Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Я не разумею, у чым мяне абвінавачваюць


Палічыць 77 тысяч ружаў за тры гадзіны зусім не складана
Палічыць 77 тысяч ружаў за тры гадзіны зусім не складана

У менскім Партызанскім судзе дапыталі ашмянскіх мытнікаў паводле зноў выстаўленага абвінавачаньня.

Пачатак ТУТ

Навіна ў фармулёўцы. Замест «бесьперашкоднага пропуску» фураў з кветкамі цяпер — «бесьперашкодны выпуск кветкавай прадукцыі ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Прыватную віну тут даказваць не зьбіраюцца, спадзяюцца, што ўсё пакрые група, якую прыдумалі сьледчыя КДБ.

У залі амаль аншляг. Але, па вялікім рахунку, нічога новага мы ня чуем, усё ўжо гучала на папярэднім допыце напрыканцы мінулага году.

Тыя мытнікі, што прызналі сваю віну, выпрошваюць сабе меншыя тэрміны і сумы, якія яны павінны «вярнуць дзяржаве». Гэты торг, вядома, адцягвае ўвагу ад самой фабулы суду і ад адсутнасьці рэальных доказаў віны. «Прызнанты» зноў блытаюцца, фальшывяць і «ня помняць». Страпко не прызнае, што атрымаў 11 тысяч даляраў, а прызнае «каля пяці тысяч», якія яму давалі начальнікі Ігар Высоцкі, Букель і Карповіч.

— За што атрымлівалі грошы? — пытаецца пракурор.

— За афармленьне кветкавай прадукцыі.

— Ад Курневіча атрымлівалі? (Курневіч віны не прызнаў і знаходзіцца тут у залі, але ў клетцы.)

— Так.

— Якія сумы і колькі разоў?

— За даўнасьцю не магу сказаць, ня помню.

Даўнасьць тут невялікая. «Група» мытнікаў на Каменным Лагу, нібыта, дзейнічала ў 2010-2015 гады. Хоць раз мог бы і запомніць. Бо таргуецца за кожную машыну, за якую яму, быццам бы, плацілі ўзнагароджаньне. Але гэтага няма ў тэксьце, напісаным для Страпко сьледчым, і які ўзгоднены з адвакатам. Таму — «ня помню».

Усе шасьцёра «прызнантаў» гавораць паводле адной схемы. Праўда, калі раней усе рашуча не прызнавалі групу, цяпер кажуць: тады ня мог ведаць, што яна існуе, не ўсьведамляў, ніхто мне не казаў, што я ў групе. Значыць, групу вырашылі ўсё ж даціскаць, каб даваць тэрміны ад гэтага агульнага канцэпту, а не ад прыватнай канкрэтыкі.

Яшчэ адна новая фармулёўка — фармальнае афармленьне машын — замест ранейшых парушэньняў, то бок выкарыстаньня службовага становішча. Але што гэта такое — фармальнае — ня ведае ніхто.

Курневіч «прызнанту» Нагорскаму: Вы прызналі фармальнае афармленьне. Што гэта такое?

Нагорскі: Фармальна я не афармляў.

Чэпін — той самы мытнік, які, нібыта, перадаваў грошы Алесю Юркойцю і на паказаньнях якога ўласна і трымаецца Юркойцева «віна». Пракурор: Ці была група? — Чэпін: я дажэ ня знаў. Вазьмяшчаць буду ў тым аб’ёме, які прызнаў. — Ці атрымлівалі ад Башлыкевіча? — Ад Башлыкевіча атрымліваў, але гэта было ў 2009 годзе і не за кветкі.

«Спаліўся» Чэпін, засьвяціў свой хабар, але па-за рамкамі гэтай крымінальнай справы. І што вы думаеце? Суд на ягоныя словы і вухам не павёў. Суд як трамвай, едзе толькі па рэйках і па баках не глядзіць.

Пракурор Лапейку: Бесьперашкодны выпуск прызнаяце? — Не. — А за што вы атрымлівалі грошы? — Ня ведаю.

Тадэвуш Высоцкі (з клеткі): На сьледзтве вы прызналі інкрымінаваную суму, а цяпер прызнаяце толькі часткова. Што зьмянілася?

Увага! Фантастычны адказ. Запомніце, можа прыдасца.

Лапейка: Я ўжо адказваў на гэтае пытаньне…

Судзьдзя разводзіць рукамі — ён ужо адказваў. Кропка. Дзе, калі, каму, што адказваў — ня важна, праехалі.

Пракурор Казьмерчуку (ён у клетцы): Ці зьмянілася сямейнае становішча? Ну дзеці якія-небудзь зьявіліся?

Казьмярчук: Не, я два з паловай гады ў СІЗА, якія дзеці…

Усеагульны сьмех. Пазабавіў падсудны. Сьмяецца пракурор, сьмяецца судзьдзя, сьмяецца сам Казьмярчук. Я заўважыў, што і сам усьміхаюся. Пасьля, як кажуць, доўга думаў.

Пачынаецца допыт «непрызнантаў», і ў працэс вяртаецца фабула ўсёй справы.

Юркойць: Мне не зразумела, у чым мяне абвінавачваюць, што менавіта я рабіў або не рабіў у парушэньне заканадаўства. У абвінавачаньні гэтага няма.

Сапраўды, задача абвінаваўцы сфармуляваць сваё заключэньне так, каб падсудны зразумеў — за што і на чым грунтуецца абвінавачаньне.

Швінта (у клетцы) падрыхтаваў грунтоўны разгром усёй справы: Мяне абвінавачваюць у выкананьні службовых абавязкаў. Атрымліваць незаконныя грошы за тое, што робіш сваю работу, гэта як кіроўцу зьбіць пешахода, не парушыўшы правілаў дарожнага руху.

Падсудны прыводзіць дзясяткі прыкладаў, дзе высновы сьледзтва і абвінавачаньня завісаюць у паветры, не абгрунтаваныя нічым.

Швінта: Мароз, Букель і Лапейка мяне агаварылі, каб зьменшыць сумы свайго ўзбагачэньня, якія ім цяпер трэба кампэнсаваць, каб зьменшыць уласную адказнасьць.

Яшчэ адзін матыў уцягваньня ці агавору начальнікамі шараговых інспэктараў, якім грошы, нібыта, плаціліся ні за што, бо нічога за гэта не патрабавалася, працуй і працуй. Каб у выпадку чаго падзяліць адказнасьць. Гэта побач з інтарэсам КДБ: большая «група» — гучнейшая справа.

У Курневіча свой грунтоўны даклад з мноствам канкрэтных прыкладаў нявыкрутак.

Суд пераходзіць да дакумэнтаў.

Копія пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па фактах катаваньняў Юркойця сьледчым КДБ Данілавым. Маўляў, КДБ правёў праверку — не пацьвердзілася. Судзьдзя: Ці далучаць да справы? Адвакат Юркойця: Ня варта. Юркойць: А я ня супраць, каб далучылі. Далучаюць.

Напэўна, маюць рацыю і Алесь, і адвакат. Проста кожны зь іх жыве ў іншай пэрспэктыве. Для адваката гісторыя Алеся скончыцца разам з гэтай справай, а для Алеся ў гісторыі гэтай справы гэтыя дзьве старонкі кадэбэшнай адмовы некалі стануць самымі важнымі.

Дакумэнты, якія адлюстроўваюць апэрацыі мытнага кантролю 2010-2012 зьнішчаныя ў сувязі з тэрмінам даўнасьці. То бок тры зь пяці гадоў, калі мытнікам інкрымінуюцца службовыя парушэньні, проста ня могуць мець доказаў у прыродзе.

А вось акты догляду фураў. Доўга не разумею, навошта судзьдзя іх зачытвае, пасьля даходзіць: тут могуць быць прыкметы парушэньняў мытнікамі сваіх службовых абавязкаў. Напрыклад, у акце сказана, што Швінта за тры гадзіны пералічыў 77 тысяч ружаў. Пракурор: Вы ўласнаручна іх пералічылі да адной? Швінта: так. Але відавочная, на думку пракурора, немагчымасьць дзеяньня завісае ў паветры, яна ўяўная.

— Кветкі ў скрыні ўкладвае аўтамат, і па тарцы скрыні лёгка палічыць бутоны — гарызанталь і вэртыкаль — ды іх памножыць, вынік запісаць, тады — наступная скрыня, — кажа Майстар, які сёньня прыйшоў на працэс і ў якога свой, тэхнічны погляд на справу.

Насамрэч суд мусіў параўнаць акты догляду падсудных мытнікаў і акты іхных калег, якія праходзяць у працэсе сьведкамі, бо лічацца ня ўцягнутымі ў «групу». Але рабіць гэтага суд ня стаў, нібы зачараваны лічбамі — 77 тысяч за тры гадзіны!..

Палічыць 77 тысяч ружаў за тры гадзіны зусім не складана
Палічыць 77 тысяч ружаў за тры гадзіны зусім не складана

Яшчэ адзін падыход да снарада мытных парушэньняў. Начальнік загадаў вам дагледзець ня менш за 30% грузу, — кажа судзьдзя. — А хто прымаў рашэньне, колькі дакладна? — Дык начальнік. — Вы не зразумелі. Ён сказаў ня менш за 30, а хто вырашаў — колькі менавіта?

Судзьдзя падштурхоўвае падсуднага сказаць: я. Маўляў, начальнік сказаў ня менш за 30, а я ўжо вырашаў, 30 ці 40 ці 80. Але не атрымліваецца. Мытнікі — вайсковыя людзі. Сказана 30, значыць 30. А калі ў 30% выявіцца парушэньне, тады правяралі ўсе 100%.

Выглядае, што Юркойцеў суд набірае абароты на фінішнай лініі. Сыгналам на тое сталі прысуды мытным начальнікам у Менскім абласным судзе. Там начальнікі «нашых» мытнікаў шматкроць мянялі свае паказаньні, у тым ліку і ў дачыненьні да «нашых». Але «обозреть» вынікі начальніцкага суду Партызанскі суд адмовіўся. Маўляў, у нашага трамвая ёсьць дзьве рэйкі і глядзець па баках не выпадае. Судзьдзя паабяцаў хуткія спрэчкі.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG