Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Віна Юркойця «поўнасьцю даказаная»… Чэпіным


На працэсе ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе скончылася судовае сьледзтва. Аб’ектыўных фактаў віны выяўлена так і не было. Але віну прызналі «поўнасьцю» — паводле сукупнасьці і альгарытму.

Пачатак ТУТ

Перад тым адвакаты падавалі характарыстыкі, чыталі квітанцыі. Мытнікі, якія прызналі віну, сьпяшаліся сплаціць грошы. Каму і за што — засталося пытаньнем. Адвакатка Часнойця рэзюмавала: «Ущерб возмещен в полном объеме». «Ущерб» каму? Літоўскаму бізнэсоўцу Тураеву? Адвакатка Бабровіча казала «о полном возмещении вреда». «Вреда» якога і каму? Але ўсё, што ідзе ў даход дзяржавы ў нас вітаецца, нават калі паходжаньне грошай застаецца невядомым або неназваным. У квітанцыях мэтавае прызначэньне плацяжоў названае так: «О возмещении неосновательного обогащения». І сьмех, і грэх.

Да справы далучаюцца даведкі пра прабадную язву, дыстрафію вока, цяжарнасьць жонкі, просьбы працоўных калектываў, куды пасьпелі ўладкавацца мытнікі, якія прызнаньнем купілі сабе хатні арышт замест СІЗА.

Сёньня пракурор будзе прасіць тэрміны, таму «правільныя хабарнікі» імкнуцца «зьмякчыць» сваю віну. Аргумэнты «няправільных», якія віны не прызналі, тонуць у гармідары гэтай біржы тэрмінаў і сум.

У перапынку да мяне падышоў Майстар. Кажа, сустрэў надоечы знаёмага мытнага начальніка. Ён ужо 15 гадоў не працуе. «Пытаюся, ці маглі мытнікам даваць грошы і за што? Адкуль гэты “бесьперашкодны выпуск” узяўся? Ніякіх доказаў парушэньняў у працы мытнікаў няма».

Грошы даваць маглі, кажа. За тое, што працавалі, як стаханаўцы, у прыбіральню не было калі схадзіць, «упахіваліся». Ёсьць норма — 600 машын за зьмену, а яны афармлялі 700, нічога не парушаючы, таму рэальна — у поце твару. Ясна, што пры нашых чэргах гэта віталася і начальствам і бізнэсоўцамі. Дый для дзяржавы гэта плюс. Ясна, што ня ўсе «стаханілі», нехта так і працаваў у сваім рытме, нехта падхопліваў агульны тэмп, але з пачуцьця калектывізму. Бізнэсоўцы за гэта праз пасярэднікаў маглі перадаваць грошы. Як яны рэальна разыходзяцца, ніхто ня ведае, вырашаюць начальнікі. Ясна, што ня ўсім даюць, бо ня кожны і возьме тыя даляры. Але калі фармуляваць, за што грошы, адказ адзін — за большы аб’ём працы.

А тут у КДБ ставяць задачу сфабрыкаваць гучную справу. Бяруць усю гэтую натуральным чынам узьніклую схему і кваліфікуюць як арганізаваную злачынную групу. Але ў чым злачынства? Як назваць, каб усе паверылі і пранікліся? Назвалі «бесьперашкодны выпуск», хоць усім зразумела, што яго не было. Машына спынілася — ужо перашкода. Бесьперашкодна — гэта калі б мытнікі разьбегліся, а фура праехала, не спыняючыся.

Сьледчыя КДБ склалі справу на мяжы ўласнай дыскваліфікацыі. А перадача даляраў на працоўным месцы ці пад відэакамэрамі ўвогуле выглядае як сьцёб з суду. І суд прымае гэты сьцёб, так ні разу й не пацікавіўшыся — а дзе запісы відэаназіраньня, калі хабары пад камэрамі, нібыта, перадаваліся тысячы разоў. Хоць бы адзін запіс.

Тым часам судовае сьледзтва завершанае, пачынаюцца спрэчкі.

Першым выступае пракурор. Віна ўсіх падсудных цалкам даказаная. Доказы заснаваныя выключна на прызнальных паказаньнях. Словы «бесьперашкодны выпуск» тлумачацца словамі абвінавачанага Лапейкі, маўляў, «афармлялі без прыдзірак». Пракурор трактуе: значыць, не зьвяртаючы ўвагі на парушэньні. Ніводнага канкрэтнага прыкладу парушэньняў не прыводзіцца.

Паказаньні Страпко, што ён атрымліваў грошы ад Курневіча, падаюцца як факт. Тое, што Курневіч гэта адмаўляе і нават выклікаў у суд сьведку, нікога не цікавіць. А тое, што Страпко сказаў, што ня ведае, ці атрымлівалі грошы Юркойць і іншыя інспэктары, у трактоўцы пракуратуры сьведчыць: Юркойць і іншыя грошы бралі, але не казалі пра гэта ў мэтах кансьпірацыі.

Нехта ззаду камэнтуе: А я думала, што суд — гэта сур’ёзна…

Страпко ў розных паказаньнях называе розныя сумы хабару, якія атрымаў. Маўляў, ня помню. Пракурор задаецца «рытарычным пытаньнем». Няўжо можна забыцца, калі розьніца складае пяць тысяч даляраў?

А пра тое, якія сумы і колькі разоў Страпко, нібыта, атрымліваў ад Курневіча, забыцца можна (як паказаў Страпко на папярэднім паседжаньні)? І ў той частцы пракурор яму паверыў — што грошы перадаваліся?

Тут помню — тут ня помню. Тут веру — тут ня веру. Што праўда, верыць пракурор толькі ў тое, што кладзецца ў абвінавачаньне, якая б небыліца там ні была.

Высокі суд, кажа пракурор, наколькі можна давяраць Нагорскаму ў частцы ягоных паказаньняў, зьмененых пасьля яўкі з павіннай? У яўцы ўсё выкладзена пасьлядоўна і даставерна, трэба яўку браць за аснову пры вынясеньні прысуду.

А то мы ня ведаем, што яўка напісаная сьледчым КДБ і што Нагорскі яе толькі падмахнуў: «з маіх слоў запісана верна». А пасьля, у судзе, на свой ужо розум, пачынаў нешта карэктаваць.

Калі зьвесткі, выкладзеныя ў яўках, прымаць за факты, навошта тады ўвесь гэты працэс? І чым тады займаўся суд вось ужо хутка год, калі дастаткова гэтых самых явак? Ня кажучы пра тое, што прызнальныя паказаньні — зусім не апошняя інстанцыя аб’ектыўных фактаў і доказаў, як гэта спрабуе прадставіць пракурор «паводле сукупнасьці».

Схема выглядае так. Калі паказаньні Карповіча, што праз Чэпіна перадаваў грошы Юркойцю, супадаюць з паказаньнямі Чэпіна, гэта «паводле сукупнасьці», на думку пракурора, ператварае акт перадачы грошай у даставерны факт. Хоць даставерны факт у іншым. Увесь 2015 год Чэпін адмаўляў, што перадаваў грошы Юркойцю, пасьля «ўспомніў» і адразу выйшаў з СІЗА пад хатні арышт.

Пракурора не бянтэжыць, што гэта — усё, што ў яго ёсьць «на Юркойця». Літаральна ўсё. А што, вы хочаце сказаць, што паказаньні Чэпіна — агавор? Дык асабістай няпрыязі паміж Юркойцем і Чэпіным ня выяўлена. Хоць Юркойць і казаў пра няпрыязь. Але Чэпін адмаўляў. Пракурор верыць Чэпіну. Прычым не таму Чэпіну, які адмаўляў, што перадаваў Юркойцю грошы, а таму, які гэта сьцьвярджаў.

І самае галоўнае. Дапусьцім Карповіч перадаваў для Юркойця грошы праз Чэпіна. Але дзе доказ, што тыя грошы не аселі ў чэпінскай кішэні? «Доказ» адзін — паказаньні самога Чэпіна. Але тут няма нават сукупнасьці, якая, на думку пракурора, робіць паказаньні даставернымі, бо Карповіч ня мог ведаць і не паказваў, ці дайшлі ягоныя грошы да Юркойця, ці іх прысвоіў Чэпін.

Проста публіцыстыка нейкая. Ніводнага аб’ектыўнага факту, толькі тое, што яны самі нагаварылі на сябе і на іншых. Калі супадае — значыць, так і было. А «непрызнантаў» трэба ацэньваць на падставе паказаньняў «прызнантаў». Чаму?

Віна Юркойця мусіць вынікаць не з таго, што нехта даваў яму незаконныя грошы, а з таго, што ён гэтыя грошы браў.

Юркойцю інкрымінуецца сума 12.700 даляраў, а Чэпін кажа, што перадаваў яму грошы тры разы. Па 4 тысячы з гакам? Загорнутыя ў паперку так, што Чэпін толькі «прадпалагаў», што гэта грошы? Але 4 тысячы — ладны пачак.

І адкуль узяліся гэтыя 12.700?

Аказваецца, з альгарытму. Альгарытм атрыманьня грошай за машыны, складзены сьледчым КДБ і прызнаны мытнымі начальнікамі. То бок зноў усё грунтуецца выключна на прызнальных паказаньнях.

Чаму гэта была арганізаваная група? Бо дзейнасьць насіла сыстэмны характар, быў стабільны склад удзельнікаў і яны гатовыя былі працягваць і далей. Зноў публіцыстыка, не пацьверджаная ніякай канкрэтыкай.

І такім вось чынам пракурор падыходзіць да турэмных тэрмінаў. «Прызнантам» па 5 гадоў, «непрызнантам» па 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Выключэньне — Курневіч — яму 11 з паловай. Таму што быў намесьнікам Карповіча, «аднаго з кіраўнікоў арганізаванай групы», значыць, замяняў яго ня толькі ў аддзеле, але і ў групе. Выходзіць, сама мытня і была арганізаванай злачыннай групай, мяркуе пракурор.

Пачынаюць выступаць адвакаты «прызнантаў». Стараюцца, каб не ўляпілі іхным кліентам групу і каб сума не перавышала асабліва буйнога памеру, бо гэта ўсё абцяжарвае віну. Адвакатка Лапейкі кажа, што яму інкрымінуюць 13 тысяч, але ён браў ня больш за 11, а сплаціў ажно 25. Цікава, зь якога перапуду?

Адвакаты просяць, каб меру далі, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі.

Зноў торг затуляе саму сутнасьць працэсу і нічым не даказаную віну «непрызнантаў». «Прызнанты» таргуюцца, чым, на думку пракуратуры, ужо пацьвярджаюць віну «непрызнантаў», якія адмовіліся браць удзел у гэтай гульні. А чым яны не такія, як тыя? Упарцяцца толькі. А ўпартым і тэрміны большыя. Бо не фіг тут.

Спрэчкі працягнуцца ў панядзелак аб 11-й.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG