Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль у працэсе над ашмянскімі мытнікамі ў Партызанскім судзе Менску цягнецца перапынак да 15 жніўня, мы з калегамі працягваем аналізаваць гэтую справу і гэты суд, куды патрапіў наш сябра Алесь Юркойць.

Надоечы я атрымаў ліст ад Майстра. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што «паскоранае» афармленьне машын (за якое, нібыта, плацілі грошы мытнікам і якое ім інкрымінуецца ў якасьці злачынства) фігуруе толькі ў паказаньнях літоўскага бізнэсоўца Тураева (які, нібыта, гэтыя грошы і плаціў). Больш ні ў каго. Чаму пракурор верыць Тураеву, а ня верыць усім іншым, якія сьцьвярджаюць, што «паскоранага» афармленьня не было, бо не магло быць у прынцыпе? Тураеў такі самы падсудны, як і астатнія. Праўда, просіць для яго пракурор усяго 2 гады, а для астатніх 5-7-12.

Для даставернага доказу віны патрэбныя фактычныя дадзеныя. «Фактычныя дадзеныя гэта ісьцінныя дадзеныя, – піша Майстар. – Але як вызначыць ісьціннасьць дадзеных? Гэта і ёсьць задача суду і сьледзтва». А ў іх фактычна ніякіх інструмэнтаў на тое няма. Альбо яны не жадаюць іх «сьвяціць».

Нечакана Майстар пераводзіць размову ў лінгвістычную і філязофскую плошчу. Ён цытуе артыкул «Истина» ў расейскай wiki, і я разумею, што мы «папалі» кудысьці, адкуль проста ня можа быць выхаду.

«У адрозьненьне ад «праўды», – кажа wiki, – Ісьціна існуе ў адным экзэмпляры».

Wiki, вядома, ня самая апошняя інстанцыя, што, аднак, не адмяняе самой праблемы.

«Я ніколі не разьдзяляў гэтыя два словы: праўда і ісьціна, – піша Майстар. – Думаю, гэта сталі рабіць з-за сэнтэнцыі “Праўда ў кожнага свая, а ісьціна адна”. Хоць, на мой погляд, тут банальная памылка, трэба было ужываць словы “пункт гледжаньня” замест слова праўда».

Мы патрапілі ў палон расейскае мовы, бо на заходніх мовах ісьціна і праўда – гэта тое самае. І называецца адным словам, як па-ангельску – true.

Якое можа быць правасудзьдзе, калі праўда ў кожнага свая? У кожным разе гаворка не пра сучаснае, а пагатоў дэмакратычнае грамадзтва, дзе хоць бы дэкляруецца вяршэнства закону. Калі адной на ўсіх праўды няма, дык і аднаго на ўсіх закону быць ня можа.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка на маю просьбу апісаў сытуацыю наступным чынам:

«Спачатку ў расейскую і ўкраінскую (і на ўсю прастору бізантыйскага праваслаўя) прыйшло стараславянскае (царкоўнаславянскае) слова истина, а ўжо тады яго сталі сэмантычна разводзіць з словам правда — даволі штучна, як мораль і нравственность (таксама пара сынонімаў, розьніца паміж якімі неперакладальная на заходнія мовы).

У паўднёваславянскіх мовах (а стараславянская — паўднёвая) такой сынанімічнасьці няма, бо там правда азначае ‘справядлівасьць, юстыцыя’.

У нас жорсткага шматвекавога ўплыву царкоўнаславяншчыны не было, з 16 ст. яна ўвогуле сышла. Таму не было да 20 ст. у нас штучнага проціпастаўленьня “правда — истина”. Праўда і ёсьць праўда, ёй процістаіць няпраўда. А на ўсход ад нас цяпер “правд” шмат, гэта акурат тое, што ў заходніх мовах назвалі “постпраўдай”».

Магчыма, у багаслоўі падзел на праўду і ісьціну сапраўды стварае «глыбіню пазнаньня», а ў літаратуры, паэзіі яшчэ і становіцца прывабным афарызмам (прагадаць Пушкіна: «Тьмы низких истин мне дороже Нас возвышающий обман…), дык у юрыспрудэнцыю гэты падзел уносіць прафанацыю злачынства і пакараньня, дэмаралізуе суд.

Майстар кажа пра «праўду» Тураева, якую лічыць «праўдай» пракурор, і «праўду» астатніх падсудных, якую ён проста не бярэ пад увагу; «праўду» Сарумянца (у якога знайшлі два мільёны даляраў пад ваннай) пракурор бярэ пад увагу толькі ў той частцы, што грошы трэба забраць на карысьць дзяржавы, а што гэта за грошы – яшчэ адна «праўда», якая нават не разглядаецца судом; «праўда» былых мытнікаў і бізнэсоўцаў, якія, нібыта давалі грошы дзейным мытнікам, прызнаецца пракурорам, а «праўда» таго, за што і навошта давалі, застаецца за кадрам.

Словам, падводзіць рысу Майстар, усё як у апавяданьні Марці Ларні «Пра гэта маўчаць»:

«Там ёсьць сцэна, калі на брыфінгу пракурор распавядае вэрсію забойства пэрсоны Х, якое адбылося ў СІЗА. «Нябожчыка выбавілі ў турэмны двор і яго застрэліў снайпэр з дому насупраць турмы». «Як яго маглі выбавіць?» – спытаў дацкі журналіст. Пракурор адказаў: «Нябожчык любіў салодкае, забойца перакінуў цераз плот шакалядку». «Ганьба!» – закрычаў фінскі журналіст: «Вы хочаце, каб мы ў такое паверылі? Як вядома, нябожчык любіў яшчэ і выпіць. Вось калі б яму цераз плот перакінулі пляшку віскі…».

P.S. Прысуд у справе мытных начальнікаў, працэс якіх ідзе ў Менскім абласным судзе, абяцяюць абвясьціць 8 жніўня.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG