Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Адчуваньне грамадзянскай вайны


На судзе ашмянскіх мытнікаў у Партызанскім судзе слухаюць начальнікаў і ключавых фігурантаў «кветкавай справы». Іх судзяць у абласным судзе, а сюды прыводзяць па адным у кайданках пад аховай міліцыянтаў. Як чыкацілаў.

Пачатак ТУТ

Між тым, усе яны збольшага інтэлігентныя людзі, усе з вышэйшай адукацыяй, усе жанатыя, натуральна, ніколі не судзімыя. Але самае галоўнае – віна іх не даказаная. Скажаце – навошта такія меры бясьпекі – як да дзікіх зьвяроў? Напэўна, гэтага патрабуе артыкул крымінальнага кодэксу, які ім інкрымінуецца. Але ў нашым выпадку гэта чысты фармалізм.

Насамрэч, яны, як і Алесь Юркойць, у пераважнай большасьці настойваюць на сваёй невінаватасьці (чаго, дарэчы, паводле закону рабіць не павінны), што як бы раздражняе ўсю праваахоўную сыстэму РБ, і тая ў ярасьці кажа ім: ах так? Невінаваты? Дык вось табе!.. І зь нейкай гопніцкай асалодай закоўвае гэтых, як на маё вока, збольшага прыстойных і паважаных людзей у кайданкі, трымае іх у турме, катуе рукамі сьледчых КДБ… І тут дзіўная рэч атрымліваецца. Тыя, хто не прайшлі катаваньняў і далі прызнальныя паказаньні на сябе і іншых, яны паводзяцца так, што ніяк ня станеш чакаць ад іх шчырасьці. Яны як бы за тоўстай сьцяной недаверу, яны маўчаць, а ў іхных вачах выразна чытаецца: ну вы ж разумееце… А ў гэтых, што невінаватыя, сьцяны няма. Замест яе – вымушаная пакора лёсу і гатовасьць гаварыць з надзеяй, што іншыя ўспрымуць іхныя словы як шчырыя.

Вось Фалевіч, былы начальнік мытнага паста, галоўны ў Каменным Лагу. Кажа: мне нічога пра незаконнае атрыманьне грошай маімі падначаленымі невядома. А ўсё, што ведаю, толькі з матэрыялаў справы.

Ці Бубнаў, начальнік аддзела аналізу і кіраваньня рызыкамі. Віны не прызнае, нічога ня ведае. Яго вінавацяць у «нефармаваньні профіля рызыкі», і нехта сказаў, што даваў яму за гэта грошы.

Юркойць: Вы аналітык. Скажыце, калі ласка, ці можа, на вашу думку, на працягу пяці гадоў існаваць на мытні аграмадная злачынная група, якая атрымлівае і дзеліць незаконныя грошы за тысячы машын.

Алесь тут ужо не пра сябе пытаецца, а пра ўсю мытню, пра станоўчае імя службы, у якой адпрацаваў амаль дваццаць гадоў.

Судзьдзя: Здымаецца пытаньне.

Ці, да прыкладу, Кавальчук, намесьнік начальніка ашмянскай мытні, начальнік аддзела ўласнай бясьпекі. Віны не прызнае.

Юркойць: Скажыце, калі ласка, ці пыталіся ў вас пра мяне супрацоўнікі КДБ?

Кавальчук: Шмат кім цікавіўся КДБ. У траўні 2014 прыйшла ананімка з Расеі, што начальнікі аддзелаў бяруць грошы за машыны з кветкамі. Была грунтоўная праверка, начальнікаў правяралі на паліграфе. У тым ліку Марыну Адамаўну Мароз, якая цяпер прызнала абвінавачаньне ў поўным аб’ёме (злачынная група). Нічога не пацьвердзілася.

Мы ўжо ведаем, што Марына Адамаўна да апошняга не прызнавала сваю віну, а пасьля раптам прызнала ўсё да астатняе махаткі. Ведаем, што прызнальныя паказаньні выбіваліся ў КДБ рознымі спосабамі. Ведаем таксама, што ў тую праверку на паліграф узялі ня ўсіх начальнікаў аддзелаў, а толькі траіх. Такім чынам КДБ вырашыў, што закрываць справу, якую ён пачаў фармаваць у 2010 годзе, рана, трэба яшчэ годзік пацягнуць.

Калі Фалевіч, Бубнаў і Кавальчук хлусяць, які ў іх рэзон? Думаю, яны цудоўна ведаюць, што справа замоўленая, што ўсіх пасадзяць (як і абяцаў сьледчы КДБ Бычак), што іхнае непрызнаньне іх не ўратуе. Дык на што спадзеў? Што ўсё ж такі ўратуе? Раптам зьменіцца ўлада ў краіне ці зьменяцца адносіны ўлады да іх? Ці судовая машына дасьць збой (то бок, запрацуе як мае быць, паводле закону і лёгікі)? Ці непрызнаньне стане істотным у наступным судзе – апэляцыйным? Але ў кожным разе, калі ёсьць надзея, дык гэта надзея на «раптам». Пастаянным фактарам тут можа быць толькі адзін – трымацца праўды і тым самым захаваць сваё добрае імя.

Трэба сказаць, што ня ўсе начальнікі, якія далі прызнальныя паказаньні, выйшлі з турмы.

Вось Попчанка, які працаваў у аддзеле аналізу і кіраваньня рызыкамі і паказаў на свайго начальніка Бубнава. Цікава, што прыйшоў ён у аддзел у 2010 годзе, акурат калі КДБ пачаў фармаваць справу. Тут увогуле забаўная сытуацыя. За машыны з «кветкавай прадукцыяй» Попчанка, нібыта, плаціў Бубнаву, а Бубнаў Попчанку. Гэтак сядзелі адзін насупраць аднаго за працоўнымі сталамі і перакідаліся зялёнымі паперкамі…

Вось Гаральскі, які на пасадзе начальніка мытнага паста Каменны Лог зьмяніў Фалевіча. Працаваў з 2013 да 2015 году. Чаму зьмяніў, суд у такіх дэталях не разьбіраецца. Але цалкам дарэчы будзе дапушчэньне, што Фалевіч адмовіўся гуляць паводле сцэнара КДБ, калі мытнікаў «прамазвалі» далярамі і трэба было набраць чым большую колькасьць «прамазаных». Паставілі больш згаворлівага Гаральскага.

Гаральскі: Незаконнае грашовае ўзнагароджаньне атрымліваў ад усіх начальнікаў аддзелаў, апроч Лапшэвіча. Грошы перадаваліся непасрэдна на працоўным месцы. Агулам 60 тысяч даляраў і 30 тысяч «наверх», Нівяркевічу. Полазаў, супрацоўнік аддзела ўласнай бясьпекі, паведамляў пра магчымыя праверкі, за што я даваў грошы і яму.

За паўгода працэсу я ўжо навучыўся месца перадачы грошай разумець як індыкатар хлусьні. Трэба лічыць мытнікаў за поўных дурняў, каб яны перадавалі даляры на працоўным месцы ці на тэрыторыі мытні пад відэакамэрамі ці на АЗС, дзе таксама ўсё фіксуецца на відэа. Такіх прыкладаў перадачы грошай ужо названыя сотні, нібы ўся мытня была напханая далярамі, але ніводнага відэазапісу, ніводнага факту праверак, каб хоць у каго ў кішэні знайшлі забароненую паперку, у матэрыялах справы няма. Чаму? Таму што гэтых эпізодаў не было ў рэальнасьці. І тут сьледчы КДБ Бычак ужыў прыём таталітарнай прапаганды – чым большая хлусьня, тым хутчэй у яе павераць.

Ашмяншчына-Астравеччына – край лясоў і дзівосных краявідаў, закінутых хутароў і капліц, утульных рачных берагоў. Вось скажыце мне, навошта, маючы ўсё гэта пад рукой, абавязкова ўчыняць злачынныя дзеяньні пад відэакамэрамі?..

Гаральскі: Ігар Высоцкі паведаміў мне сытуацыю празь месяц пасьля майго прызначэньня. Маўляў, увесь тавар ідзе без парушэньняў і за гэта даецца ўзнагароджаньне. То бок, службовыя асобы працавалі ў рамках прававога поля. Калі зьявілася інфармацыя ад Полазава ў канцы 2014 году, што ўсё адсочвае КДБ, я спыніў атрыманьне грошай і ўсім начальнікам настойліва рэкамэндаваў спыніць.

Спосаб атрыманьня грошай у Гаральскага больш «вытанчаны». Недзе на палявой дарожцы ён прыяжджаў на ровары, браў грошы і зьнікаў у тумане.

Пра гэта расказаў начальнік аддзела Ермалаеў. Дакладней, за яго гэта зрабіў пракурор. Ермалаеў: Паказаньні супраць гэтых людзей даваць адмаўляюся, бо я зь імі нічым не зьвязаны.

Чытаюць доўгія пратаколы допытаў на сьледзтве. І зноў нічога пра «нашых» падсудных у тых пратаколах няма. Сэнс гэтых чытак адзін – трэба «нацягнуць» групу. Прынамсі ўмацаваць бачнасьць, што дзейнічала група. А як інакш аб’яднаць у адзін прысуд 58 абвінавачаных, раскіданых па пяці менскіх судах?

Раптам судзьдзя куляй вылятае з залі. Выганяюць і ўсіх прысутных. Аказваецца, адной адвакатцы стала кепска і яна аддыхваецца каля расчыненага вакна ў калідоры. Побач іншыя адвакаты спрачаюцца, ці трэба ў выпадку адмовы ад дачы паказаньняў зачытваць усе пратаколы допытаў (а іх шмат). Пры тым пратакол апошняга, выніковага допыту ў абласным судзе, дзе судзяць Ермалаева, не зачытваецца. Шмат часу марнуецца на леташні сьнег.

У паказаньнях Ермалаева ўвагу прыцягвае адзін эпізод. Ермалаеў, нібыта, перадаваў грошы Гаральскаму. І аднойчы Гаральскі сказаў, што ўсе супрацоўнікі знаходзяцца пад пільным наглядам КДБ. Пра гэта ён ведае ад знаёмага супрацоўніка КДБ. І трэба, каб усе начальнікі сабралі для гэтага супрацоўніка па 500 даляраў.

У мяне складаецца ўстойлівае адчуваньне халоднай грамадзянскай вайны, якая ідзе паміж КДБ і Мытным камітэтам, а можа і ўвогуле ў структурах улады РБ. Вайна нябачная – як злачынства, што інкрымінуюць ашмянскім мытнікам. Не відаць ні фактаў, ні доказаў віны, затое ёсьць факты і доказы вайны.

Суд не задумваецца, чаму грошы за машыны тых самых фірмаў то плаціліся рэгулярна, то раптам не плаціліся зусім. А машыны афармляліся ў тым самым тэмпе, і ўсе гэта (што перасталі плаціць) успрымалі як належнае. Інакш кажучы, літоўцы такім чынам аплачвалі сваю ўпэўненасьць, што бізнэс ідзе добра, а беларусы – літоўскімі грашыма – аплачвалі сваю грамадзянскую вайну, нянавісьць адзін да аднаго і вось гэтую сфабрыкаваную ў КДБ справу.

А пры тым… Працягваюць перасякаць беларускую мяжу тыя самыя машыны з кветкамі тых самых фірмаў і бізнэсоўцаў. Галяндзкія кветкі ідуць на Маскву. Лёгіка падказвае, што нехта працягвае аказваць знакі ўдзячнасьці ўжо іншым ашмянскім мытнікам – за добра зробленую работу. Ня будзе Гіршы, будзе чорт іншы.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG