Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыі няма. Як ішоў дзень галасаваньня за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

абноўлена

На выбарчым участку ў Менску перад галасаваньнем Аляксандра Лукашэнкі

17 лістапада ў Беларусі быў асноўны дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу. Выбарчыя ўчасткі былі адкрытыя ад 8 гадзіны раніцы да 20 вечара. Свабода расказвала пра хаду галасаваньня і сочыць за падвядзеньнем вынікаў.

Хто прайшоў у Палату прадстаўнікоў

2:25 На сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі зьявіліся папярэднія сьпісы абраных дэпутаў Палаты прадстаўнікоў. Прадстаўнікоў апазыцыі сярод пераможцаў няма.

1:00 На 0:30 Цэнтральная выбарчая камісія мае прозьвішчы верагодных пераможцаў амаль на ўсіх акругах пасьля папярэдняга падліку галасоў, сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі. Апазыцыі ў сьпісах пераможцаў пакуль няма.

Зь вядомых фігураў Ярмошына назвала:

  • экс-міністарку інфармацыі Лілію Ананіч;
  • дзейных дэпутатаў Валянціну Ражанец, Валянціну Курсевіч, Людмілу Канановіч, Валерыя Варанецкага, Тацяну Сайганаву, Людмілу Макарыну-Кібак, Ігара Камароўскага, Ганну Старавойтаву, Ірыну Рынейскую, Ігара Марзалюка, Вольгу Петрашову, Тамару Даўгашэй, Жанну Стаціўку;
  • былога прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных;
  • кіраўніка Менскага БРСМ Сяргея Клішэвіча;
  • прадстаўніцу «Беларусбанку» Марыну Лянчэўскую;
  • «Міс Беларусь-2018» Марыю Васілевіч,
  • старшыню Менскага гарадзкога савету дэпутатаў Васіля Панасюка;
  • судзьдзю Вярхоўнага суду Сьвятлану Любецкую;
  • першага прарэктара БДУІР Сяргея Дзіка;
  • кіраўніка «Белай Русі» і чальца Савету рэспублікі Генадзя Давыдзьку;
  • старшыню ЛДБР Алега Гайдукевіча;
  • прарасейскага журналіста Тэнгіза Думбадзэ;
  • старшыню Беларускага аб'яднаньня вэтэранаў Івана Гардзейчыка;
  • галоўнага ўрача адной з бабруйскіх лякарняў Уладзімера Гацко;
  • былога намесьніка старшыні ЦВК і намесьніка старшыні адміністрацыі Лукашэнкі Валера Міцкевіча.

Ці прайшоў у Палату прадстаўнікоў лідэр руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, Ярмошына яшчэ ня ведала, але сама згадала ягонае імя. Зь ягонай акругі зьвестак яшчэ няма.

***

23:30 Затрыманага назіральніка Пятра Маркелава вызвалілі зь міліцыі, склалі пратакол за «дробнае хуліганства».

Яўка склала 77,22%, — ЦВК

23:22 Яўка на выбары ў Палату прадстаўнікоў па стане на 20:00 17 лістапада склала 77,22%, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія. Такая яўка — больш, чым абвяшчалася на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2016, 2012 і 2008 гадах. Тады раз за разам называлі яўку ў раёне 74%.

Але ў 2004 годзе, калі верыць ЦВК, яўка на выбары ў Палату прадстаўнікоў склала рэкордныя 89,84%. Тады выбары былі спалучаныя з рэфэрэндумам, на якім вырашалася, ці зможа Аляксандар Лукашэнка займаць прэзыдэнцкае крэсла неабмежаваную колькасьць разоў.

Да таго, у 2000 годзе яўка на выбары ў Палату прадстаўнікоў склала 61,08%. А першае скліканьне Палаты прадстаўнікоў у 1996 годзе прызначыў асабіста Аляксандар Лукашэнка без удзелу выбарнікаў з дэпутатаў, ляяльных яму. Папярэдні парлямэнт, Вярхоўны савет, выбраны ў 1995 годзе, ён разагнаў.

У Менску інваліда за скаргу на арганізацыю галасаваньня забралі ў міліцыю

23:00 Інвалід Сяргей Сумараў прыехаў на сваім адмыслова прыстасаваным аўтамабілі да будынка гімназіі, каб прагаласаваць, але ня змог заехаць у двор. Мусіў шукаць паркоўку ў дварах і больш за сто мэтраў пешшу ісьці на ўчастак. Пасьля галасаваньня Сяргей выказаў заўвагі старшыні ўчастковай камісіі ды іншым адказным за выбары. У выніку тры гадзіны правёў у міліцыі — бо сябры камісіі націснулі «трывожную кнопку».

Апэратару БелаПАН не далі здымаць падлік галасоў

22:35 Відэааапэратару БелаПАН Сяргею Сацюку забаранілі весьці здымку на ўчастку №484 у менскім Палацы моладзі. Паводле апэратара, спачатку старшыня камісіі дазволіла здымаць з адлегласьці ў 20 мэтраў ад сталоў.

Празь 10 хвілінаў старшыня камісіі заявіла, што зьвязалася з акружной камісіяй, і тая забараніла здымку. Апэратар адказаў, што мае ўсе неабходныя дакумэнты — старшыня сышла. Празь нейкі час гэта паўтарылася: старшыня спаслалася на камісію пра забарону здымкі, апэратар сказаў, што мае дакумэнты, старшыня сышла.

Неўзабаве адзін з назіральнікаў стаў патрабаваць, каб Сацюк яго не здымаў. Апэратар растлумачыў, што здымае ня іх, а падлік галасоў. Празь нейкі час назіральнік зьвярнуўся да двух супрацоўнікаў міліцыі, што дзяжурылі на ўчастку — тыя пагутарылі з апэратарам і ня сталі нічога больш рабіць.

Праз гадзіну такіх спрэчак супрацоўнікі міліцыі «вымусілі апэратара адысьці ад сталоў на такую адлегласьць, што відэаздымка стала бессэнсоўнай». Сацюк адзначыў, што працуе на выбарах ня ў першы раз, але з такой сытуацыяй раней не сутыкаўся.

ЦВК: было 25 пісьмовых і паўсотні вусных зваротаў

22:22 Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, да яе 17 лістапада паступіла 25 пісьмовых і 52 вусныя звароты. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала, што звароты тычыліся тлумачэньняў заканадаўства (такіх было два), дзейнасьці камісіяў (5), агітацыі (4), акрэдытацыі і дзейнасьці назіральнікаў, парадку галасаваньня і падліку галасоў (4) і іншыя. Ці паступалі скаргі на парушэньні на выбарах, яна не ўдакладніла.

«Прыкладна палова з тэлефанаваньняў, што паступілі, былі зьвязаныя з тым, што грамадзяне спрабавалі высьветліць участак, дзе яны могуць прагаласаваць, — сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Былі скаргі ў сувязі зь недакладнасьцямі ў сьпісах выбарнікаў, накіраваньнем запрашэньняў на выбары».

Выбары, дадала Ярмошына, адбыліся на ўсіх участках, у тым ліку ў Горадзенскай-Цэнтральнай акрузе, дзе на 18:00 яўка яшчэ «не дацягвала некалькі адсоткаў» да неабходных 50%.

У Менску затрымалі назіральніка за патрабаваньне пераліку галасоў

22:02 Выкліканы на выбарчы ўчастак нарад міліцыі з Маскоўскага РУУС затрымаў назіральніка Пятра Маркелава, які назіраў за галасаваньнем і падлікам галасоў на 286 участку 99-й акругі. Міліцыянты сілай надзелі на Пятра Маркелава кайданкі і павезьлі ў райаддзел міліцыі.

Што бачаць назіральнікі ў Гомлі

21:50 На асобных участках незалежныя назіральнікі сочаць за падлікам галасоў. Усіх іх трымаюць на значнай дыстанцыі ад сталоў зь бюлетэнямі, некаторым, мяркуючы па фота «Вясны», закрываюць падлік сьпінамі.

А так бачаць падлік галасоў у Берасьці:

654 парушэньні​ зафіксавалі назіральнікі «Права выбару»

21:20 Па стане на 21-ю гадзіну 17 лістапада, 33 назіральнікі грамадзянскай кампаніі «Права выбару» пазбаўленыя рэгістрацыі. Кампанія зафіксавала 654 парушэньні на выбарах, але лічбы не канчатковыя — парушэньні могуць фіксаваць і падчас падліку галасоў.

Асноўныя парушэньні, пра якія заявілі назіральнікі: старшыні участковых камісій не забяспечылі належнае захаваньне скрыняў датэрміновага галасавання; колькасць тых, хто прагаласаваў, у пратаколе камісій не адпавядала дадзеным назіральнікаў.

586 < 468

Вурны для галасаваньня на ўчастку ў Менску. Дзьве скрыні на пярэднім пляне — асноўны дзень галасаваньня, у іх абедзьвюх мае быць каля 450 бюлетэняў. Скрыня на заднім пляне — датэрміновае галасаваньне, у ёй мае быць 568 бюлетэняў
Вурны для галасаваньня на ўчастку ў Менску. Дзьве скрыні на пярэднім пляне — асноўны дзень галасаваньня, у іх абедзьвюх мае быць каля 450 бюлетэняў. Скрыня на заднім пляне — датэрміновае галасаваньне, у ёй мае быць 568 бюлетэняў

21:15 На ўчастку №340 Каменнагорскай акругі №101 у Менску незалежнага назіральніка Зьмітра Касьпяровіча зьдзівіла розьніца ў зьнешнім выглядзе урнаў для датэрміновага галасаваньня і для асноўнага дня галасаваньня: ззаду — 586 бюлетэняў у вурне датэрміновага галасаваньня, а ў дзьвюх вурнах сьпераду павінна быць 468 (паводле падлікаў назіральнікаў, столькі прагаласавала 17 лістапада). Старшыня камісіі забараніла назіральніку здымаць далей.

На ўчастку ў Менску накрычалі на назіральніка — яму зрабілася блага, забрала хуткая

21:05​ Назіральнік «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Аляксандар Кавалькоў адчуў сябе блага на выбарчым участку, пасьля таго як на яго накрычалі чальцы выбарчай камісіі і «людзі ў цывільным», сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Кавалькова забралі на хуткай дапамозе. Раней ён перанёс два інфаркты.​ Сябры камісіі, а пазьней і міліцыянты не рэагавалі на паводзіны «людзей у цывільным».​ Адзін зь «людзей у цывільным» застаўся на ўчастку пасьля яго закрыцьця.

20:00 Галасаваньне завяршылася, выбарчыя ўчасткі закрыліся. Цяпер мае пачацца падлік галасоў, вынікі якога маюць абвясьціць да 22 лістапада.

На 18:00 выбары яшчэ не адбыліся толькі ў адной акрузе ў Горадні

19:25 Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, на 18:00 яўка па ўсёй краіне склала 70,72%. Выбары адбыліся ў 109 са 110 акругаў — толькі Горадзенская-Цэнтральная акруга «не дацягвае некалькі адсоткаў» да неабходных 50%, перадае БелТА словы старшыні ЦВК Лідзія Ярмошына.

Саўка ды Грышка пра выбары і бюлетэні​

18:43 Героі Лявона Вольскага па-рознаму ўражаныя выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.

Мех зерня і кансультацыя стаматоляга. Чым завабліваюць на парлямэнцкія выбары ў Беларусі

18:30 Свабода паглядзела, якім чынам у Беларусі прыцягваюць выбарцаў на ўчасткі для галасаваньня. І гэта ня толькі традыцыйныя буфэты.

Мясная вітрына на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка
Мясная вітрына на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка

Лідэры апазыцыі: актыўнасьць апазыцыі напалохала ўлады

18:28 Старшыні апазыцыйных партый і па сумяшчальніцтве кандыдаты ў дэпутаты лічаць, што ў сёлетняй кампаніі ўлады паводзяць сябе больш жорстка, чым у папярэдніх. Пра гэта яны расказалі ў прэс-цэнтры кампаніі «Права выбару».

Дзяўчына распавяла, як прагаласавала двойчы. Ці можна так?

18:21 Аліна Нагорная расказала Свабодзе, як ёй удалося прагаласаваць на двух выбарчых участках. Дзяўчына зарэгістраваная ў Слуцку і мае часовую рэгістрацыю ў Рагачоўскім раёне. У ЦВК сказалі, што такое можа здарыцца і назвалі гэта правакацыяй.

608 парушэньняў зафіксавалі назіральнікі «Права выбару»

18:14 Назіральнікі грамадзянскай кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 608 парушэньняў выбарчага заканадаўства, сказаў у трансьляцыі кампаніі ейны прэс-сакратар Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў, што гэта «вельмі шмат», бо яшчэ не пачаўся нават падлік галасоў — а адсутнасьць адкрытага падліку звычайна даволі масава фіксуюць незалежныя назіральнікі. Таксама ў трансьляцыі паказалі ўрывак відэа зь Віцебску, на якім пэнсіянэрка на ўчастку расказвае, што за яе ўжо прагаласавалі.

32 незалежныя назіральнікі кампаніі пазбаўленыя акрэдытацыі на ўчастках. Выгнаць, кажуць яны, могуць нават за тое, што «проста дастаў тэлефон». Назіральнікі зьвярнулі ўвагу і на заявы Лукашэнкі пра «адкручваньне галоваў» і пра «ашалелых апазыцыянэраў» у парлямэнце.

Назіральнікі паведамляюць пра адмысловы тып парушэньняў, якіх не магло быць на датэрміновым галасаваньні. Гэта парушэньні пры галасаваньні дома з вынаснымі скрынямі. Сябры камісіі, кажуць назіральнікі, часам бяруць больш бюлетэняў, чым зафіксавана выбарцаў у сьпісах, або (як кажуць назіральнікі з Наваполацку, якія назіралі за галасаваньнем на месцах) прыходзяць да тых, хто не запісваўся на галасаваньне дома і не чакаў людзей са скрыняй.

Ярмошына пра назіральнікаў і апазыцыю: «Яны сябе гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай»

18:05 Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала здарэньні зь незалежнымі назіральнікамі і апазыцыйнымі кандыдатамі, згадала здарэньні ў Бабруйску, Берасьці, Магілёве.

«Такія факты былі, пра астатнія мне невядома, — перадае Tut.by словы Ярмошынай. — І яны, хутчэй, сьведчаць не аб няведаньні закону. Гэта поўная адсутнасьць уласнай унутранай культуры, бескультур'е гэтых грамадзянаў, вось і паводзіны такія. Думаю, яны сябе сапраўды гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай».

«Трэба ўсіх саслаць у лягеры!» Як галасавалі на ўчастках дзьвюх самых маладых кандыдатак

17:54 У Менску ідуць у дэпутаты дзьве 22-гадовыя дзяўчыны — Алана Гебрэмарыям і Марыя Васілевіч. Алана — актывістка «Моладзевага блёку», гаворыць па-беларуску, а ў яе праграме — прапановы разабрацца з абавязковым разьмеркаваньнем, законам аб адтэрміноўках і «антынаркатычным» артыкулам 328. Марыя балятуецца ад БРСМ, ходзіць на хакей з Аляксандрам Лукашэнкам, а ў 2018 выйграла конкурс «Міс Беларусь».

Выбары адбыліся

17:00 Выбары адбыліся ва ўсіх абласьцях Беларусі, піша Tut.by. На 16:00 па ўсёй краіне прагаласавалі 63,65% выбаршчыкаў, сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. У Менску прагаласавалі 51,77% выбарнікаў, піша ЦВК. Гэта найменшы паказьнік яўкі па Беларусі.

Таксама Ярмошына заявіла, што пісьмовых скаргаў на парушэньні ў асноўны дзень галасаваньня ў ЦВК яшчэ не паступала, а «абстаноўка на выбарах спакойная». Паводле яе, «самыя сур'ёзныя прэтэнзіі, якія выказваюць людзі, зьвязаныя з тым, што ім не прынесьлі запрашэньне прыйсьці на выбарчы ўчастак».

Выбарчы ўчастак у Менску, дзе галасаваў Лукашэнка
Выбарчы ўчастак у Менску, дзе галасаваў Лукашэнка

«Ня трэба гуляць у герояў»

16:51 Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» пракамэнтавалі на брыфінгу словы Аляксандра Лукашэнкі пра інцыдэнты з назіральнікамі падчас датэрміновага галасаваньня. Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з выпадкамі «ціску» на выбарчыя камісіі.​

«Усіх павыкрэсьліваю к чорту!» Пра што гавораць людзі за сталамі выбарчых буфэтаў

16:29 Выбары — гэта ня толькі важная палітычная падзея, але яшчэ і сьвята. Музыка на ўсю вуліцу, танцы, канцэрты і, вядома, шампанскае з гарэлкай пад шашлычок. Свабода наведала тры ўчасткі ў сталічнай Чыжоўцы, каб падслухаць, пра што выбарцы гавораць за сталом пасьля волевыяўленьня.

Палітоляг Валер Карбалевіч тлумачыць, што так раззлавала Лукашэнку

16:18 «Такая агрэсія супраць ня вулічных дэманстрантаў, а ўсяго толькі незалежных назіральнікаў сьведчыць пра тое, што Лукашэнка адчувае праблему зь легітымнасьцю дзяржаўных інстытутаў. На тле заўважнага падзеньня даверу насельніцтва да ўлады падрыў даверу да вынікаў выбараў можа стварыць непажаданы палітычны кактэйль напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі, пра якую ён чарговы раз згадаў. Адсюль і такія пагрозы», — піша Карбалевіч.

На словы Лукашэнкі адрэагаваў назіральнік, які заўважыў укід бюлетэняў​

16:11 Аляксандар Лукашэнка 17 лістапада выказаўся наконт інцыдэнту на выбарчым участку № 37 у Берасьці, дзе назіральнік Юры Вашчанчук зьняў на відэа Анастасію Кулічкову, якая нібыта спрабавала ўкінуць стос бюлетэняў у урну для датэрміновага галасаваньня.

«Не скажу, што мяне гэтыя словы напужалі. Адна справа — казаць. Іншая — прадпрымаць нешта. Я лічу, што мы жывем у прававой дзяржаве, і калі ёсьць нейкія інсынуацыі, то трэба праводзіць разьбіральніцтвы належным чынам», — пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі Вашчанчук.

Беларускамоўную журналістку выганялі за «польскі акцэнт»

15:34 Інцыдэнт здарыўся на ўчастку для галасаваньня № 15 Гомельскай Цэнтральнай акругі № 33.

«Мы прыйшлі працаваць на выбарчы ўчастак, і старшыня камісіі пачаў патрабаваць у нас акрэдытацыю, — расказала Свабодзе незалежная журналістка Юлія Сівец. — Я спыталася па-беларуску: пра якую акрэдытацыю ідзе гаворка, пра які менавіта закон? Анатоль Шэвель [старшыня ўчастковай камісіі] адказаў, што я ня маю права працаваць, бо я замежная журналістка, прыехала з Польшчы, бо ў мяне ён заўважыў польскі акцэнт. Я з 2001 году размаўляю на беларускай мове і ўпершыню чую, што ў мяне польскі акцэнт. Мы з калегамі ўдакладнілі ў старшыні камісіі — а зь якім акцэнтам можна размаўляць? Украінскім, расейскім? Ён прабурчаў няўцямна, што з расейскім можна».

На парлямэнцкіх выбарах прагаласавалі 55,47% выбарцаў

15:17 На парлямэнцкіх выбарах па стане на 14:00 17 лістапада прагаласавалі 55,47% выбарцаў.

Паводле выбарчага кодэксу Беларусі, выбары адбыліся калі прагаласавалі больш паловы выбаршчыкаў на акрузе. Калі выбары на акрузе не адбыліся, акружная выбарчая камісія мусіць паведаміць пра гэта цягам 5 дзён пасьля апошняга дня галасаваньня.

Незалежных назіральнікаў у Бабруйску зьнялі за памылкі

14:40 Адразу 35 назіральнікаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў Бабруйску пазбавілі акрэдытацыі за недакладнасьці ў пададзеных партыйных дакумэнтах.

Выбары па-беларуску

14:10 Буфэт пры выбарчым участку № 699 у Менску.

У Лукашэнкі спыталі, навошта ў Беларусі выбары

13:55 Назіральнік Кірыла Гарошка спытаў у Лукашэнкі: «У разьвітых дэмакратыях выбары — гэта інструмэнт зьмены ўлады, а якую функцыю выконваюць выбары ў Беларусі, пачынаючы з 2000 году?» Лукашэнка на гэта адказаў, што «ў Беларусі выбары — гэта ня зьмена ўлады, а выбар кірунку».

Лукашэнка будзе балятавацца на прэзыдэнта

Лукашэнка абвясьціў, што будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

«Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але, калі людзі катэгарычна будуць супраць, я пярэчыць не буду, хоць, вядома, трохі перажываць буду», — заявіў кіраўнік дзяржавы пасьля галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах 17 лістапада.

Лукашэнка выказаўся пра ролю Каліноўскага ў гісторыі

12:36 Лукашэнка ў час размовы з журналістамі выказаўся пра ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі.

«Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі, там было вельмі шмат нюансаў. Перасьцерагаю нашых гісторыкаў, каб мы не стукнуліся ў нейкую палітыку», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка выказаўся пра беларускую мову. Ён заявіў, што ў Беларусі моўнае пытаньне вырашана раз і назаўжды. Разам з тым, ён ня выключыў, што роля беларускай мовы абавязкова будзе ўзрастаць. «Яна ўжо павялічваецца. Але пытаньне мовы ў нас вырашана раз і назаўжды».

Аб «правакацыях»

Лукашэнка заявіў пра 6 выпадкаў «правакацый» на вечар 16 лістапада і заявіў, што «з гэтымі людзьмі разьбяромся па законе»

Лукашэнка расчараваны Расеяй

12:28 Падчасу сустрэчы з журналістамі на выбарчым участку Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў пэрспэктывы пагадненьня аб паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй — адпаведныя дакумэнты бакі маюцца падпісаць 8 сьнежня.

Назіральнікі: 490 парушэньняў на датэрміновым галасаваньні

12:30 За тыдзень датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 490 парушэньняў выбарчага заканадаўства, паведаміў на брыфінгу 17 лістапада прэс-сакратар Аляксей Янукевіч.

За гэты час 16 назіральнікаў кампаніі «Права выбару» былі пазбаўленыя акрэдытацыі.

Лукашэнка: Інвэстару пляваць на парлямэнт

12:09 Аляксандар Лукашэнка заявіў пасьля галасаваньня на ўчастку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёна Менску, што «ня будзе парыцца» адносна прызнаньня ці непрызнаньня парлямэнцкіх выбараў.

Пра канстытуцыю

Пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю, Лукашэнка заявіў, што іх не ўнясуць да прэзыдэнцкіх выбараў, але яму ўжо паказалі магчымыя «элемэнты новай Канстытуцыі». Што тычыцца канкрэтных тэрмінаў, калі будуць прымацца зьмены, ставіць іх Лукашэнка «ня мае намеру і не зьбіраецца». «Сьпешка тут не прымальная», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Лукашэнка прагаласаваў

Аляксандар Лукашэнка прыняў удзел у галасаваньні. На ўчастак ён прыехаў прыкладна ў 11:20, гэтым разам адзін, без малодшага сына Мікалая, павітаўся з участковай камісіяй, назваўшы іх «байцамі бачнага фронту». Яго сустракалі кіраўніца адміністрацыі Натальля Качанава і іншыя чыноўнікі.

Размаўляючы з журналістамі пасьля галасаваньня, Лукашэнка сказаў, што «заклапочаны, як будуць ацэненыя выбары», «перажывае», як іх успрымуць, але ў той жа час «з гэтай нагоды „парыцца“ не прывык». «Калі грамадзтву не падабаецца, як гэта арганізуе прэзыдэнт, у наступным годзе змогуць абраць новага. Я сьсінелымі пальцамі за крэсла трымацца ня буду», — дадаў Лукашэнка..

Назіральнікаў садзяць як мага далей

11:10 Магілёў. На участку для галасаваньня №40 па 85 выбарчай акрузе Магілёва назіральнікаў пасадзілі так, каб яны бачылі толькі тое, што на здымку. Старшыня камісіі на скаргі не рэагуе, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Сьветлагорск. Паводле назіральніцы Алены Масьлюковай, месцы для назіральнікаў на ўчастку для галасаваньня №10 у Сьветлагорску вельмі далёка і з гэтага месца амаль нічога ня бачна.

Віцебск. На наступным фота — назіральнікі на адным зь віцебскіх выбарчых участкаў.

Зь менскай акругі № 106 выдалілі ўжо 10 назіральнікаў

10:45 З выбарчага ўчастку № 549 Коласаўскай выбарчай акругі № 106 выдалены назіральнік і старшыня Менскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Алесь Абрамовіч. Ён стаў 10-м выдаленым назіральнікам на акрузе ад пачатку датэрміновага галасаваньня, — паведаміў старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Марзалюку вынесьлі папярэджаньне

10:30 Дзейнаму дэпутату і кандыдату ў дэпутаты Ігару Марзалюку акруговая камісія вынесла афіцыйнае папярэджаньне. Іншы кандыдат паскардзіўся ў выбаркам, што падчас сустрэч з выбарнікамі Марзалюк выкарыстаў стэнд з улёткамі і фота без зыходных дадзеных, камісія палічыла скаргу абгрунтаванай.

Участак, дзе галасуе Лукашэнка

10:20 Фота з участку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёна Менску, дзе мае прагаласаваць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

На выбарчым участку, дзе мае галасаваць Аляксандар Лукашэнка
На выбарчым участку, дзе мае галасаваць Аляксандар Лукашэнка
Скрыні для галасаваньня на ўчастку, дзе галасуе Лукашэнка
Скрыні для галасаваньня на ўчастку, дзе галасуе Лукашэнка

Яўка — 37,14%

10:00 Яўка выбарнікаў на 9.00 раніцы 17 лістапада, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, склала ўжо 37,14%. То бок, за першую гадзіну працы выбарчых часткаў, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 1,37% выбарнікаў.

Датэрмінова прагаласавалі 35,77%

Паводле афіцыйных зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, цягам 12–16 лістапада датэрмінова прагаласавалі 35,77% выбарнікаў. Гэта рэкордна актыўнае датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў: на мінулых выбарах у 2016 годзе датэрмінова прагаласавалі, паводле ЦВК, 31,29%.

На першым месцы па датэрміновым галасаваньні — Гомельшчына (39,41%), на апошнім — Менск (28,56%). Па абласьцях: у Магілёўскай — 39,11%, у Віцебскай — 38,26%, Менскай — 37,49%, Горадзенскай — 36,50%, Берасьцейскай — 33,67%.

ЦВК не фіксаваў істотных парушэньняў на датэрміновым галасаваньні. А назіральнікі пра іх заяўлялі

Незалежныя назіральнікі кампаніі «Права выбару» сьцьвярджаюць, што афіцыйныя дадзеныя аб яўцы, апублікаваныя Цэнтравыбаркамам па выніках 4 дзён датэрміновага галасаваньня, завышаныя больш чым удвая. Акрамя гэтага, назіральнікі за 5 дзён галасаваньня зафіксавалі 461 парушэньне выбарчага заканадаўства. Найперш гэта:

  • неналежнае забесьпячэньне захаванасьці скрыняў для датэрміновага галасаваньня;
  • разыходжаньне колькасьці тых, хто прагаласаваў, названае ў пратаколах камісій, з падлікамі назіральнікаў.

Назіральнікаў, якія скардзіліся на фальсыфікацыю яўкі і спробу ўкіду бюлетэняў, пазбаўлялі акрэдытацыі. Студэнты расказвалі, што іх заганяюць на датэрміновае галасаваньне. Пра такі загон расказвалі Свабодзе і мэдыкі.

Падчас перадвыбарчай агітацыі некаторым незалежным кандыдатам стваралі перашкоды: цэнзуравалі перадвыбарчыя матэрыялы, не пускалі ў эфір, цэнзуравалі іх выказваньні, 14 кандыдатаў пазбавілі рэгістрацыі, адзначаюць праваабаронцы.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пасьлядоўна заяўляла, што нікога не прымушаюць галасаваць датэрмінова, што «гэта не загон, гэта агітацыя», і ўвогуле ніякіх парушэньняў падчас датэрміновага галасаваньня не было.

17 лістапада Ярмошына заявіла, што арганізатары выбараў будуць «жорстка рэагаваць» на любыя спробы замінаць працы выбарчых камісій. «Мы ў любым выпадку не дазволім, каб крыўдзілі нашы ўчастковыя камісіі і нашых выбарцаў», — падкрэсьліла Ярмошына.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG