Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. У смаргонскім КДБ мне зламалі палец і два рабры, – Сарумянц


Гэтым разам суд ашмянскіх мытнікаў працаваў на поўную катушку. Дапытвалі начальнікаў і ключавых пэрсанажаў. Заводзілі па адным, у кайданках. Ніхто не адмовіўся даваць паказаньні.

Пачатак ТУТ

І хоць чарга Юркойцевага начальніка Карповіча, які, нібыта, праз Чэпіна перадаваў Алесю грошы (і гэта адзіны «доказ віны»), яшчэ не прыйшла, можна было пачуць шмат пазнавальнага пра ўсю гэтую мытную справу. Праўда, няма ніякіх гарантыяў, што чарговы герой сапраўды кажа праўду, а не прыдуманую яму ў КДБ легенду.

Мяне ня першы раз зьдзіўляе уласнае стаўленьне да падсудных. Чамусьці больш хочацца верыць і больш сымпатыі выклікаюць тыя, каго трымаюць у турме, чым тыя, хто прыходзіць на працэс сам. Дапусьцім, што ўсе кажуць праўду. Тады другія – хабарнікі, якія прызналі сваю віну, а першыя – чыстыя перад законам, бо незаконнымі грашыма не мараліся і віна іх не даказаная. Нельга пагадзіцца і з алягізмам, які дапускае заканадаўства. Першыя даюць паказаньні і адказваюць на пытаньні. Другія, якія быццам бы супрацоўнічаюць са сьледзтвам, маўчаць як рыбы (што ж гэта за супрацоўніцтва) і карысьці ад чытаньня іхных даўніх, шмат разоў зьмененых пасьля паказаньняў – ніякай.

Але сёньня ў судзе – толькі першыя.

Вось Гарнік Сарумянц, ураджэнец Баку, які задоўга да ўсёй гэтай справы, пачатак якой датуецца 2010-м годам, звольніўся з мытні і заняўся бізнэсам. Гэта ў яго пад ваннай знайшлі два мільёны даляраў, якімі прэзыдэнт у тэлевізары і анансаваў справу ашмянскіх мытнікаў.

Пачаў Сарумянц з таго, што ён ня можа быць абвінавачаным у двух судах (яго судзяць у абласным), што не знаёмы з матэрыяламі гэтага працэсу, урэшце і дапытваюць яго без адваката. Такім чынам парушаюцца ягоныя правы. Але, маўляў, хаваць мне няма чаго, таму гатовы адказаць на пытаньні.

Пасьля звальненьня з мытні Сарумянц стаў прадстаўніком літоўскага бізнэсоўца Танкелюна, які возіць фурамі кветкі з Галяндыі ў Маскву. Танкелюн хацеў, каб з афармленьнем ягоных машын на мяжы не было лішніх затрымак, для гэтага і спатрэбіўся дасьведчаны прадстаўнік на месцы. Ім стаў Сарумянц.

Гэта важны момант для рэканструкцыі ўсёй гісторыі, бо гэта самы яе пачатак – пагадненьне Сарумянца-Танкелюна. У 2010 годзе літоўскі лягістычны бізнэс пачаў наладжваць дастаўку галяндзкіх кветак у Маскву. Увесь шлях займае 48 гадзін. Цалкам зразумелае і зусім не крымінальнае з гледзішча бізнэсоўца жаданьне забясьпечыць хуткае праходжаньне адзінай на гэтым шляху перашкоды – мяжы Эўразьвязу і Мытнага саюзу. Бо кветкі псуюцца хутка.

Сарумянц кажа, што Танкелюн – знаёмы ягоных знаёмых. Было б ня так істотна, хто зь іх на каго выйшаў, бо абодва мелі законны інтарэс, калі б не адна істотная абставіна.

Ясна, што ўсё адбывалася пад шчыльным наглядам КДБ (як і ўсё жыцьцё мытні і яе работнікаў, дзейных і былых). І калі ў КДБ толькі задумлялі «кветкавую справу», мусіў быць «стартавы» чалавек, зь якога ўсё пачалося. На першы погляд і паводле вэрсіі КДБ такім чалавекам стаў Сарумянц. Але калі б насамрэч было так, ён не насіў бы сёньня тытул «арганізатара злачыннай групы», не сядзеў бы ў турме і не падвяргаўся катаваньням. І калі меркаваць зь ягоных паводзінаў у судзе, ён ніяк не чалавек КДБ. Што гэта значыць? Гэта значыць, што «стартавым» чалавекам КДБ у «кветкавай справе» быў Гена Танкелюн. Той самы літоўскі грамадзянін, які пазьбег затрыманьня і ўвогуле кудысьці зьнік, і фірма якога перадала ў КДБ сьпісы машын, за якія, нібыта, мытным начальнікам плаціліся грошы, з указаньнем – колькі за якую. (Прыходзіць на памяць справа Бяляцкага.) Інакш кажучы, самыя пачаткі «кветкавай справы» сцэнарысты КДБ схавалі ў Літве. Не дакапаесься.

– А што, у Танкелюна былі праблемы на мяжы? – пытаецца судзьдзя.

Сарумянц: Не. Гэта было яго такое жаданьне. Мы гаварылі пра паскоранае афармленьне. Тэрмін «бесьперашкодны пропуск» бессэнсоўны і прыдуманы сьледчым КДБ Бычакам.

Сапраўды, першая фармулёўка гучыць зусім не крымінальна. Пагатоў паскоранага афармленьня «скарапорту» патрабуе і заканадаўства. А фармулёўка Бычака ўжо можа разглядацца як парушэньне закону.

Такім чынам, Танкелюн выходзіць на Сарумянца, колішняга начальніка аддзела беларускай мытні, і прапануе яму прадстаўляць інтарэсы фірмы на месцы, на мяжы, каб хутка «вырашаць пытаньні» з праходам кветкавых фураў. У машын не павінна быць ніякіх парушэньняў, – заўважае Сарумянц. Так, натуральна, – пагаджаецца Танкелюн. Калі машына праходзіць гладка, Сарумянц атрымлівае за гэта грошы, калі затрымка – не атрымлівае.

Але Сарумянц даўно не працуе на мытні. І каб было гладка, трэба падключыць дзейных начальнікаў аддзелаў. І Сарумянц зьвяртаецца да Ігара Высоцкага. Ён перадае яму ад Танкелюна грошы і сьпіс машын за мінулы месяц – тых, якія прайшлі гладка. З часам Сарумянц выйдзе і на іншых начальнікаў аддзелаў (бо машыны Танкелюна ідуць ня толькі праз аддзел Высоцкага) з той самай прапановай. Але Ігар Высоцкі становіцца галоўным інсайдэрам КДБ ва ўсёй гэтай гісторыі.

Ня ўсе начальнікі аказаліся чыстымі на руку.

Сарумянц: Начальнік аддзела Кузьміч пазваніў мне і сказаў, што на машынах з кветкамі выяўленыя, нібыта, парушэньні. І ён можа з гэтым разабрацца за дадатковую плату. Усяго такіх машын 6, за кожную ён прасіў 200 даляраў. Я пазваніў Танкелюну і той сказаў, што заплаціць. Пасьля на маскоўскай мытні ў гэтых машынах ніякіх парушэньняў выяўлена не было. Я пазваніў Кузьмічу. Быў канфлікт…

Судзьдзя: За што Танкелюн перадаваў грошы, калі машыны і так ішлі без затрымкі?

Сарумянц: Ён лічыў гэта знакам падзякі за добра зробленую працу.

Тут трэба ведаць дачыненьні літоўцаў у бізнэсе, падзяка – рэч абавязковая. Гэтым літоўцы моцна адрозьніваюцца ад нас, беларусаў. Ад нас сёньняшніх. У нас і «дзякуй» могуць кваліфікаваць як хабар. А могуць і які-небудзь падораны «майбах» кваліфікаваць як падзяку. Усё залежыць ад набліжанасьці да першай асобы. У літоўцаў гэтага няма. Калі за падораныя табе грошы ад цябе нічога не патрабуюць, які ж гэта хабар? Знак прыязнасьці з надзеяй, што і далей усё будзе працаваць як мае быць. Гэта нават ня столькі для таго, каму даеш, колькі для ўласнага спакою.

Яны проста бралі грошы і нічога за гэта не рабілі, – кажа Сарумянц.

Пра тое, што грошы маглі праз начальнікаў трапіць інспэктарам, Сарумянц ня ведаў і не разумее, навошта гэта было рабіць. Выглядае, што калі гэткія «раздачы» і мелі месца, дык запачаткаваў іх, будучы начальнікам, Ігар Высоцкі – так яму сказалі ў КДБ. Пазьней, калі ён звольніцца з мытні, «раздачу» мусілі працягваць і ягоныя наступнікі. Хоць па-ранейшаму вісіць пытаньне – навошта? Калі матыў Танкелюна зразумелы, дык матыў начальніка, які такім чынам «дзячыць» падначаленаму, – чыстая дыскрэдытацыя, падстава.

Юркойць: Вы сказалі, што сьледчы КДБ вас палохаў. Як?

Сарумянц: Адразу ў смаргонскім КДБ сьледчы загадаў мне пісаць яўку з павіннай на Горбаля, Попчанку і Карповіча. Калі адмовіўся, сталі зьбіваць, зламалі палец і два рабры. Даставілі ў бальніцу, там зафіксавалі гэта як «траўму». У Менску суткі трымалі на допыце, без вады, яды і бяз сну. Маёр Данілаў, невялікага росту, цёмненькі, асабіста мяне душыў. Сьледчы Бычак казаў: усіх пасаджу!

Юркойць: Высокі суд. Гэта ўжо трэці выпадак катаваньняў з боку Данілава, пра які мы чуем на гэтым працэсе. Я хадайнічаю пра запрашэньне сюды маёра (ён цяпер падпалкоўнік) Данілава і сьледчага Бычака.

Судзьдзя: Задавайце пытаньні. Хадайніцтвы пасьля.

Сарумянц: Бычак казаў, што мае шмат маіх смсак, фота і відэа з доказамі. Аказалася, нічога няма, толькі домыслы.

Юркойць: У «амэрыканцы» пасьля адбою вы чулі крыкі, гукі ўдараў? –

Сарумянц: Так, шмат разоў.

Выйшаўшы параіцца, судзьдзя ў хадайніцтве Юркойцю адмовіў. Маўляў, там апэратыўныя супрацоўнікі, не паложана…

Юркойць: Ён мяне зьбіваў. Да каго ў краіне мне яшчэ зьвяртацца, апроч вас?

Судзьдзя: Дзякуй, допыт завершаны (гэта Сарумянцу).

Што ўразіла, калі ахоўнікі выводзілі яго з залі? Нікога (пракурора, судзьдзю, адвакатаў, падсудных) не зацікавілі тыя два мільёны пад Сарумянцавай ваннай. Як штосьці зусім неістотнае. Але ж гэта той клубок, зь якога і тчэцца ўся нітка гэтага працэсу. З тых мільёнаў і пачаў расказваць пра «банду на ашмянскай мытні» прэзыдэнт. Урэшце, тыя мільёны нікуды з абвінаваўчага заключэньня ня зьніклі. Але што гэта за грошы, мы, відаць, ужо не даведаемся ніколі.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG