Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. «За кіпучай чэкісцкай работай»


Алесь Юркойць у судзе

Судзьдзя на працэсе ашмянскіх мытнікаў чацьверты дзень «аглядае» таварна-транспартыя накладныя. Паперы, у якіх, на першы погляд, ня можа быць нічога неардынарнага, суд ператварае для мытнікаў, што іх афармлялі, у наклАдныя.

Пачатак ТУТ

Акцэнт робіцца на тым, ці даглядалася фура (слоўнік перакладае «досмотр» нязвыклым словам «надгляд»), то бок, ці ўскрывалі пломбу і пералічвалі тавар, далей – хто фірма-атрымальнік, нумар асабістай пячаткі мытніка, нумар машыны. Калі гэты набор паўтараецца соты раз, страшна хочацца спаць.

Недагляданых фураў на слых менш, чым дагляданых. У нейкі момант судзьдзя нават зьдзіўлена ўскідвае бровы і «пра сябе» камэнтуе: амаль усе дагляданыя.

Лёгіка суду ў тым, што за дагляданыя машыны мытнік у прынцыпе ня мог атрымліваць грошы, бо які ж тут «бесьперашкодны пропуск», калі фуру разгружалі. Але ці можа нядогляд машыны сьведчыць пра атрыманыя за гэта грошы? Ён можа, хіба што, ускосна пацьвярджаць факт атрыманьня грошай у тым выпадку, калі сам гэты факт даказаны.

А факты пакуль не даказаныя, а толькі меркаваныя на падставе прызнальных паказаньняў, якія, мы ўжо ведаем, маглі быць здабытыя ў КДБ сілаю, а маглі быць чыстым агаворам за нейкія пасулы. І, як выглядае, давесьці меркаваньні да ўзроўню доказаў суд ня можа, таму бярэцца за ўскосныя сьведчаньні таго, чаго па сутнасьці не было. На якой падставе? На той, што – «магло быць».

І вось тут адно з важных неадказаных пытаньняў, якія судом не прымаюцца над увагу: а ці сапраўды «магло быць»? Гэта не пытаньне веры-няверы. Гэта пытаньне службовых інструкцыяў, усталяванага на мытні парадку і татальнага кантролю над працай саміх мытнікаў.

Мы ўжо ведаем, што інспэктар сам не вырашае, ці даглядаць машыну. Ужо гэтага дастаткова, каб прызнаць абвінавачаньне нікчэмным. Даглядаць ці не даглядаць – вырашае мытны начальнік, і тое ў выпадку спрацоўкі профілю рызыкі ці індыкатара рызыкі. Бяз гэтай спрацоўкі машыны не даглядаюцца, дастаткова, каб дакумэнты на фуру былі ў парадку. Гэта значыць, што факт нядогляду можа толькі ўскосна сьведчыць пра нешта, але толькі ў выпадку, калі тое нешта было. Сам па сабе ён не дае падставаў нават дапускаць, што за машыну плаціліся грошы.

Далей. Не рэальна, каб начальнік загадаў інспэктару не даглядаць машыну, на якую спрацаваў профіль ці індыкатар рызыкі (гэта лішняя вага ці хоць што падазронае ў выглядзе машыны, кіроўцы і дакумэнтаў ці наводка ад іншых службаў). Не рэальна, бо за гэтым пільна сочаць розныя органы, найперш КДБ. А каб яшчэ за ўсё гэта начальнік плаціў інспэктару грошы… Дый навошта?

Мэта можа быць толькі адна – фабрыкаваньне вось гэтай вось справы ашмянскіх мытнікаў. Бо ўсё згаданае «магло быць» толькі пад покрывам КДБ. І сама справа ашмянскіх мытнікаў можа быць патрэбная толькі КДБ. Чаму? Бо гэта дзейнасьць, «кіпучая чэкісцкая работа», раскрыцьцё, посьпех, пахвала прэзыдэнта, новыя пасады і званьні. Інакш кажучы, справа ашмянскіх мытнікаў задуманая і сфабрыкаваная ў КДБ чыста ў інтарэсах ведамства. Бо нічыім іншым інтарэсам яна не адпавядае.

Я ня ведаю, што ў паняцьце «дзяржаўнай бясьпекі» ўкладвае сам КДБ. Мяркуючы са справы «Белага легіёну», зусім ня тое, што звычайна ў іншых краінах даручаецца службе бясьпекі. Між тым, ведамства вялікае, як бясконцасьць, і адпаведны бюджэт. Таму і справаздачы павінны быць гучнымі, «кіпучымі». А калі нічога гучнага ў краіне не адбываецца, чаму б не стварыць такую маштабную справу і не раскрыць яе, прыцягнуўшы да ўдзелу прэзыдэнта?

… Сядзім з Алесем Юркойцем, пераглядаемся. Ахоўнікі, якія сьпярша затулялі сьпінамі клетку ад прысутных у залі, ужо даўно сядзяць уразвалку расслабленыя, і можна колькі хочаш гуляць у пераглядалкі. Гаварыць і жэстыкуляваць забаронена. І як многа трэба сказаць вачыма. На жаль, толькі сказаць, не пагаварыць…

Сапраўды, каму прасьцей падабраць фактуру ўсёй гэтай п’есы, як не КДБ. На працягу пяці гадоў можна карпатліва скласьці схему «бесьперашкоднага пропуску кветкавай прадукцыі», вывучыць фірмы, якія гэтым займаюцца, адрэгуляваць догляды-нядогляды, на што КДБ можа лёгка ўплываць, «прамазаць» далярамі мытнікаў і мытных начальнікаў, якія вядуцца на хабар або на каго ёсьць кампрамат, упісаць у схему ўсіх астатніх мытнікаў зьмены (для маштабу), са спадзевам, што суд падыграе, падтрымае абвінавачаньне, надае тэрмінаў і ўсё гэта зьнікне ў турмах і ціхіх апэляцыйных вірах.

Суд апынуўся ў няпростай сытуацыі. Ясна, што трэба падыграць чэкістам. Яны ж, відаць, і адпомсьціць могуць за неатрыманыя зорачкі. Але на чым грунтаваць прысуд? На прызнальных паказаньнях тых, хто «супрацоўнічае са сьледзтвам», гэта значыць, пагадзіўся гуляць у бурную дзейнасьць КДБ? Ці ўсё ж на аб’ектыўным баку злачынства тых, хто гуляць у гэтую гульню адмовіўся?

Судзьдзя працягвае аглядаць накладныя, што афармляліся ашмянскімі мытнікамі, якія «ня нашы», бо праходзяць па справе ў іншых менскіх судах (усяго 58 чалавек). «Міленіюм», «Крыстал», «Фарэва», «Гармонія»… – гучаць назвы замежных фірмаў-атрымальнікаў «кветкавай прадукцыі» – тыя самыя, што і ў «нашых». Гэта чамусьці важна.

А ў мяне ў галаве ўсё ўстае на свае месцы. Важна, бо гэта самы пачатак справы. Чэкісты дамаўляюцца з замежнымі фірмачамі пра аплату «бесьперашкоднага пропуску» (куды ж яны дзенуцца), падключаюць згодных на тое мытных начальнікаў, а пасьля і шараговых інспэктараў, тых, якія залежныя або вядуцца. Зьбіраем усё разам і перадаем у суд. «Прамазаныя» мытнікі атрымліваюць магчымасьць прыяжджаць сюды з дому самі, а тыя, каго не ўдалося «прамазаць», трэці год сядзяць у турме. З гледзішча КДБ ні іх правы, ні іхны лёс, ні іхнае жыцьцё не каштуюць нічога.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG