Ярмошына: «Мне не падабаецца, што 13 кандыдатаў зьнялі з выбараў»

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына расказала журналістам 12 лістапада, што не задаволена здыманьнем з выбараў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, піша БелаПАН.

«Мне не падабаецца, што ў дачыненьні да трынаццаці кандыдатаў у дэпутаты скасаваныя рашэньні аб рэгістрацыі акруговымі і абласнымі выбарчымі камісіямі, — заявіла Лідзія Ярмошына. — Не, скажам, пра дванаццаць гаворка можа ісьці, бо адно скасавалі з ініцыятывы Цэнтральнай камісіі: у дачыненьні да студэнта, які пражывае ў Польшчы. Таксама мне ня вельмі падабаецца, вядома, што 33 кандыдаты зьнялі свае кандыдатуры самі, добраахвотна».

Чым кепскія здыманьні кандыдатаў з выбараў, Ярмошына не патлумачыла. Пра тое, што з 13 зьнятых кандыдатаў большасьць не падтрымліваюць дзейную ўладу, старшыня ЦВК таксама ня згадвала.

Што яшчэ сказала Ярмошына:

  • Яўку прадказаць складана, але можна чакаць больш актыўнага галасаваньня, бо субота перад днём выбараў — працоўны дзень. Галасаваць пойдуць датэрмінова, каб «вызваліць адзіны выходны».
  • «Упэўнена, што выбарнікі маюць цікавасьць да выбараў і на іх прыйдуць».
  • Сама яна будзе галасаваць датэрмінова: 14 лістапада.
  • Дату скліканьня першых сэсіяў Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі яшчэ ня вызначылі — вырашаць 22 лістапада, калі будуць падведзеныя вынікі выбараў.

Агулам з 560 зарэгістраваных кандыдатаў да этапу датэрміновага галасаваньня дайшлі 516. Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі ў краіне няма — паўсюль ёсьць ня менш за два кандыдаты.

Студэнт Уладзіслаў Сыса, якога зьнялі за вучобу ў Польшчы, не пагаджаўся з рашэньнем. Канстытуцыйны суд у 2001 годзе даваў тлумачэньне наконт падобнай фармулёўкі для кандыдата ў прэзыдэнты: пры вызначэньні месца пастаяннага пражываньня ня ўлічваецца часовы выезд у службовую выправу, на вучобу, адпачынак, лячэньне або зь іншых важных прычынаў. Галоўнае, каб быў пацьверджаны намер пастаянна жыць у Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG