Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як абірае ў Беларусі Савет Рэспублікі


Паседжаньне Савету Рэспублікі, архіўнае фота

Сёньня на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прапанавала абраць чальцоў верхняй палаты Нацыянальнага Сходу Беларусі — Савету Рэспублікі — 7 лістапада.

Свабода тлумачыць асаблівасьці фармаваньня Савету Рэспублікі.

Згодна з Канстытуцыяй Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.

Ад кожнай вобласьці і асобна ад Менску выбіраюцца па восем чалавек.

Яшчэ восем чальцоў прызначае асабіста прэзыдэнт. Такім чынам, поўны склад верхняй палаты — 64 асобы.

Аднак звычайна Аляксандар Лукашэнка «трымае» некалькі месцаў на запас. Так, у цяперашнім складзе верхняй палаты толькі два вылучэнцы Лукашэнкі — Генадзь Давыдзька і Аляксандар Папкоў.

Наўпрост у Савет Рэспублікі не абіраюць. Кожная вобласьць праводзіць адмысловы сход дэпутатаў гарадзкіх і раённых саветаў, якія і абіраюць сваіх прадстаўнікоў. У Менску абіраюць толькі на пасяджэньні гарадзкога савету дэпутатаў, бо адміністрацыйныя раёны ўнутры сталіцы ня маюць раённых прадстаўнічых органаў.

Пасьля праграмных выступленьняў кандыдатаў і публічнага абмеркаваньня іх кандыдатур праводзіцца патаемнае галасаваньне. Абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў больш за палову галасоў дэпутатаў, што ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Да чальца Савету Рэспублікі ёсьць чатыры абавязковыя патрабаваньні:

  • ён павінен мець беларускае грамадзянства;
  • быць не маладзейшым за 30 гадоў;
  • пражыць на тэрыторыі адпаведнай вобласьці альбо Менску ня менш за пяць гадоў;
  • ня мець судзімасьці.

Тэрмін дзейнасьці верхняй палаты — чатыры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG