Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. КДБ затрымаў мяне разам з жонкай і дзецьмі, — Карповіч


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

На судзе ашмянскіх мытнікаў Карповіч — адзіны мытны начальнік, які заявіў, што перадаваў грошы падначаленаму інспэктару Юркойцю.

Пачатак ТУТ

Не асабіста перадаваў, а праз інспэктара Чэпіна. Увесь 2015 год Чэпін наадрэз адмаўляў гэта, а ў 2016-м раптам пагадзіўся — перадаваў. Іншых «доказаў» віны Юркойця няма.

Вось чаму допыту Карповіча ў судзе чакалі зь першага дня працэсу.

З турмы ў Партызанскі суд яго даставілі ў кайданках, бо судзяць яго ў абласным. Круглаваты чалавек без асаблівых прыкметаў з затрымкамі мовы, быццам словы яму даюцца зь вялікай неахвотай, доўгія паўзы, шмат супярэчнасьцяў і недагаворак. На пытаньні Юркойця адказвае, як мне падалося, раздражнёна, быццам кажа: ды адчапіся ты. Пры тым час ад часу зьбіваецца на беларускую мову.

Грошы «за бесьперашкодны пропуск кветкавай прадукцыі» ён пачаў браць яшчэ будучы шараговым інспэктарам — ад сваіх начальнікаў, спачатку ад Ігара Высоцкага, пасьля ад Букеля. Высоцкі прасіў даваць інфармацыю пра машыны з кветкамі — прайшла машына ці не і ў чым прычына затрымкі. 14.01.14 Карповіч становіцца начальнікам аддзела сам.

Пракурор: Высоцкі перадаў вам тэлефон зь сім-картай літоўскага апэратара. Навошта? — Каб перадаваць інфармацыю. Высоцкі слаў мне смс з нумарамі машын. — Навошта? — Ня ведаю, яны мне былі непатрэбныя.

Паводле вэрсіі сьледчага КДБ, мытнікі дачыняліся на працы праз мабільнікі. У Каменным Лагу добра бяруцца літоўскія сеткі. І вось, маўляў, каб не сьвяціцца сваімі вэлкомамі-эмтээсамі, бо мець мабілу на працы катэгарычна забаронена, яны гаварылі праз тэле2, бітэ ці омнітэл. Сам факт эфэктна кладзецца радком у абвінаваўчае заключэньне, калі ня ведаць, што, жывучы на мяжы, бадай усе мытнікі часта бывалі ў Літве, таму нічога злачыннага ў тым, што пры ператрусе ў іхных дамах знаходзілі літоўскія сімкі, няма.

А дадайце сюды частыя праверкі мытнікаў з боку аддзела ўласнай бясьпекі ці КДБ ці хоць якіх іншых кантрольных службаў, якія ня выявілі ніводнага факту мабільніка ў тумбачцы ці даляраў у кішэні. Хоць такія факты маглі б стаць рэальнымі доказамі незаконных тэлефонных перамоваў ці незаконных грошай. Але ня выявілі, не зафіксавалі. Чаму? Таму што такіх фактаў не было? Ці таму, што наўмысна не заўважалі, бо самі карпатліва стваралі на мытні «арганізаваную злачынную групу», заяўляць пра якую пакуль што не было загаду?

Даляры Карповіч-начальнік атрымліваў ад Сарумянца. Той, нібыта, пакідаў яму ў шафе на працоўным месцы. Гэтыя грошы Карповіч раздаваў сваім падначаленым Курневічу, Страпко, Нагорскаму, Чэпіну, Казьмерчуку… Юркойця не назваў.

Пракурор: Для чаго вы ім перадавалі грошы? — Для паскоранага афармленьня, за хуткую і якасную работу.

Судзьдзя: А вы маглі іх як начальнік прэміяваць афіцыйна? — Так.

Грошы Карповіч перадаваў на стаянцы каля будынка мытні ў Ашмянах. Ізноў паўтараецца гэты індыкатар хлусьні. Бо перадача, як наўмысна, адбывалася пад відэакамэрамі, а ніводнай відэафіксацыі ў справе няма.

Судзьдзя: А іншым інспэктарам вы перадавалі? — Не. — Яны што, горш працавалі? — Хто горш, хто лепш.

Але гэта не адказ. У аддзеле працавала 20 чалавек, усе афармлялі машыны з кветкамі, у тым ліку тых фірмаў, што фігуруюць у справе як хабарадаўцы. Выходзіць, некалькі мытнікаў за гэта атрымлівалі, а большасьць не. І іх нават не затрымлівалі, ня тое што не абвінавачвалі. Яны і цяпер працуюць. Як мне растлумачыць гэта для сябе? КДБ сваіх інфарматараў не здае?

Судзьдзя: Юркойцю перадавалі? — Юркойцю асабіста ніколі не перадаваў. — А апасродкавана? — Юркойцю перадаваў праз Чэпіна. Грошы Юркойцю выдзяляліся. Можа, тры тысячы, не магу сказаць дакладна. — У якой форме вы перадавалі? — У канвэрце. — Запячатаным? — Здаецца, так. — Ці можна было здагадацца, што гэта грошы? — Напэўна, навобмацак… Ці перадаваў Чэпін Юркойцю, мне невядома.

Адвакат: Чаму сумы ў вашых паказаньнях мяняюцца?

Карповіч: Гэтае пытаньне задайце сьледзтву. Сарумянцу, Высоцкаму і Башлыкевічу. Яны расставілі сумы, зь якіх сьледзтва склала зводную табліцу і падлічыла сумы.

Дык вось чаму табліцы сьледчага не супадаюць са зьвесткамі таварна-транспартных накладных. А гэта, між іншым, істотна пры вызначэньні сумы «ўрону», няхай сабе і віртуальнага. Скажам, Карповіч нібыта перадаў праз Чэпіна Юркойцю 3 тысячы даляраў, а ў табліцах на Алеся расьпісана больш за 10 тысяч (асабліва буйны памер).

Адвакат: У сувязі з чым вы перадавалі грошы Юркойцю? — Я не магу сказаць. Можа таму, што перадаваў тым, каму давяраў. — Ці былі падставы дапускаць, што Юркойць гэтыя грошы атрымліваў? — Я зь ім ніколі пра гэта не гаварыў. Калі б гаварыў, можа быць, зьявіліся б і падставы. — Чаму не перадавалі Юркойцю асабіста? — Ну каб… Яны ж ехалі разам з Чэпіным.

Юркойць: Перад напісаньнем яўкі на вас аказваўся ціск?

Карповіч: Мяне затрымалі ў Менску разам зь сям’ёй (жонка і двое малалетніх дзяцей). Потым іх адпусьцілі, але мне пра гэта не казалі чацьвёра сутак… Зразумейце мой псыхалягічны стан. Яўкі ўжо былі напісаныя. Мне паказвалі яўку Сарумянца, якую ён са зламаным пальцам напісаць ня мог.

Юркойць: У маім абвінавачаньні напісана, што вы ўцягнулі мяне ў арганізаваную злачынную групу…

Карповіч: Я не прызнаю групу і нікуды вас ня ўцягваў.

Курневіч з клеткі нагадвае, што ўлетку 2014 году служба ўласнай бясьпекі правярала Карповіча на паліграфе. Нічога незаконнага ня выявілася.

Адвакат: Колькі разоў вы перадавалі для Юркойця грошы? — 4-5 разоў. — Як вы падлічылі? — Па ўнутраным перакананьні. Не па памяці. — На што вы абапіраецеся, калі называеце сумы? — На свае адчуваньні. Калі шчыра, я дагэтуль ня ведаю, за што плаціліся грошы і мне, і інспэктарам. — Ці атрымліваў Юркойць грошы, перададзеныя праз Чэпіна? — Юркойць ня скардзіўся…

P.S. Суд адкладзены да 27 чэрвеня. Запрашаюцца нейкія сьведкі. Але выглядае, што ўсё датычнае Алеся ўжо прагучала.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG