паралельна К. абвінавачвалі ў атрыманьні хабару ад Ш. Аднак, пры вывучэньні справы было высьветлена, што гэта – узнагароджаньне за пасьпяховае лячэньне. Суд расцаніў першы эпізод як хабар, а другі выключыў са справы – як падзяку за выкананьне прафэсійных функцыяў К.

Між іншым, і тыя ашмянскія мытнікі, якія прызналі, што атрымлівалі ад начальнікаў грошы, расцэньвалі іх як узнагароджаньне за добрую працу. Прынамсі, дакумэнтаў яны не фальшавалі і нічога ўвогуле, што не ўваходзіла б у іхныя прафэсійныя функцыі, не рабілі.

Суд з усёй уедлівасьцю вышукваў хоць якіх парушэньняў па службе і не знайшоў. Хіба што мытнікі мелі пры сабе даляры на тэрыторыі мытні, дык па-першае, ці мелі насамрэч, а па-другое, тут хапіла б дысцыплінарнага спагнаньня.

Выходзіць, хабару не было?

Судзьдзя Дабрадзей у сваім артыкуле ў часопісе «Юрыст» кажа так: Хабар не кваліфікуецца ў тым выпадку, калі той, хто перадае грошы ці іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці, не разглядае іх як хабар, а лічыць, што гэта правамерная перадача матэрыяльных каштоўнасьцяў.

Інакш кажучы, суд мусіць даказаць, што той, хто дае хабар, і той, хто яго бярэ, перакананыя, што гэта менавіта хабар.

Аказваецца і паборы супрацоўнікаў ДАІ з кіроўцаў ня могуць разглядацца ў якасьці хабару ў выпадку, калі, аддаючы міліцыянту названую ім суму, кіроўца мяркуе, што аплачвае штраф за ўчыненае ім правапарушэньне. А вось калі кіроўца перакананы, што «дае на лапу», тады гэта ўжо хабар.

Калі верыць судзьдзю Дабрадзею, дык і ніякай арганізаванай злачыннай групы на Ашмянскай мытні не было. Прынамсі што да тых інспэктараў, справу якіх разглядае менскі Партызанскі суд, у якім мы сочым за лёсам Алеся Юркойця.

Давайце ўчытаемся:

«Калі службовая асоба атрымала хабар, а затым перадала частку атрыманага ў якасьці ўзнагароджаньня адпаведнай службовай асобе (без папярэдняй дамоўленасьці зь ёю) у мэтах учыненьня ёю дзеяньняў у інтарэсах таго, хто даў хабар, то прызнак атрыманьня хабару групай асобаў па папярэдняй змове адсутнічае».

Юрыст прыводзіць такі прыклад.

К. і М. выконвалі службовыя абавязкі – раскрывалі злачынствы. К. затрымаў Д. па падазрэньню ў злачынстве і на ягоную прапанову прыняў хабар, адпусьціўшы Д. без адпаведнага разьбіральніцтва. Далей К. перадаў палову гэтай сумы М. за тое, што ён нікому ня скажа пра тое, што адбылося. Суд выключыў з абвінавачаньня прызнак групы, бо тут не было змовы і грошы перадаваліся, калі атрыманьне хабару было завершана.

Выглядае, што гэта ключавы момант, які не дазваляе суду прызнаць датычнасьць ашмянскіх мытных інспэктараў да злачыннай групы. Зразумела, калі кожны мытнік, які прызнаўся ў атрыманьні грошай ад начальніка, кажа, што начальнік даваў яму пэрсанальна, таемна, тады і столькі, калі і колькі вырашаў сам, дык ні папярэдняе, ні, тым больш, групавое змовы тут не было і не магло быць.

Выходзіць, і групы не было.

Юрыдычныя калізіі паказваюць, наколькі сырую, непадрыхтаваную справу атрымаў суд. Каб пераканацца ў гэтым, хапіла аднаго месяца працэсу. У новым годзе суд зьбіраўся толькі адзін раз. Суду не хапае доказаў. Між тым, мытнікі, якія заявілі, што грошай ад начальнікаў ня бралі, ужо два гады сядзяць у турме.

Выходзіць, без усялякіх падставаў.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG