Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўмільёна праглядаў за дзень». Карыстальнікі Threads пра тое, чаму пачалі пісаць там па-беларуску


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Свабода спытала ў некалькіх чалавек, якія пачалі пісаць па-беларуску ў Threads, навошта ім гэта, а таксама як адрэагавала атачэньне. Спойлер: гэта ня толькі беларусы.

З канца мінулага году ў Threads пачаўся трэнд на беларускую мову: допісы, напісаныя па-беларуску, часьцей паказваліся карыстальнікам, яны набіралі больш праглядаў, чым звычайна. Беларусы апісвалі гэтую зьяву так: «уся стужка стала беларускай».

Такі эфэкт маглі выклікаць некалькі падзеяў у беларускім інфармацыйным полі, пра якія людзі шмат пісалі па-беларуску. Гэта вызваленьне вялікай групы беларускіх палітвязьняў 13 сьнежня, потым флэшмоб у сетках з чырвонай памадай, як у Марыі Калесьнікавай, а таксама раптоўная сьмерць вядомага беларускага журналіста Мікіты Мелказёрава.

У выніку людзі, якія звычайна пісалі на іншых мовах, сталі рабіць допісы па-беларуску, у тым ліку каб стаць больш заўважнымі ў сеціве. Так, украінцы зьвярталіся па-беларуску, каб хутчэй закрыць збор на вайсковыя патрэбы, а спэцыялісты ў розных галінах — каб парэклямаваць сябе. Хтосьці адзначаў, што далучыўся ня дзеля падабаек, а на хвалі эмоцыяў, з салідарнасьці. Многія «пачаткоўцы» прызнаваліся, што яны, відаць, будуць рабіць памылкі, але прасілі не асуджаць іх за гэта.

Свабода распытала некалькі чалавек, якія пачалі пісаць па-беларуску ў Threads, навошта ім гэта, а таксама як адрэагавала атачэньне. Спойлер: гэта ня толькі беларусы.

«Часта мяне так і называлі — „беларус“»

Грыгорыю Фядосенку 33 гады. Ён украінец. Кажа, што падтрымаў «вялікі выбух беларускай мовы ў Threads», калі яшчэ ня ведаў, што такая мода зьявілася. Для яго ўсё пачалося з чыйгосьці допісу з фатаграфіяй беларускага стэндап-коміка Славы Камісаранкі і пытаньня: ці праўда, што ўсе беларусы падобныя да яго.

Грыгорый Фядосенка, фота з прыватнага архіву
Грыгорый Фядосенка, фота з прыватнага архіву

«Я пракамэнтаваў: „Гэта таму, што ён (Камісаранка. — РС) — іхны (беларусаў. — РС) бацька“. А потым мне прыйшла думка стварыць допіс агітацыі», — успамінае Грыгорый.

У канцы сьнежня ён апублікаваў жартоўную агітацыйную ўлётку з партрэтам Камісаранкі ў гарнітуры, зь бел-чырвона-белым сьцягам, Пагоняй і подпісам «Беларусі патрэбен лідэр! Слава Камісаранка — бацька нацыі». Допіс сабраў амаль 4 тысячы падабаек. Потым падобную агітку ён стварыў для беларуса Ігара «Янкі» Янкова, які ваюе за Ўкраіну.

Адзін з допісаў Грыгорыя
Адзін з допісаў Грыгорыя

Грыгорый адзначае, што ня гнаўся за праглядамі, бо іх хапае. Ягоныя допісы і раней «заляталі». Ён працягнуў рабіць некаторыя допісы па-беларуску, але большасьць — па-ўкраінску. Суразмоўца мяркуе, што некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі сталі карыстацца беларускаю моваю, каб павялічыць ахоп. Ён лічыць такую стратэгію няшчырай і маніпуляцыйнай. Прызнаецца, што ім самім кіравала радасьць ад таго, што беларуская мова стала моднай.

Адзін з допісаў Грыгорыя
Адзін з допісаў Грыгорыя

«Адзінае адрозьненьне — Украіна вітае беларускую мову, а Расея спрабуе яе зьнішчыць», — гэта адзін з допісаў Грыгорыя. Ён мяркуе, што беларуская мова — гэта бар’ер на шляху экспансіі Расеі.

Грыгорый — украінец, але добра разумее беларускую мову. Ён расказаў, што паходзіць з поўначы Ўкраіны, зь мястэчка Алеўск Жытомірскай вобласьці. Адтуль да мяжы зь Беларусьсю 30 кілямэтраў.

«Гэта маё дзяцінства. Беларусы прыяжджалі да нас на рынак. У нас нават былі аўтобусныя маршруты з Алеўску да Мазыра, Лельчыцаў», — расказвае Грыгорый.

Ягоны дзед па бацькоўскай лініі — этнічны беларус, нарадзіўся і вырас у Лельчыцах. А потым уся іхная сям’я пераехала ў Алеўск, працягвае суразмоўца.

«У мяне дома ніколі не гучала беларуская мова. Дзед памёр да майго нараджэньня. Нашыя родныя зь Беларусі прыяжджалі да нас. Яны гаварылі па-беларуску, як я тады думаў. Але калі я стаў больш дарослым і пачаў цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, сваёй сям’і, паехаў на памежжа зь Беларусьсю, я зразумеў, што існуе палеская гаворка, і яна не адрозьніваецца ні ва Ўкраіне, ні ў Беларусі», — мяркуе Грыгорый.

Ён перакананы, што называць палескую гаворку суржыкам няслушна, бо яна існавала спрадвеку.

У ягоным дзяцінстве дома яны гаварылі па-расейску. Але суразмоўца зазначае, што з старэйшых клясаў школы ён цалкам перайшоў на ўкраінскую.

З 2010 году Грыгорый жыве ў Івана-Франкоўску, на захадзе Ўкраіны. Кажа, што добра разумее палескую гаворку. Раней ён часта наведваў родных, якія жывуць на памежжы зь Беларусьсю.

«Калі пажывеш у сяле месяц, то ты ўжо гаворыш іхнымі словамі, заканчваеш словы, як яны. Калі я пераехаў у Івана-Франкоўск, усе тут ведалі, адкуль я прыехаў. Часта мяне так і называлі „беларус“, бо я тут словы заканчваў, як беларусы, мог гаварыць нейкія словы (па-беларуску). Потым я асыміляваўся, і ўсё гэта зьнікла з маёй мовы», — успамінае ён.

Грыгорый кажа, што калі ўбачыў трэнд на беларускую мову ў Threads, захацеў яго падтрымаць. Усталяваў сабе беларускую раскладку. Хоць ён разумее многія словы па-беларуску, для допісаў карыстаўся Google Translate.

«Ясна, што ў мяне без памылак не абышлося, але як ёсьць», — прызнаецца ён.

Украінец мяркуе, што тэндэнцыя ўжываць беларускую мову ў сетках — добрая.

«Калі мы бачым, што нейкі трэнд распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, часта гэта можа быць штосьці нязначнае, але ён ахоплівае мільёны людзей. Дык чаму нешта карыснае, такое, як словы, ня можа быць трэндам?», — разважае ён.

Грыгорый адзначае, што ягоныя сябры цяпер зноў пачалі жартам называць яго «беларусам», калі ўбачылі, што ён піша па-беларуску.

«Дома мая жонка, мае дзеці ведаюць нашыя карані. Яны зусім не зьдзівіліся. Яны толькі папрасілі ня ўлазіць у палітычныя разборкі ў Беларусі», — кажа суразмоўца пра рэакцыю сям’і на ягоную беларускую мову.

Грыгорый дадае, што хэйту за беларускую мову ў ягоны адрас ад іншых украінцаў не было.

«Я ўжо вэтэран гэтай вайны. У нас людзі думаюць, яны разумеюць, што Беларусь знаходзіцца ў складаным становішчы. Я думаю, што Беларусь цяпер ня менш акупаваная, чым Украіна, але, дзякуй Богу, няма столькі ахвяраў. Усё ж нашае грамадзтва разумее, хто стаіць з намі побач. Мы ваявалі поплеч зь беларусамі. Мы вельмі ўдзячныя беларускаму народу, які паехаў у першыя дні вайны (змагацца за Ўкраіну)», — кажа вайсковец.

Грыгорый расказвае, што з адукацыі ён лекар. Раней працаваў у фармацыйнай кампаніі мэнэджарам. Калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, змабілізаваўся на вайну. Пазьней праз стан здароўя вярнуўся да мірнага жыцьця як афіцэр запасу. Цяпер выкладае на катэдры мэдыцыны катастрофы і вайсковай мэдыцыны ў мэдычным унівэрсытэце Івана-Франкоўску.

«Магчыма, Мікіта ў паралельным вымярэньні сьмяецца з мяне»

Беларусу Андрэю Ткачову 39 гадоў. Ён паходзіць зь Менску. Быў каардынатарам Фонду мэдычнай салідарнасьці Беларусі. Цяпер жыве ў Варшаве, працуе трэнэрам-рэабілітолягам.

«У гонар Мікіты Мелказёрава я вырашыў весьці Трэдс па-беларуску. Для мяне ён стаў прыкладам беларуса, які змог перайсьці на беларускую мову ў сьвядомым узросьце. „Давайце беларусець разам“, Мікіта М.», — такі допіс Андрэй пакінуў у Threads летась 26 сьнежня.

Журналіст Мікіта Мелказёраў раптоўна памёр летась 21 сьнежня. Ён перайшоў на беларускую мову пасьля 2020 году. У сваіх відэагутарках ён карыстаўся і беларускай, і расейскай мовамі, а таксама трасянкай, не баяўся ў этэры рабіць памылкі ў беларускай мове. Мікіта быў ці не адзіным чалавекам, зь якім Андрэй кантактаваў і ад якога мог жыўцом чуць беларускую мову.

«З адыходам Мікіты з майго атачэньня сышоў фактычна адзіны мой беларускамоўны сябар», — кажа ён.

Допіс Андрэя Ткачова ў Threads
Допіс Андрэя Ткачова ў Threads

Андрэй расказвае, што Мікіта прыходзіў да яго ў залю трэнавацца. Яны абменьваліся мэмамі, рылзамі, абмяркоўвалі баскетбол і ўкраінскія тэмы. Суразмоўца дадае, што Мікіта цьвяліў яго моўным пытаньнем і падбухторваў пераходзіць на беларускую.

«Я нешта спрабаваў. Але калі ты думаеш на адной мове, то пачынаеш перакладаць. І ў цябе ідзе паволі-паволі, складана. Мікіта мне казаў, што ён ужо думае па-беларуску», — успамінае суразмоўца.

Ткачоў памятае пэрыяд, калі Мелказёраў гаварыў па-расейску. У перамене сябра яго ўразіла, што той ня толькі стаў пісаць па-беларуску ў сетках, але цалкам перайшоў на беларускую ў штодзённасьці, хоць таксама ня меў шматлюднага беларускамоўнага атачэньня.

«Для мяне гэта было такое „ўаў!“. Я яму ў гэтым сэнсе крыху зайздросьціў», — прызнаецца Андрэй.

Ён дадае, што яму самому бракавала трыгера для пераходу. Штуршок аказаўся вельмі сумным — сьмерць сябра. Урэшце ён вырашыў далучыцца да спадчыны Мікіты зь ягоным лёзунгам «Давайце беларусець разам». Паводле Ткачова, агульны трэнд на беларускую мову ў Threads паўплываў на яго ў меншай ступені.

Пры гэтым гаварыць па-беларуску Андрэю складана, хоць ён адчувае сябе «вельмі беларускаарыентаваным» чалавекам. Ён заўважае, што нават па-ўкраінску яму камунікаваць лягчэй. Прычына ў атачэньні. Ён заўважае, што ні раней у Беларусі, ні цяпер у Польшчы ў яго амаль няма беларускамоўных знаёмых. Кожная мова забываецца, калі яе не ўжываць, падсумоўвае ён.

«Фактычна маё ўжываньне беларускай мовы скончылася ў школе. У кожнай мове, калі яе не выкарыстоўваеш у штодзённым жыцьці, мозгу вельмі цяжка пераключацца, цяжка падбіраць словы, ты пачынаеш „тупіць“. IQ пры выказваньні думкі падае разы ў тры, пачынаеш камунікаваць кароткімі фразамі», — кажа ён.

Ён мяркуе, што менавіта гэта стрымлівае людзей ад пераходу на беларускую мову, яны саромеюцца выглядаць бязглузда ці недарэчна.

З украінскай мовай інакш. Пасьля 2020 году Ткачоў некалькі гадоў у суме правёў ва Ўкраіне. Там ягоныя знаёмыя шмат гаварылі па-ўкраінску. І сам Андрэй адзначае, што «лёгка і нязмушана» пераходзіў зь імі на ўкраінскую. Падчас нашай размовы ён гаворыць па-расейску, але часам устаўляе ўкраінскія і беларускія словы. Кажа, гэтае напластаваньне моваў, а цяпер і неабходнасьць вучыць польскую мову ў Польшчы, таксама перашкаджае гаварыць чыста па-беларуску.

Допіс Андрэя Ткачова ў Threads
Допіс Андрэя Ткачова ў Threads

Андрэй дадаў беларускую раскладку на тэлефон да ранейшых расейскай і ангельскай, каб мець літару «ў», якой няма ў іншых альфабэтах. Ён кажа, што досыць шмат камунікуе па-ангельску. Гэта асноўная мова на ягоных гаджэтах. Ангельскамоўны інтэрфэйс дапамог яму ўдасканаліць свой узровень ангельскай. Цяпер ён задумаўся, ці не перавесьці налады на беларускую мову.

«Магчыма, гэта мне дасьць крыху больш практычнага ўжываньня мовы, якога мне не хапае. Гэта толькі мінімум, які я магу зрабіць, каб ушанаваць памяць Мікіты. Магчыма, калі ён існуе ў нейкім паралельным вымярэньні, то сьмяецца зь мяне і маіх спробаў весьці Threads па-беларуску», — кажа Андрэй.

Той допіс Андрэя пра пераход на беларускую мову ў Threads набраў 2 тысячы падабаек. Раней толькі два іншыя ягоныя допісы выклікалі большую рэакцыю. Ён адзначае, што ў асноўным людзі адрэагавалі пазытыўна, за выключэньнем «ботаў».

Ён расказвае, што цяпер піша сам па-беларуску (а не праз перакладнік), хоць і задумваецца над кожным словам, а потым аддае гэтыя тэксты ChatGPT на праверку. Ён заўважае, што штучны інтэлект ненашмат лепш валодае беларускай, прыкладам, ШІ не ўжывае слова «ёлупень».

Ці будзе Андрэй пераводзіць свае акаўнты ў іншых сацыяльных сетках на беларускую, ён яшчэ ня ведае. Пакуль назірае за гэтым экспэрымэнтам.

«Можа здарыцца такая гісторыя, што я пераходжу на беларускую мову з сетках, а ў жыцьці працягваю гаварыць на расейскай мове. Гэта нібыта клясна, але быццам бы ты робіш гэта (пішаш па-беларуску. — РС) напаказ», — асьцерагаецца ён.

Ці пачне ён у штодзённасьці гаварыць па-беларуску, суразмоўца таксама пакуль ня ведае.

«Цікавасьць ёсьць, 100 адсоткаў, — кажа ён. — Але зноў практычнае пытаньне — ці ты выкарыстоўваеш у рэальным жыцьці гэтую мову. Хацелася б яе выкарыстоўваць. То бок каб гэта быў ня проста палітычны жэст, трэнд, павеў, а хацелася б пашыраць кола камунікацыі беларускамоўнымі людзьмі і знаходзіць гэты пункт ужытку».

«Было паўмільёна праглядаў за адзін дзень»

Міхайла Сычэўскі — маркетоляг з Украіны, які жыве ў Парыжы. Яму 27 гадоў. Ён таксама падтрымаў трэнд на беларускую мову ў Threads і напісаў некалькі допісаў па-беларуску. На пытаньне, чаму, адказвае: «Бо я з Украіны».

«Я заўважыў першы допіс, які завірусіўся ў трэдс, калі дзяўчына запыталася: „Калі я напішу па-беларуску, ці вы мяне падтрымаеце?“ Пост вельмі моцна завірусіўся. Шмат украінцаў сталі пісаць: „Як гэта, я разумею беларускую, уаў!“ Многім украінцам гэта адгукнулася. Я адчуў, што допісы беларускай мовай далі ўкраінцам любоў, адчуваньне, што ты ўнутры сябе», — разважае Міхайла.

Міхайла Сычэўскі, фота з прыватнага архіву
Міхайла Сычэўскі, фота з прыватнага архіву

Ён адзначае, што ўкраінцы доўга змагаліся за права гаварыць па-ўкраінску. Калі пачалася вайна на Данбасе, а потым і поўнамаштабная ва Ўкраіне, моўнае пытаньне стала вострым і досыць балючым для ўкраінцаў.

«Шмат людзей убачылі, што для Расеі моўнае пытаньне важнае. Калі ўкраінцы ўбачылі, што чалавек пачаў пісаць па-беларуску, ім вельмі моцна гэта адгукнулася, і яны пачалі падтрымліваць гэта», — кажа суразмоўца.

Допіс Міхайлы ў Threads
Допіс Міхайлы ў Threads

Міхайла заўважае, што ён вырашыў узяць удзел у трэндзе на беларускую мову, бо ён маркетоляг і імкнецца ісьці за трэндамі. У гэтым выпадку трэнд яму асабіста вельмі спадабаўся і адгукнуўся. Ён дадае, што шмат разумее, калі чытае па-беларуску. Але допісы рабіў з дапамогай онлайн-перакладніка.

«Я напісаў некалькі допісаў і ўбачыў вялікую падтрымку. І вырашыў маштабаваць гэтае адчуваньне. Дзьве-тры гадзіны ноччу я сядзеў і пісаў (па-беларуску) і адчуў шалёную падтрымку, людзям гэта спадабалася. Спадабалася менавіта абарона сваёй мовы, сваёй ідэнтычнасьці ў тым кантэксьце, калі Расея русыфікуе, маштабуе сваю мову», — кажа ён.

Допіс Міхайлы Сычэўскага ў Threads
Допіс Міхайлы Сычэўскага ў Threads

Паводле Міхайлы, 95% інтэрнэт-карыстальнікаў яго падтрымалі ў допісах беларускай мовай, а хэйт быў мізэрны.

«Гэта дало мне эфэкт з прафэсійнага пункту гледжаньня. Было паўмільёна праглядаў за адзін дзень. Дагэтуль я меў у сярэднім 20-40 тысяч праглядаў», — кажа Міхайла.

Суразмоўца падкрэсьлівае, што яму бліжэй не асуджаць за тое, што нехта гаворыць на расейскай мове, але падтрымліваць таго, хто гаворыць па-ўкраінску або па-беларуску.

«Паказваць празь любоў, што ты захоўваеш сувязь з сваім народам, з сваімі продкамі. Плюс гэта павага да сваёй ідэнтычнасьці», — кажа Сычэўскі.

Міхайла кажа, што будзе падтрымліваць трэнд на беларускую мову ў Threads, калі ён там захаваецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG