Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы змагаліся за жыцьцё». Як у Магілёве рыхтавалі спэцвыпуск газэты пра жнівеньскі путч


Першая паласа спэцвыпуску «Могилев Times» пра жнівеньскі путч

«Можна заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося», — з такімі словамі зьвярталася 22 жніўня 1991 году рэдакцыя газэты «Могилев Times» да чытача ў спэцвыпуску, цалкам прысьвечаным падзеі, якая пазьней была названая жнівеньскім путчам.

Гэтае выданьне адзінае ў Магілёве апэратыўна адрэагавала на падзеі ў Маскве, якія пазьней прывялі да калясальных палітычных зьменаў. Нумар рыхтаваўся падчас путчу, але выдаць яго ўдалося 22 жніўня, калі змоўнікаў з самаабвешчанага органу ўлады ГКЧП пачалі арыштоўваць.

Што такое ГКЧП

  • Гэта «Государственный комитет по чрезвычайному положению». У яго ўвайшлі высокапастаўленыя камуністы. Ад 18 да 21 жніўня 1991 году ГКЧП намагаўся захапіць уладу антыканстытуцыйным чынам.
  • Путчысты выступалі супраць палітыкі перабудовы прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, падпісаньня новай саюзнай дамовы і пераўтварэньня Савецкага Саюзу ў канфэдэрацыйны Саюз Сувэрэнных Дзяржаваў. Гарбачова блякавалі ў рэзыдэнцыі Фарос на Крыме, дзе ён зь сям’ёй адпачываў.
Разварот спэцвыпуску. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, якога путчысты спрабавалі адхіліць ад улады (зьлева). Старшыня Вярхоўнага Савету СССР і былы паплечнік Гарбачова Анатолій Лук’янаў (справа). Ключавая фігура ў ГКЧП. Пасьля перамогі над путчыстамі з жніўня 1991 па сьнежань 1991 году быў пад вартай.
Разварот спэцвыпуску. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, якога путчысты спрабавалі адхіліць ад улады (зьлева). Старшыня Вярхоўнага Савету СССР і былы паплечнік Гарбачова Анатолій Лук’янаў (справа). Ключавая фігура ў ГКЧП. Пасьля перамогі над путчыстамі з жніўня 1991 па сьнежань 1991 году быў пад вартай.
  • 19 жніўня чальцы ГКЧП на прэсавай канфэрэнцыі заявілі пра няздольнасьць Гарбачова выконваць абавязкі прэзыдэнта СССР з прычыны стану здароўя і пра неабходнасьць навесьці парадак.
  • У ноч з 20 на 21 жніўня ў Маскве некалькі дзясяткаў тысяч чалавек атачылі «Белы дом», дзе знаходзіўся Ельцын з паплечнікамі. Спэцпадразьдзел «Альфа» адмовіўся штурмаваць будынак. У сутычках з вайскоўцамі загінулі тры чалавекі.
  • 25 жніўня Вярхоўны Савет БССР на надзвычайнай сэсіі, скліканай на патрабаваньне дэпутатаў апазыцыі БНФ, надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закону.

Газэта «Могилев Times» вачыма яе рэдактара

Большасьць матэрыялаў для нумару пра путч журналісты «Могилев Times» возьмуць зь перадачаў Радыё Свабода і Бі-Бі-Сі ды праілюструюць іх фатаздымкамі зь месца падзеяў.

Рэдактар выданьня Сяргей Шышкін пра спэцвыпуск кажа: гэта той выпадак, калі даводзілася змагацца за жыцьцё.

Сяргей у 1991-м меў 31 год, большасьць калегаў па выданьні былі ягонымі аднагодкамі.

«Тады мы былі ўпэўненыя, што ад нас многае залежыць», — кажа ён пра журналістаў той эпохі. Таму і зьявілася «Могилев Times».

Першая паласа «Могилев Times» пра абвяшчэньне Беларусьсю сувэрэнітэту
Першая паласа «Могилев Times» пра абвяшчэньне Беларусьсю сувэрэнітэту
  • «Могилев Times» — незалежная грамадзка-палітычная газэта. Першы нумар пабачыў сьвет 9 студзеня 1991 году. Наклад 7 тысяч асобнікаў. За два гады выйшла 40 нумароў.
  • Газэту вылучала афармленьне старонак. Першая аддавалася пад фатаздымак зь мінімумам тэксту. Асноўныя публікацыі былі эксклюзіўнымі.
  • Газэту прадавалі толькі праз кіёскі. Спэцвыпуск пра жнівеньскі путч разышоўся цалкам.
  • Апошні нумар выйшаў у канцы 1992 году празь нястачу сродкаў на паперу.

Сяргей Шышкін, рэдактар газэты «Могилев Times»
Сяргей Шышкін, рэдактар газэты «Могилев Times»

Чаму наважыліся выдаць нумар пра жнівеньскі путч

Сяргею Шышкіну ранкам 19 жніўня патэлефанаваў адказны сакратар рэдакцыі, змрочна паведаміў: «Пераварот. Гарбачоў арыштаваны» і тут жа паклаў слухаўку. Пра тое, што дзеялася ў Маскве, кажа ён, пэўнай інфармацыі не было, але даносіліся чуткі, што падзеі там лёсавызначальныя.

Рэдакцыя пастанавіла падрыхтаваць тэрміновы выпуск газэты за два дні. Суразмоўца прызнаецца: страх перад няпэўнасьцю быў, але «не такі, што паралізуе». Над нумарам працавалі ў ноч з 19 на 20 жніўня. Начная праца, кажа ён, прытупіла адчуваньне небясьпекі.

Публікацыя «Могилев Times» з «Хронікай перавароту», складзенай з матэрыялаў Радыё Свабода і Бі-Бі-Сі
Публікацыя «Могилев Times» з «Хронікай перавароту», складзенай з матэрыялаў Радыё Свабода і Бі-Бі-Сі

«Мы ж тады былі нябітымі. Ніхто з нас не сядзеў і нікога не рэпрэсавалі. Спадзяваліся, што за нашу сьмеласьць нас не расстраляюць, абмяжуюцца закрыцьцём газэты. Болей непакоіліся, што могуць арыштаваць нумар», — згадвае настроі ў рэдакцыі Сяргей.

«Не адрэагаваць на падзею газэта не магла, — працягвае ён, — Мы лічылі сябе птушанятамі дэмакратыі і перабудовы. Былі перакананыя, што путч будзе абавязкова задушаны».

Суразмоўца адзначае, што на той момант журналісты ўжо прызвычаіліся адкрыта гаварыць і пісаць пра тое, што хвалюе грамадзтва. Жыцьцё, кажа ён, імкліва мянялася, у людзей зьявілася вера ў свае сілы.

Як зьбіралі нумар

Самым складаным у падрыхтоўцы нумару, адзначае журналіст, было знайсьці матэрыял. Бракавала інфармацыі зь месца падзеяў. Знаёмец супрацоўніка рэдакцыі перадаў цягніком фатаздымкі з Масквы. Іх хапіла на два нумары.

«Зь іх было відаць, што там адбывалася: танкі, натоўпы людзей, якія не прапускалі салдатаў да будынку Вярхоўнага Савету Расеі. Даволі было адных фатаздымкаў, каб чытач зразумеў, што людзі выйшлі на вуліцы, ахвяруючы сабою, каб абараніць тое, што ім дорага», — казаў суразмоўца.

Сяргей Шышкін у часы рэдагаваньня «Могилев Times» (фота з архіву Шышкіна)
Сяргей Шышкін у часы рэдагаваньня «Могилев Times» (фота з архіву Шышкіна)

Была пададзеная хроніка дзяржаўнага перавароту, рэакцыя Захаду на дзеяньні путчыстаў, дыскусія за круглым сталом Радыё Свабода. Спэцвыпуск дапаўнялі матэрыялы журналістаў самога выданьня ды адозва магілёўскай суполкі грамадзянскага камітэту «Дзеці Чарнобыля».

«З 19 жніўня мы пазбавіліся наймацнейшай і ўсебаковай крыніцы інфармацыі — бальшыні газэт і часопісаў, — напісана ў звароце рэдакцыі да чытача, — Цяжка паверыць у тое, што адбываецца, цяжка разабрацца і цяжка мець сваю ўласную думку. Але кожны мае зрабіць свой выбар сам і толькі для сябе».

Пра матэрыялы Радыё Свабода і Бі-Бі-Сі журналісты напісалі: гэтыя «замежныя галасы» перадавалі тое, што для жыхароў СССР адкрывалася празь дзесяцігодзьдзі.

Што адбывалася ў Магілёве

Журналісты «Могилев Times» спрабавалі выведаць нешта ў гарвыканкаме. Ім у той час кіраваў Сяргей Габрусеў, якога грамадзтва ўспрымала як дэмакрата. Службоўцы, кажа суразмоўца, былі ў «рэжыме чаканьня і раілі не рабіць лішніх рухаў».

Публікацыя магілёўскай газэты пра дыскусію за круглым сталом Радыё Свабода
Публікацыя магілёўскай газэты пра дыскусію за круглым сталом Радыё Свабода

Габрусеў зрабіў заяву для прэсы 21 жніўня. Яе апублікавала «Могилев Times». Кіраўнік гораду назваў дзеяньні путчыстаў «контрарэвалюцыйным і антыканстытуцыйным пераваротам», скіраваным «на рэанімаваньне ўсеўладзьдзя партыйнага апарату». Службовец заклікаў не паддавацца на спробы справакаць у горадзе непарадкі.

Сяргей Шышкін згадаў, што актывісты мясцовых дэмакратычных суполак намагаліся арганізаваць мітынг у падтрымку дэмакратыі і супраць ГКЧП, але чыноўнікі іх пераконвалі ўстрымацца. У спрэчках з службоўцамі, кажа журналіст, быў змарнаваны час, і калі ўрэшце наважыліся выступіць, то стала вядома аб правале путчу.

Спэцвыпуск выйшаў у сьвет...

Пра перамогу над путчыстамі стала вядома 21 жніўня, за дваццаць хвілінаў да падпісаньня нумару ў друк. Выйшаў спэцвыпуск 22-га. Пытаньне, ці дазволяць надрукаваць газэту, непакоіла рэдактара, пакуль ён не атрымаў нумар у рукі.

Разварот нумару «Могилев Times» пра абвешчаньне Беларусьсю незалежнасьці і згадкай пра тое, што яму папярэднічала
Разварот нумару «Могилев Times» пра абвешчаньне Беларусьсю незалежнасьці і згадкай пра тое, што яму папярэднічала

На першай старонцы спэцвыпуску фотаздымак танка зь дзецьмі на ім.

«Гэты нумар, — дзяліліся з чытачом журналісты, — рыхтаваўся ва ўмовах амаль баявых: пад пагрозай канфіскацыі ўсяго накладу...».

Сяргей Шышкін лічыць спэцвыпуск «Могилев Times» самым журналісцкім нумарам газэты паводле задумы, напаўненьня і рэалізацыі.

«Гэта мара кожнага рэдактара, — кажа ён. — Мы працавалі калектывам, эфэктыўна і апэратыўна. Быў выдадзены ўзорны нумар грамадзка-палітычнай газэты. Тады гэта быў ці не адзіны выпадак за пражытыя гады, калі мы змагаліся за жыцьцё».

Пасьля путчу

Суразмоўца кажа, што праз чатыры месяцы абласны савет уручыў газэце «Могилев Times» грамату за «грамадзянскую пазыцыю». Абмяркоўвалася пытаньне, каб разам зь ёю прэміяваць журналістаў. Абяцалі 200 рублёў, але іх не далі.

Пастанова Магілёўскага гарсавету пра наданьне нацыянальнай сымболіцы (бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу Пагоня) статусу афіцыйнай.
Пастанова Магілёўскага гарсавету пра наданьне нацыянальнай сымболіцы (бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу Пагоня) статусу афіцыйнай.

Сяргей Шышкін прызнаецца, што ў ягонай памяці не адклалася, як рэагавалі на спэцвыпуск калегі з іншых газэт, але прыгадаў пазыцыю рэдактара «Магілёўскіх ведамасьцяў» Рыгора Кісяля (калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, ён узначаліў Белтэлерадыёкампанію, а пасьля тэлеканал АНТ. — РС).

«Ён быў не задаволены, што ў выканкаме абмяркоўваліся намеры ўганараваць нас. Казаў, што ня толькі „Могилев Times“ праявіў грамадзянскую пазыцыю, — адзначыў журналіст. — Нас жа больш расстроіла, што не далі абяцаныя 200 рублёў. Гэтыя грошы нам дужа прыдаліся б, бо прыбытак ад газэты быў невялікім і мы яго разьмяркоўвалі між няштатнікамі і тымі, хто не працаваў болей нідзе».

Існуе легенда, згадаў суразмоўца, што нумар пра ГКЧП нібыта трапіў у ЗША і заняў ганаровае месца ў адным з тамтэйшых унівэрсытэтаў як сьведчаньне барацьбы за дэмакратыю ў часы гарбачоўскай адлігі.

Журналістыка позьняй эпохі гарбачоўскай перабудовы

Гэта быў час росквіту журналістыкі, кажа суразмоўца. Людзі стаялі ў чэргах па газэты. Яны былі запатрабаваныя. Журналісты былі ўпэўненыя, што ад іх многае залежыць.

«Могилев Times» толькі з друкарні. Фота з архіву Шышкіна
«Могилев Times» толькі з друкарні. Фота з архіву Шышкіна

«Нам жа тады было па трыццаць гадоў. Гэта быў росквіт творчага энтузіязму, — тлумачыў Сяргей. — Наша газэта наўрад ці дужа ўплывала на грамадзкую думку, але нейкі час яна была цікавай для чытача. На два гады мы занялі на мэдыйным рынку гораду нішу запатрабаванай незалежнай грамадзка-палітычнай газэты».

Пасьля цытаваньня адной з публікацыяў газэты суразмоўца прызнаўся: развалу Савецкага Саюзу ўявіць ня мог. Але, крыху памаўчаўшы, дадаў:

«У 1991-м адчувалася, што Беларусь нібы ў Саюзе — і ўжо ня ў ім. У нас тады набіраў моц Беларускі Народны Фронт. БНФ даваў зразумець, што ў нас свой лёс і сваё жыцьцё. Тады ўжо было вядома пра Курапаты і мы іначай пачыналі глядзець на сваю гісторыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG