«Гэта не загон, гэта агітацыя», — Ярмошына пра студэнтаў і датэрміновае галасаваньне

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла на прэс-канфэрэнцыі 14 лістапада, што паведамленьні пра загон студэнтаў на датэрміновае галасаваньне не былі незаконнымі.

«Усё тое, пра што паведамляецца, гэта не загон, гэта агітацыя, настойлівае запрашэньне прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, — перадае БелаПАН словы Ярмошынай. — Загон — гэта тады, калі існуе прымус, калі адносна людзей ужываецца нейкая пагроза. Калі пагрозы няма, гэта ўсяго толькі агітацыя».​

На пытаньне, як тады рэагаваць на паведамленьні, што навучэнцам пагражаюць не даваць месца ў інтэрнаце за адмову галасаваць датэрмінова, Ярмошына адказала, што «ня ведае», бо «трэба разьбірацца кожны раз».

Калі вы маеце сьведчаньні (фота, аўдыё, відэа) пра такія парушэньні або пра фальсыфікацыі на выбарах, можаце паведаміць пра гэта Радыё Свабода ў Telegram або ў наўпроставыя паведамленьні старонкам Свабоды ў «Аднаклясьніках», «УКантакце», Facebook, Instagram, Twitter або на пошту radiosvaboda@gmail.com.

Паведамленьні пра зафіксаванае назіральнікамі завышэньне яўкі на датэрміновае галасаваньне Ярмошына ня стала камэнтаваць падрабязна: сказала, што «праўда будзе выяўленая пры падліку галасоў», бо «галоўнае — гэта ня тое, што кажа назіральнік ці камісія, галоўнае — скрыня галасаваньня і што ў ёй знаходзіцца».

Акрамя таго, Ярмошыну спыталі пра выпадкі, калі выбарчыя камісіі фармуюцца з супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства, а камісію ўзначальвае начальнік гэтага прадпрыемства. Старшыня ЦВК не пабачыла ў гэтым карупцыйнага складніка або іншых парушэньняў законаўю. Яна адзначыла, што пра залежнасьць камісіяў можна было б казаць, калі чальцы камісіяў былі б падначаленыя камусьці з кандыдатаў (і гэта забаронена законам), а так людзі «не зьвязаныя ніякімі эканамічнымі інтарэсамі, калі праводзяць выбары».

​
XS
SM
MD
LG