Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Прызнаньне — каралева доказаў


Допыт. Ілюстрацыйнае фота

Раней неяк не зьвяртаў увагі, наколькі каструбавата гучыць гэтая сэнтэнцыя. «Прызнаньне — каралева доказаў». Зараз прыгледзеўся — гэткая ж каструбаватая за ёй праўда.

Пачатак ТУТ

Сэнтэнцыю часам працягваюць словамі «а факт — кароль». Дык вось. Маштабны працэс ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе так і ня выявіў «каралёў» — фактаў супрацьпраўных дзеяньняў. Дасьледаваньні на паліграфе давалі супярэчныя вынікі, экспэртыза голасу казала, што не дастаткова аўдыёматэрыялу, таварна-транспартныя накладныя «аказаліся» таварна-транспартнымі накладнымі, ня больш за тое. А табліцу атрыманьня грошай за афармленьне машын сьледчы КДБ склаў са словаў абвінавачаных. Выходзіць, увесь працэс грунтуецца выключна на падставе прызнальных паказаньняў, якія, мы ўжо ведаем, выбіваліся ў КДБ праз катаваньні, псыхалягічны ціск і пасулы выхаду на волю.

Ці можа быць прызнаньне доказам віны?

У «Энцыкляпэдычным слоўніку крылатых словаў і выразаў» Вадзіма Сярова гаворыцца, што выраз «прызнаньне — царыца доказаў» узыходзіць да рымскага права. «Звычайна ўжываецца іранічна, як сымбаль сьледчай і судовай практыкі, тыповай для эпохі сталінскіх рэпрэсій у СССР».

Ёсьць вялікая небясьпека прымаць афарызм за праўду. Ты жывеш у Беларусі і ўяўляеш сваё жыцьцё такім, якім паказвае яго БТ, ты перакананы, што часы насталі «вэгетарыянскія» і грамадзтва зрабіла незваротны крок у сваёй гуманізацыі. У гэты самы час у Берасьці арыштоўваюць супрацоўніка мытні Бубнава, які перавёўся сюды з Ашмян, у КДБ яму «ламаюць спіну», ён доўгі час ляжыць у гіпсе, цяпер яго прывозяць у суд з турмы ў кайданках. І ўсё толькі таму, што колішні ягоны падначалены Попчанка на яго «паказаў». Чаму паверылі Попчанку, а ня Бубнаву? Ці таму, што ў Попчанкі сьпіна цэлая, і ніякага кроку да гуманізацыі грамадзтва насамрэч не зрабіла, «вэгетарыянскія» часы насталі хіба што на БТ, а не ў рэальнасьці.

Алесь Юркойць казаў на працэсе, што ў КДБ яму таксама ламалі сьпіну. Ведаеце чаму? Калі б’еш са спіны, ня трэба глядзець у вочы. Подла? Напэўна, калі думаць, што норавы зьмякчыліся. Але пачынаеш моцна сумнявацца ў гэтым, калі бачыш, колькі мытнікаў з падачы сьледчага «паказалі» на іншых. Гэта значыць, нікуды ня дзелася ня толькі «каралева доказаў», але і «яго вялікасьць» данос. Людзі гатовыя масава «паказваць» адзін на аднаго, апраўдваць катаваньні (а як інакш?) і доўгія турэмныя тэрміны (ні за што ў нас ня садзяць). І гэта менавіта цяперашнія сілавікі вызваляюць у чалавеку самыя нізкія пачуцьці і жорсткія норавы ваўчынай зграі. На БТ кажуць пра высокае, а жыцьцё вагаецца паміж гэтым высокім і катавальняй КДБ. І адзінае, што магло б тут даваць надзею на праўду — закон. Калі б ён працаваў.

Дык ці разглядае закон прызнаньне як доказ віны? Прабачце за доўгую цытату.

Артыкул 88 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ:

«1. Доказамі зьяўляюцца любыя фактычныя дадзеныя, атрыманыя ў прадугледжаным законам парадку, на падставе якіх орган, які вядзе крымінальны працэс, устанаўлівае наяўнасьць ці адсутнасьць небясьпечнага для грамадзтва дзеяньня, прадугледжанага крымінальным законам, вінаватасьць асобы, якая ўчыніла гэтае дзеяньне, альбо яе невінаватасьць і іншыя абставіны, якія маюць значэньне для правільнага разрашэньня крымінальнае справы.

2. Крыніцамі доказаў зьяўляюцца паказаньні падазраванага, абвінавачанага, пацярпелага, сьведкі; заключэньні экспэрта; рэчавыя доказы; пратаколы сьледчых дзеяньняў, судовага паседжаньня і апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, іншыя дакумэнты і іншыя носьбіты інфармацыі, атрыманыя ў парадку, прадугледжаным гэтым Кодэксам».

Зь першым пунктам усё зразумела — гэта проста пацьверджаныя факты. А вось другі пункт і адказвае на нашае пытаньне. Паказаньні не зьяўляюцца доказамі, яны — толькі крыніца доказаў. Такую трактоўку падтрымлівае і артыкул 92 КПК РБ:

«Паказаньні абвінавачанага — гэта зьвесткі, якія абвінавачаны паведаміў у вуснай ці пісьмовай форме на допыце, праведзеным на папярэднім сьледзтве, дазнаньні ці ў судовым паседжаньні…, а таксама пры правядзеньні іншых сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам».

Такім чынам прызнаньне — гэта зьвесткі, а ня доказы. Варта параўнаць з вышэй цытаваным: «Доказамі зьяўляюцца любыя фактычныя дадзеныя». Зьвесткі, яны ж крыніца доказаў, ня маюць якасьці «фактычных дадзеных». Яны — толькі падказка, дзе трэба шукаць факты. І яны (зьвесткі) не гарантуюць, што факты будуць знойдзеныя, да таго ж зьвесткі могуць быць ілжывымі.

Але сьледзтва ў справе ашмянскіх мытнікаў, чамусьці, зусім не карыстаецца гэтымі падказкамі, а замест гэтага спрабуе выдаць падказкі за факты.

Напрыклад, большчасьць падсудных, якія прызналі сваю віну, кажуць, што перадавалі і атрымлівалі грошы ў месцах, дзе стаяць відэакамэры. Агулам гэта дзясяткі, калі ня сотні эпізодаў. І гэта падказка, дзе можна знайсьці факты, пацьверджаньне. І такіх фактаў на відэа павінны быць сотні — дзе мытны начальнік К. перадае падначаленаму С. канвэрт з грашыма. Але гэтага няма. Таму суд стварае ўражаньне працэсу на зыбучым пяску, бо бяз фактаў зьвесткі не валодаюць уласьцівасьцю доказаў.

Згадайце нядаўнюю гісторыю зь філёзафам Уладзімерам Мацкевічам. Трое міліцыянтаў засьведчылі ў судзе, што Мацкевіч удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі ў Менску. Стаяў з плякатам і парушаў закон. У адказ Мацкевіч паказаў свой пашпарт і выкарыстаныя авіяквіткі, зь якіх вынікала, што ў той дзень Мацкевіч быў у Варшаве. Міліцыянты ілжэсьведчылі, г.зн. давалі паказаньні, тады як на руках у Мацкевіча былі факты.

Калі доказ сапраўды доказ, яго нельга абвергнуць, і наадварот, калі доказ можна абвергнуць, гэта ня доказ. Усё, што «паказаў» Чэпін на Алеся Юркойця, абвяргаецца фактамі, калі б суд быў зацікаўлены гэтыя факты шукаць і аналізаваць. Цяпер жа суду дастаткова «зьвестак», каб трэці год трымаць чалавека ў турме.

P.S. У кулюарах суду гэтым разам давялося пачуць, што тыя два мільёны даляраў, якія знайшлі ў Сарумянца пад ваннай, ужо забраў іхны ўладальнік, нейкі надта вядомы дзядзя з Масквы. Цяпер гэтыя грошы павінны зьнікнуць і з матэрыялаў справы ашмянскіх мытнікаў, калі гэтая справа насамрэч усяго толькі выконвае ролю апэрацыі прыкрыцьця каналу перапраўкі расейскіх капіталаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG