Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Цяпер і на гомельскай сцэне


Допыт. Ілюстрацыйнае фота
Допыт. Ілюстрацыйнае фота

Тое, што справа ашмянскіх мытнікаў насамрэч – п’еса, прыдуманая і пастаўленая сьледчымі КДБ, пацьвярджаецца ня толькі адсутнасьцю аб’ектыўных фактаў – доказаў віны, але і тым, што спэктакль у гэтыя дні адначасова ідзе на менскай і гомельскай сцэнах.

Пачатак ТУТ

Хіба што ў сталіцы 58 фігурантаў, а ў Гомелі 18. Усё астатняе – тое самае. Фабула: арганізаваная злачынная група на мытні атрымлівае грошы за, як вы ўжо здагадаліся, «бесьперашкодны» праезд транспарту з таварамі. Абедзьве справы распачатыя ў 2014 годзе, калі начальнік аддзела Ігар Высоцкі ў Ашмянах і опер Дзьмітры Пагарцаў у Гомелі сышлі са сваіх пасад і пачалі, ужо як бізнэсоўцы, «прамазваць» калег грашыма. Хтосьці браў, хтосьці ня браў. Пасьля першыя і другія падзяліліся на тых, хто прызнаўся (незалежна ад таго, браў ці ня браў) і пагадзіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, і тых, хто адмовіўся прызнаць віну. Даставернасьць паказаньняў нічога не каштуе, бо мы ведаем, што сьледзтва прэсавала затрыманых. У прыватнасьці, жонкі двух гомельскіх мытнікаў (якія не прызналі віны) распавялі мне, што на галаву фігурантам пры арышце надзявалі мех і ў такім выглядзе дастаўлялі ў турму. Пра гэта казалі і ашмянскія падсудныя.

Жанчыны адмыслова прыехалі ў менскі Партызанскі суд, каб распавесьці, што Пагарцава – чалавека лёгкага ў дачыненьнях, сцэнарысты выкарысталі ў ролі казла-правакатара, зрабіўшы зь яго ў выніку ахвярнага казла. Пагарцаў сустракаўся з калегамі ў кавярнях і прапаноўваў ім грошы за «бесьперашкоднае» афармленьне тавараў. Дакладна як Высоцкі.

Кавярня, на першы погляд, новая рэалія ў п’есе, такі сабе гомельскі «калярыт». Але задумы сцэнарыста яна не мяняе. Бо «дзялілі грошы», нібыта, дакладна як ашмянскія, непасрэдна на працоўным месцы і частку гешэфту пакідалі ў шуфлядзе службовага стала начальніка. Чаму не шыфраваліся, робячы ўсё гэта пад нядрэмным вокам кантралёраў з КДБ? – гэтае месца ў п’есе застаецца непраясьненым. Ці то аўтару не хапіла таленту ці ён, наадварот, меў на ўвазе прынцып папулізму: чым большая хлусьня, тым хутчэй у яе павераць.

Загадкай застаецца 2014 год, якім датуецца п’еса. Што мусіла адбыцца, каб у супрацьлеглых кутках краіны КДБ узяўся ствараць на мытні арганізаваныя злачынныя групы? Для чаго? Для агульнага постраху? Для таго, каб зьнізіць узровень карупцыі, якая ў Беларусі прыватызаваная дзяржавай? Проста з-за нелюбові кіраўніцтва аднаго ведамства да кіраўніка другога?..

У кожным разе два спэктаклі ідуць цяпер на менскай і гомельскай сцэнах, не зьвязаныя міжсобку нічым, апроч агульнага сцэнара і яго аўтара.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG