Для новага выданьня культавага раману Караткевіча яго рэдактарка Валянціна Андрэева паспрабавала прачытаць твор вачыма рэдактара, якому ня трэба падпарадкоўвацца савецкім нормам.
Да 95-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча фонд Kamunikat.org падрыхтаваў у друк «Каласы пад сярпом тваім». Яго найбольшая адметнасьць — тое, што гэта тэкст, за які аўтар змагаўся пры жыцьці, здымаючы праўкі, зробленыя для выданьня 1968 году, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Рэдактарка выданьня Валянціна Андрэева падчас вучобы ў асьпірантуры мела доступ да тэксту, які сам аўтар сам лічыў гатовым для публікацыі чыставіком, але ён так і ня ўбачыў сьвет у такім выглядзе.
Гэты чыставік цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук у Менску, на яго падставе быў падрыхтаваны і выдадзены тэкст у 25-томным зборы твораў Уладзімера Караткевіча выдавецтва «Мастацкая літаратура». Паводле Валянціны Андрэевай, гэта той самы тэкст, які сам аўтар хацеў пабачыць апублікаваным.
Для новага выданьня Валянціна Андрэева паспрабавала прачытаць твор Караткевіча вачыма рэдактара, якому ня трэба падпарадкоўвацца савецкім нормам.
«Савецкім нормам і савецкаму бачаньню тэкстаў, ідэалёгіі, нават беларускай мовы. Паспрабавалі прачытаць вачыма прыязнага рэдактара, які, з аднаго боку, хоча зрабіць твор лепшым і ўказаць аўтару на памылкі, але, з другога боку, чуе і цэніць самога аўтара, разумее гісторыю твору і гісторыю аўтара. Ня мае намеру пстрыкаць па носе маладога пісьменьніка, які лезе ў гісторыю і паказвае яе зусім іначай, чым прынята, які ўводзіць формы і словы, якія ў той час не віталіся. То бок мы яшчэ раз прачыталі чыставік гэтага раману і вярнулі ў тэкст тое, што на сёньня ня ёсьць „крамолай“, наадварот, многія словы, як „капіяваць“, для нас натуральныя сёньня, Караткевіч менавіта такое слова ўжываў. Але савецкія рэдактары не маглі яго прапусьціць, бо заўважалі ў ім нешта недазволенае ці непрынятае для мовы».
Паводле рэдактаркі, праца з тэкстам была далікатная, усе словы, якія вярнулі, пісаў сам Караткевіч.
Дырэктар выдавецтва Kamunikat.org Яраслаў Іванюк кажа, што «Каласы пад сярпом тваім» пісаў чалавек сьмелы, аднак у друк раман аддаваў рэаліст.
«Час, калі Караткевіч пісаў раман, не спрыяў таму, што тэкст мог выйсьці бяз цэнзарскіх правак. Таму ўжо сам Караткевіч зрабіў там свае праўкі, якія дазволілі раману выйсьці ў савецкі час. Прыйшоў час, каб такія кнігі, важныя для сучасных беларусаў, выйшлі бяз цэнзарскіх правак. Бо, акрамя правак Караткевіча, цэнзура таксама выкінула некаторыя моманты. Мы вяртаем моманты, дзе аўтар пісаў пра Беларусь, пра беларусаў, але чаго ў савецкіх выданьнях не было».
Уладзімер Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў Воршы, памёр 25 ліпеня 1984 году ў Менску. Вучыўся ў Кіеве, у Менску пражыў шмат гадоў.
Караткевіч напісаў чатыры раманы, некалькі аповесьцяў, шмат апавяданьняў і вершаў. Ён вядомы як выдатны драматург і сцэнарыст, нагадалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Беларусі, адзначалі ягоны талент як паэта. Ён першаадкрывальнік жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры. Найбольш вядомыя ягоныя творы «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Зямля пад белымі крыламі», «Чазенія» і многія іншыя. Кнігі Караткевіча перакладзеныя на 10 замежных моваў.
Прапагандыст і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін у 2023 годзе заявіў, што зь ягонай ініцыятывы «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча выключылі з школьнай праграмы, бо там «шмат выдуманага».
Раней «Каласы пад сярпом тваім» вывучалі ў 11 клясе. У ім расказваецца пра час перад паўстаньнем 1863 году, сярод гістарычных пэрсанажаў згадваюцца Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка.
Форум