Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цырк» у Савеце Рэспублікі. Хто яны, новыя беларускія «сэнатары»

абноўлена

56 з 64 чальцоў Савету Рэспублікі — верхняй палаты Нацыянальнага сходу «абралі» 7 лістапада

Сьцісла:

  • Дагэтуль дэпутаты не адхілялі ніводную кандыдатуру на чальцоў Савету Рэспублікі
  • Амаль усе чальцы Савету Рэспублікі — старшыні, дырэктары, кіраўнікі, рэктары, загадчыкі
  • З 56 новых чальцоў Савету Рэспублікі — 14 жанчын
  • З 56 «сэнатараў» 55 — беспартыйныя

Самыя нябачныя выбары

У Савеце Рэспублікі — 64 месцы. Імёны 56 чалавек (па 8 ад кожнай вобласьці і Менску) вызначаныя. Яшчэ 8 мае права аднаасобна прызначыць прэзыдэнт, паводле яго ўласнай квоты.

У адрозьненьне ад Палаты прадстаўнікоў — ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, чальцоў Савету Рэспублікі — так званага «сэнату» — звычайныя грамадзяне Беларусі не абіраюць нават фармальна. Лічыцца, што яны перадаверылі гэтае права дэпутатам базавага ўзроўню (раённага, гарадзкога і абласнога).

Дэпутаты рэальнага выбару таксама ня маюць. На 56 крэслаў роўна столькі ж прэтэндэнтаў. Так што выбіраць няма з каго. Адзінае, што тэарэтычна могуць зрабіць мясцовыя дэпутаты, толькі «заваліць» кагосьці з прэтэндэнтаў. Але такога прэцэдэнту яшчэ ніколі не было.

Да 12-га лістапада 56 «абраных» асобаў фармальна ня могуць называць сябе «сэнатарамі». У гэты дзень старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына афіцыйна мусіць зафіксаваць, што ніякіх парушэньняў заканадаўства падчас «выбараў» 7-га лістапада не заўважана. Пасьля гэтага 56 чалавек могуць лічыць сябе паўнавартаснымі «сэнатарамі».

Абноўлена, 12 лістапада. ЦВК зацьвердзіла вынікі выбараў у Савет Рэспублікі. Парушэньняў не зафіксавалі. Ярмошына расказала, што выбары «прайшлі ў сьвяточнай атмасфэры».

Палата начальнікаў

Я ўважліва вывучыў пасады новых чальцоў Савету Рэспублікі. Амаль усе яны — старшыні, дырэктары, кіраўнікі, рэктары, загадчыкі... І толькі літаральна некалькі асобаў пакуль знаходзяцца ў статусе «намесьніка». Як, напрыклад, намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Лісковіч.

Нават у часы СССР такога засільля начальнікаў у парлямэнце не было. Там партыйных сакратароў усё ж «разбаўлялі» Героямі Сацыялістычнай працы, даяркамі, гарнякамі ды іншымі перадавікамі вытворчасьці, знакамітымі пісьменьнікамі, народнымі артыстамі...

Структуруецца верхняя палата цяпер так:

— чыноўнікі — 18;
— кіраўнікі прадпрыемстваў —12;
— мэдыкі і навукоўцы — па 7;
— пэдагогі — 4;
— журналісты і юрысты — па 3;
— дзеячы культуры — 2.

Сярод двух апошніх — Тацьцяна Абель, кіраўніца заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага цырку імя Валерыя Абеля (чым не падстава для жартаў) і дырэктар Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч.

Мэдыя ў «сэнаце» будуць прадстаўляць Ірына Панцюхова, дырэктарка Віцебскай тэлерадыёкампаніі, і галоўныя рэдактары дзьвюх газэтаў: рагачоўскага «Свабоднага слова» Андрэй Шышкін (пра яго ўжо распавядала «Свабода») і «Лідзкай газэты» Алена Серафіновіч.

Зразумела, што на пачатку тон будуць задаваць тыя чальцы Савету Рэспублікі, якія ідуць на другую кадэнцыю. Сярод іх — дырэктар Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі і трансплянталёгіі Алег Румо, генэральны дырэктар «Беларускалію» Іван Галаваты, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц. Усяго такіх — 8.

Да гендэрнай роўнасьці далёка

З 56 новых чальцоў Савету Рэспублікі — 14 жанчын. Найбольшае іх прадстаўніцтва (па тры) ад Віцебскай і Менскай абласьцей. На Магілёўшчыне ніводнай жанчыны, вартай званьня «сэнатаркі», не знайшлі наагул.

У Палаце прадстаўнікоў жанчын болей і наагул, і ў прапорцыі да мужчын. Там іх прыкладна траціна. Мабыць, таму, што Лукашэнка «парэкамэндаваў» мець у ніжняй палаце ня меней за траціну жанчын.

Аксакалы і моладзь

Найстарэйшы беларускі «сэнатар» цяпер — дырэктар анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах Алег Суконка. Яму 68 гадоў. На сайце Свабоды раней было вялікае інтэрвію зь ім.

Калі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў закон дазваляе стаць ва ўзросьце 21 год, то чальцом Савету Рэспублікі — у 30. Наймаладзейшаму «сэнатару» — першаму сакратару БРСМ Дзьмітрыю Варанюку 32 гады. Яшчэ два чалавекі не дасягнулі 40 гадоў. Гэта хімік з Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Іванец, якому 35 гадоў. Цікава, што ў «сэнатары» ён вылучаўся як намесьнік дырэктара Акадэмічнага інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі. А да 7-га лістапада пасьпеў «падрасьці» да пасады галоўнага вучонага сакратара ўсёй акадэміі. Трэці маладзён — 39-гадовы дырэктар «салодкай» фабрыкі «Чырвоны харчавік» у Бабруйску Сяргей Анюхоўскі.

Узростовая градацыя новай верхняй палаты выглядае так:

— ад 30 да 40 гадоў — 3;
— ад 41 да 50 — 19;
— ад 51 да 60 — 30;
— старэйшыя за 60 — 4.

І адна камуністка

У дакумэнтах на вылучэнцаў, якія падрыхтавала Цэнтральная выбарчая камісія, значыцца, што з 56 прэтэндэнтаў 55 — беспартыйныя. І толькі кіраўніца гомельскага абласнога «Чырвонага крыжа» Ала Смаляк фігуруе, як сябра праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі.

Хто ачоліць «сэнат»?

Абсалютная бальшыня палітолягаў мяркуе, што кіраваць верхняй палатай будзе хтосьці з «васьмёркі» Лукашэнкі. Маўляў у сьпісе 56-ці ня бачна асобы, якая магла б стаць на адным узроўні зь цяперашнім старшынём Міхаілам Мясьніковічам. Найчасьцей у кулюарах можна пачуць два прозьвішчы: Натальлі Качанавай — кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі і Ўладзімера Сямашкі, амбасадара ў Расеі.

Але ж хто ведае, якія пляны мае на гэты конт Аляксандар Лукашэнка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG