У кнізе палітык расказвае пра свой род, малую радзіму, бацькоў, школу, студэнцтва і шлях здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці, як яна вырывалася з савецкіх лап. Пазняк дадае новых фарбаў у партрэты вядомых беларусаў, аднаўляе забытыя імёны.
Кніга складаецца з гутарак, якія з палітыкам правялі журналісты Павал Мажэйка і Дзьмітры Гурневіч у першай палове 2010-х. Дагэтуль яны нідзе не публікаваліся. Гэта дзясяткі гадзінаў зь якіх атрымалася больш за 300 старонак вельмі асабістых гісторый палітыка. Кніга выйшла за асабістыя сродкі Зянона Пазьняка. Наклад сымбалічны — 40 асобнікаў. Свабода публікуе некаторыя яе фрагмэнты.
Сямейная легенда пра род
«З маіх гэтых сямёх прадзедаў самай самабытнай асобай быў прадзед з Дабраўлян. Гэта быў чалавек-гара, за два мэтры росту, рукамі падковы разгінаў. Нават казалі, што складаў дзьве падковы разам і разгінаў, ажно цяжка паверыць. Але я чуў у дзяцінстве ад старых людзей ня раз такую гісторыю, як каля магільніку заграз у балоце вялікі ўвязаны пад жэрдкай воз з сенам. Запрэглі пару коней і не маглі выцягнуць. Якраз ішоў гэты мой прадзед з Дабраўлянаў. Падышоў плячом прыпадняў і выштурхнуў воз, коням засталося толькі на дарогу выехаць. Калі ён сядзеў за сталом, а жонка стаяла каля яго, то яны былі роўныя. Прытым жонка была халерычнага тэмпэрамэнту і звычайна сакатала, як сарока, навучаючы прадзеда, як жыць, часам у немарасьці, што той маўчыць, пачынала біць яго кулачкамі ў плечы. Прадзед у гэты час і вухам не кіўне, умінаючы чарговы блін».
Маці
— Пра вашу маму Ганну вядома ня шмат. Яна пражыла даволі доўгае жыцьцё, за 90 гадоў. Але казалі пра яе, бадай, толькі падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году?
— Мая мама нарадзілася ў 1922 годзе. Прабабуля Пашкоўская яшчэ жыла і дзед мой у яе гонар назваў маму Ганнай. Яны нават былі падобныя, хоць па крыві гэтая лінія была бочнай. І што цікава, мая маці ў маладосьці была такой жа падзьвіжніцай рэлігійнай, як і прабабуля Ганна. Маці ўвогуле шмат у чым пацягнула па прабабе — гэтак жа шкадавала бедных і ўсё ім раздавала. Звычайная зьява. Прыязджаю на студэнцкія канікулы і пытаю ў маці, а дзе гэта мае хромавыя боты. «А ведаеш, сынок, заходзіў тут бедны чалавек зь вёскі, ня меў чаго абуць, у галёшах, дык я аддала яму. Шкода чалавека. А ты ж там у Менску іх насіць ня будзеш». Прытым маці цудоўна ведала прыроду бедных людзей. Як толькі іншы бядак узьбіваўся ў дастатак і трохі багацеў, ён, як правіла, адразу задзіраў нос і ня тое, што памятаў дабро і быў удзячны, а наадварот паводзіў сябе з вышыні, надзімаўся «што то я». Але маці тое не бянтэжыла. У Вільні, калі я дзіцём быў з маці ля Вострай Брамы, дзе сядзелі жабракі, яна заўсёды давала мне грошы і казала: «ідзі, дай бедным».
Мама была вельмі перакананая каталічка. Калі ёй было 18 гадоў, то яна хацела нават сысці ў кляштар. Настолькі праніклася рэлігіяй і Богам. Будучы дарослым, я спытаўся ў яе, чаму маці не пайшла тады ў кляштар, не аддала сябе цалкам Богу, што перашкодзіла? Яна адказала, што не пайшла ў кляштар, бо вельмі любіла маму і шкадавала яе, не магла пакінуць. У 1942 годзе мама выйшла замуж. Пазьней, пры бальшавіках паступова, фактычна на маіх вачах, яна аддалілася ад рэлігіі і касьцёла.
Я памятаю, яшчэ студэнтам, размаўляў з маці, што ж адбылося, што адштурхнула яе ад рэлігіі, ад касьцёла? Яна кажа, ведаеш, зьнікла апора. Раптам тое, што яна бачыла ў касьцёле, падалося ёй фальшывым і таму чужым. Яна маладою вучылася і жыла ў Вільні. І вось адзначаецца нейкае сьвята рэлігійнае. Каля катэдры ідуць пралаты, біскупы, усе тоўстыя, з такімі тлустымі каркамі, усе гавораць па-польску. А побач яна бачыць поўна бедных людзей, беларусаў-жабракоў, якім не было чаго есьці. А ў Суботніках (родная вёска Пазьняка ў Іўеўскім раёне) усё ж было іначай! І мама кажа: не магла гэтага зразумець, не магла зьнесьці, бачыла, што гэты касьцёл не беларускі, ня наш, чужы. І гэта яе тады аддаліла ад касьцёла. Яна засталася веруючым чалавекам, але ў касьцёл хадзіць перастала. І толькі ўжо калі яна выйшла на пэнсію, то вярнулася ў касьцёл. Зрэшты, тады якраз і касьцёл трохі перамяніўся.
Яна была асобай вельмі моцнай волі. Я лічу, што далёка не дацягваў да яе. Маці не адабрала майго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году. Яна лічыла, што камуністы мяне заб’юць, яна мне сказала аднойчы: «Прэзыдэнтам ты ня будзеш. Цябе чакая дальняя дарога». «Мне ўжо напрарочылі тое гадоў 20 таму», — кажу я. «Нашыя дарогі разыдуцца назаўсёды», — як бы ня чуючы адказала маці.
Бацькі мае ажаніліся па вялікім каханьні. Тата жыў амаль увесь час са сваімі бацькамі ў Вільні, але на лета прыязджаў у Суботнікі да дзеда. Маці ў 30-ых гадах таксама жыла ў Вільні, вучылася там на курсах кройкі і шыцьця. Бацька мой меў такі падыход да жыцьця — ажаніцца і жыць на зямлі. Яго не вабіла гарадзкое жыцьцё. І гэта быў ягоны сьведамы жыцьцёвы накірунак. Зямлі ў нас было дастаткова, каля валокі. І ён, калі ажаніўся з маці, то марылі разам пра тое, каб пабудаваць дом і жыць у Суботніках. Але гэтага не адбылося. Вайна. Бацька загінуў...
— Як маці ўзгадвала пра норавы таго часу?
— Cярод местачковай моладзі распусты не было. І часта ўзьнікала вялікае і сьветлае каханьне на ўсё жыцьцё. Вось так якраз пажаніліся мой дзед Ясь з Марыляй і мой бацька Станіслаў з маёй маці. Я нават ведаю некаторыя дзівосныя гісторыі зь іхнага каханьня, дзе самай дзівоснай прыпавесьцю ёсьць тое, што калі загінуў бацька, мая прыгожая маці засталася яму вернай ўсё жыцьцё і не пайшла замуж, прысьвяціўшы жыцьцё мне.
І калі я потым спатыкаў на дарозе лёсу розных шчарбатых мудрацоў, цынікаў, распусту і гразь, якія брудна выказваліся пра жанчыну, спасылаючыся на паскудную літаратуру, якую пісалі такія ж паскудныя пісьменьнікі, я ведаў наколькі нізка плаваюць гэтыя абдзеленыя людзі. Маці была для мяне жывым прыкладам ахвярнасьці жаночага духа, чыстасьці і абавязку. Мне не патрэбныя былі размовы пра абстрактныя ідэалы. Ідэал быў жывы, побач, існаваў і пакутваў на відавоку. І ніякая брыдота ў слоўнай абгортцы ўжо не магла на мяне ўплываць.
Бацька
— Бацьку ўсе любілі. Дзеці за ім бегалі, ён на гітары граў, сьпяваў, быў здольны, да спорту, а да таго ж гарадзкі. Але ён вельмі любіў вясковую работу. Мог адзець дзіравыя порткі і гной везьці на поле ды і з вельмі важным выглядам. Сваім выглядам ён не пераймаўся. Дзяўчаты за ім кружыліся і віравалі. Ніхто не чакаў, што ён прапануе ажаніцца маці, бо маці была сьціплая, асабліва не вылучалася, але прапанаваў менавіта ёй. Мама расказвала, што прыйшла бабуля Марыля Адамаўна, якая прыехала адмыслова зь Вільні, пагаварыла з бацькамі мамы на пабочныя тэмы, потым крышку зь ёй. Неўзабаве пайшла і, прышоўшы, бацьку кажа: «Сынок, можаш жаніцца, харошыя людзі». Гэты было 1942 годзе.
— То бок стала бацька жыў у Вільні, а ў Суботніках быў, як кажуць, наездамі?
— Так. Раней ён кожнае лета прыязджаў у Суботнікі, абрабляў зямлю, бо як прадзед Аляксандра перад самай вайной памёр, то больш не было каму. Гэта была зямля дзеда Яна, якога бальшавікі забралі ў 1939 годзе. Пасля жаніцьбы бацька жыў у доме маці, бо свой дом толькі меліся будаваць. Але не пасьпелі. Летам 1944-га прышлі саветы. Бацьку забралі на вайну. Мне было амаль 5 месяцаў. Мама ўзгадавала: тата падыйшоў да маёй калыскі, я спаў і мама пачула, як праз сон я сказаў: «Тата». Немаўля ж не гаворыць яшчэ. Маці адразу адчула, што гэта знак: растаньне назаўсёды. Запрэглі каня і вязуць бацьку на станцыю. Едуць днём, празь мястэчка і каля касьцёла раптам зазваніў звон. Ніхто ўвагі на гэта не зьвяртаў, а маці кажа: у гэты момант усё ўва мне абарвалася і я зразумела, што больш я Стася ніколі не ўбачу. Бацька не вярнуўся. Неўзабаве загінуў любімы брат мамы — Яська. Ён прайшоў вайну з 1941-га па 1945 г. 9-га лютага ва Усходняй Прусіі загінуў.
— Як сям’я перыжыла сьмерць бацькі на вайне?
— Мама сур’ёзна захварэла. Яна не магла гэтага перажыць. Не магла хадзіць па тых месцах, дзе яны з бацькам былі разам. Не магла чуць гітару, бо бацька граў і сьпяваў на гітары. Вырашыла больш ніколі не выходзіць замуж і прысьвяціць жыцьцё мне, бо я быў падобны да бацькі. Я толькі пазьней гэта ацаніў. Маці была вельмі прыгожая. Да яе шмат падыходзілі, шмат было прапановаў. Але яна больш замуж не пайшла, бо не магла, не захацела перакрочыць праз памяць бацькі. Дарэчы, на такую вернасьць і ахвярнасьць, відаць, здольныя толькі жанчыны. Тут нешта закладзена ў істоце прыроды. Я сустракаў і потым такія жаночыя лёсы ў жыцьці.
— Вайна скончылася. Ваш бацька не вярнуўся. Вы яго, лічы, ня ведалі, але ж пэўне шмат чулі. Які ён у Вашай памяці?
— Маці падтрымлівала памяць і аўтарытэт бацькі. Я пытаў: мама, а тата дзе? Тата, кажа, яшчэ на вайне, хоць вайны даўно не было. А калі вернецца? Вернецца, сынок, на самалёціку прыляціць. А колькі мне там было? 5 гадоў. Ну дык калі ляціць кукурузьнік, над хатай, то я вылятаў на двор і крычаў: «Тата, я тут! Тата, я тут! Спускайся! Я тут!» Бягу за самалётам. Але бацька не спускаўся. Прыбягаю да хаты, а маці плача.
Маё дзяцінства, асабліва першая палова 50-х, прайшло ў асяродзьдзі бацькавых і маміных сяброў. Яны часта наведвалі нас і рэгулярна прыходзілі па нядзелях кампаніямі паслухаць патэфон ды пагаварыць на розныя тэмы, найбольш пра бацьку, вайну і жыцьцё ў 30-х. Часам прыяжджалі дзядзькі зь Вільні (маміныя стрыечныя браты). Тады зьяўляўся яшчэ і стол зь вішнёвай нелеўкай, рыбай з Гаўі, скваркай ды грыбамі, ды тушанай капустай. Цяклі успаміны, іграла музыка, былі танцы. Танцавалі пад патэфон. Я ўвесь час быў тут і ўлучыўшы мамэнт прасіў: «Мама пастаў «Зубчыкі». Гучэлі мае любімыя «Зубчыкі», а я пробаваў вытанцоўваць у фантастычнай імправізацыі. І тут мая бабуля Марыля Адамаўна ішла са мной ў скокі. Бабуля казала, што ў тэатры пад гэтую музыку яшчэ і сьпяваюць. Усім было хораша.
Была ў нас у Суботніках прыгажуня Ядзя Каравацкая. Яна была ў маладосьці закаханая ў бацьку, але бацька выбраў маці. А Ядзя потым, пасьля вайны, часта да нас прыходзіла, гуляла са мной, усё цалавала мяне, плакала і заўсёды, калі ішла каля нашай брамкі, частавала мяне цукеркамі. У юнацтве маці дала мне прыгожы вышываны гальштук з кужалю. Гэта ў дзявоцтве вышыла Ядзя і падаравала майму бацьку. Я нават павязваў яго ў час прэзыдэнцкай кампаніі. У Ядзі і маёй маці пасьля вайны былі дабрыя адносіны. Я часта бачыў як яны размаўлялі і на вачах былі сьлёзы. Абедзьве страцілі сваё шчасьце. Адна раней, другая пазьней. І няшчасьце стала агульным.
Школа
— Распавядзіце пра школьныя гады. А якім вы булі вучнем?
— Школа, натуральна, была савецкай, але беларускай. Не было сшыткаў, не было падручнікаў. Пісалі на абрыўках старых газэт, на палях. Вучыліся ўсе вельмі добра. Я пайшоў у школу у 1950 годзе, упрасіў маці. Чытаць я ўмеў з 5 гадоў. Ужо сам чытаў кніжкі. Пачытаў трохі і Біблію, хоць нічога тады не зразумеў. Але потым маці забрала мяне, бо меў толькі шэсьць гадоў.
Па-мойму ў 3-й клясе настаўніца задавала пытаньні: ну, а хто такі Будзённы, а Варашылаў? Такая апытанка была. Дзеці падымалі рукі і адказвалі. Я то ўсё ведаў, але ў мяне тады нейкі дзіцячы супраціў супраць усяго гэтага. Яна падымае мяне і пытае: а хто такі Варашылаў? А я адказваю: Варашылаў — гэта старэйшы конюх. Нешта такое дзіцячае адказаў. Клас рагоча і дзеці гэта панесьлі кругом, бо ў школе, што ты! Пры бальшавіках такое сказаць. І што вы думаеце? Маю маці выклікаюць у Іўе ў райкам партыі, у КГБ. Маці тады не была ў партыі. І пачынаюць дапытвацца: што, дзе, хто, сям’ю дасьледаваць. Гэта было пры Сталіне. Маглі саслаць у Сібір. Але выратавала тое, што мы лічыліся сям’ёй загінулага. Загінуў мамін брат Ясь, мой дзядзька, і мой тата. Былі адпаведныя дакумэнты. На мяне плацілі пэнсію за бацьку — 1 рубель 80 капеек у месяц. Гэта прыблізна цяперашніх паўтара даляра. Сымбалічная даўка.
— І чым скончылася гэтая гісторыя для вас?
— Маме прыгразілі за мяне: «еслі что, то мы за вамі ешчо вернёмся. Что это ваш ребёнок такое говоріт? В сем’е значіт так гаварят.» Толькі калі я быў дарослым, мне маці пра гэта сказала.
— Дык гэта ці ня першая вашая дысыдэнцкая выхадка?
— Напэўна ў школе не апошняя. Было такое правіла. Дзяўчынкі больш паслушныя, спакойныя, дысцыплінаваныя, больш слухаюць настаўніцу. А хлопцам трэба пакруціцца, ім трэба недзе энэргію сваю выкінуць. Дык хлопчыка і дзяўчынку садзілі разам. Я сяджу за другой партай, зь дзяўчынкай, нашай суседзкай, добра мы зь ёй сябравалі. Я ўвогуле быў сяброўскі малец. Пры дзяўчынцы трэба ж быць героем. Калі не героем, дык хоць трохі рыцарам, але галоўнае зьвярнуць на сябе ўвагу. Адкрываю падручнік «Роднае слова», а там амаль на кожнай старонцы Ленін ці Сталін, Будзённы, Варашылаў. Усе яны былі. Я адкрываю на Сталіне, раблю фігу і яму ў нос ды кажу, Віся, глядзі, о, яму. Геройства такое, Сталіну хвігу добра ўкручваю. А што робіць гэтая Віся? 2-я кляса. 9 гадоў. Яна адразу руку падымае і кажа настаўніцы: а во, паглядзіце, што ён робіць. Настаўніца ўсё гэта заўважыла. Яна стала белая, як палатно і маўчыць. А я сваю хвігу дакруціў і гляджу на яе. Яна толькі мне галавой паківала і нічога не сказала. І толькі ўжо потым, калі я стаў больш дарослым, я зразумеў у чым справа. Калі б данесьлі, што рабіў на яе лекцыі яе вучань, то і яе маглі б павязаць...
— А як рускую мову вывучалі? Не было праблемаў?
— Мы пачыналі вывучаць рускую мову ў 2 клясе. Гэта быў 1952 год. А да гэтага я рускай мовы ўвогуле мала чуў. Толькі калі начальніка якога прыходзілася слухаць. Дарэчы, у прысутнасьці вучняў настаўнікі ўсюды гаварылі па-беларуску.... Настаўніца і кажа: дзеці, мы ўжо ў 2 клясе і з гэтага года мы будзем вывучаць рускую мову. У вас ёсьць падручнікі і гэта называецца «Русскій язык». Я зараз вам пачытаю апавяданьне, каб вы пачулі як гучыць руская мова. Яна лёгкая, блізкая да беларускай. Вы ўсё будзеце разумець. І пачынае чытаць:
«Выпал белый пушістый снежок. Прозвінел званок і деті выбежалі на перемену. Вся земля пакрыта белым пушістым снегом. Вова восклікнул: — Ребята, давайте сваляем бабу. Ребята дружно началі валять бабу.»
Вось яна закончыла гэтую фразу і сэкунда цішыня. А потым га-га-га-га, рогат, усе рогочуць. Сьцены дрэжылі. А яна пытаецца, а чаго вы. А дзеці: «бабу валялі, га-га-га», «бабу валялі», ха-ха-ха. Ніхто ж ня ведаў, што руская «баба» — гэта балван, сьнегавік, а не баба. У нас казалі «Зьляпіць балвана». Ну дык усё зразумела. А тут валяюць нейкую бабу. Можа гэта дурную Бутруміху, што па вуліцы цягаецца, валяюць. Потым настаўніца, зразумеўшы ў чым справа, усё патлумачыла. Але сьмяяліся доўга. З таго часу для нас руская мова была, як нейкую бабу валяць. Нешта несур’ёзнае.
Дарэчы, мне ўрэзаўся ў памяць эпізод, як сон, маё першае знаёмства з рускай мовай. Мне тры ці можа чатыры гады (гэта дзіва, што нешта запомнілася). Ноччу раптам грукат і ў хаце паніка. Дзед, баба, маці. Нейкі страх. Ноч. Я прачнуўся і пачаў плакаць. Мама ўзяла мяне на рукі. Затым правал. І потым мама мяне трымае на каленях і я не плачу. Але я бачу, што на лаве сядзяць тры ці чатыры чалавекі. Мужчыны, злосныя, глядзяць і нешта гавораць. І калі яны гавораць мне стала страшна і я пачаў плакаць і мама пачала мяне гушкаць. І раптам адзін на мяне ўзіраецца і так злосна кажа: «Ну, где хлеб дел?» Потым ўжо ў юнацтве я распытваў маму пра гэты эпізод, але яна не памятала. Такія начныя ўварваньні тады былі часта. Падаткі выбівалі...
— Да якога спортў ў дзяцінстве больш цягнула?
— Я кідаў дзіду, молат, скакаў трайным, скакаў у даўжыню, у вышыню. Нават дамогся, каб мы скакалі з кіем. Бегаў на 400 мэтраў і на 800, плаваў, ганяў на ровары. Граў ва ўсе спартовыя гульні (валейбол, баскетбол, футбол), страляў, у шахматы гуляў. Факультатыўна спрабаваў займацца яшчэ вольнай барацьбой (фізрук быў першаразраднік, зь якім мы пасябравалі).
Галоўная гульня была — валейбол. Паўсюдна гулялі. Каманда на каманду. Мястэчка на мястэчка. Цікава, што па вёсках нідзе не гулялі ў спартовыя гульні, ні ў якія, хаця моладзь там была. Праўда, вёскі ў нас невялікія. Так было да 1960 года. А потым ужо цяжка было каманды зьбіраць. Людзям з канца 50-х сталі выдаваць пашпарты і моладзь пачала зьяжджаць ў гарады.
У нас быў такі настаўнік Ігар Эдуардавіч Чаплінскі, першы разрад па валейболе. Матэматык. Наш класны кіраўнік. А ўсе ж мы ўжо ў 10-м класе дарослыя былі. Як толькі вечар, то зь дзеўкамі па-над рэчкаю ходзім і вучыцца сталі дрэнна. Сабраў ён нас усіх. Стукнуў па стале кулаком і разьнёс: нашліся тут жаніхі, на двойкі вучацца. Табліцы множаньня ня ведаюць і замуж сабраліся. І так нас спляжыў ушчэнт. Сядзелі, як куры, усе гэтыя кавалеры і дамы. Я вучыўся на 5, дзеўкі мне не заміналі і, я, як той стары конь, баразны не псаваў: «Erst die Arbeit, dann das Spiel», але таксама атрымаў. Праўда, Чаплінскі зрабіў агаворку, што Пазьняк, швэндаецца, але хоць вучыцца добра.
Памятаю, калі я ішоў на прэзідэнта ў 1994 годзе, то даведаўся, што гэты настаўнік у Пінску, і я зь ім сустрэўся. Я быў вельмі добрай думкі пра яго. У 16 гадоў я моцна захварэў і фактычна прапусціў 9-ы клас. І каб не вяртацца назад, я вырашыў летам нагнаць. І вось гэты Ігар Эдуардавіч усё лета сядзеў са мной: трыганаметрыю, усе формулы, моцна мне дапамог. А калі спаткаліся, то ён пэўна ўжо быў на пенсіі. Ён быў трохі зьбянтэжаны, адчуваў сябе, як меншы чалавек перад будучым прэзыдэнтам. І я ніяк не мог праламаць гэтую сьцяну, хоць я, як і раней, пачуваў сябе яго школьнікам...
Абарона Менска
— У студэнцкія гады вы баранілі ад зьнішчэньня стары Менск. Распавядзіце ў чым быў сэнс гэтай кампаніі тагачасных уладаў і што атрымалася адстаяць?
— З сярэдзіны 60-х я шчыльна займаўся аховай помнікаў гісторыі і культуры Менска. На троне ў ЦК КПБ якраз усеўся Машэраў, ці не найбольшы пасьля Лукашэнкі злачынца перад беларускай нацыяй. Пачалося чарговае разбурэньне забудовы старога Менску. Гэты самадур з тварам дырэктара школы і манэрамі вырабленага гэбіста плянаваў зьнішчыць ўсё: і Нямігу, і Верхні горад, і Замчышча, і Траецкае прадмесьце, і Замкавую, і Ракаўскую, і Раманаўскую Слабаду і нават будынак тэатра імя Янкі Купалы. «Клаповнік в центре століцы», «Неміга — наш позор», — чуліся ягоныя сэнтэнцыі з ЦК.
Неўзабаве зьявіліся праекты забудовы цэнтра Менску, дзе ўсё гістарычнае павінна было быць зьнесена. На грамадзкім прадстаўленьні такіх разбуральных праектаў ў палацы прафсаюзаў мы зь Лявонам Баразном і Генадзем Сакаловым-Кубаём добра-такі ўвалілі аўтарам архітэктурнага цемрашальства. Але я разумеў, што гэта ўсё выпуск пары, а цемрашалы выконваюць волю ЦК КПБ.
Згарача я ў той жа дзень (дакладней — ноч) напісаў артыкул, пад якім вырашыў сабраць падпісы інтэлігенцыі і вядомых людзей (тады такое часам дзейнічала), паслаць у цэнтральны савецкі друк (бо ў БССР было безнадзейна) і пашкамутаць гэтую прадажную «катэгорыю», не называючы прозьвішчаў.
Першым паставіў подпіс Лявон Баразна. Першым і апошнім. Баязьлівасьць «інтэлігенцыі» ня мела межаў. Зрэшты артыкул быў вельмі рэзкі і страх людзей быў апраўданы. Я аднёс тэкст спэцкору «Правды» ў Беларусі Генадзю Бураўкіну. Ён прыняў артыкул. Тут патлумачу, што паводле ранжыру і ўплыву камуністычная газэта «Правда» (ворган ЦК КПСС) была вышэй за Цэнтральны Камітэт КПБ. Супраць «Правды» Машэраў нічога ня мог зрабіць. Асобаў зь Беларусі, якія калі-небудзь што-небудзь надрукавалі ў «Правде», можна было палічыць па пальцах, а спэцкарэспандэнт «Правды» быў намэнклятурай ЦК недзе на ўзроўні загадчыка аддзела ЦК.
Тут мне проста пашанцавала на добрых людзей. Генадзь Бураўкін згладзіў рэзкія выпады майго тэксту, падправіў яго ў дыпляматычнай манэры і накіраваў у Маскву. У Маскве тэкст трапіў на стол да галоўнага рэдактара «Правды» беларуса і талковага чалавека Зімяніна, які раней працаваў Першым сакратаром ЦК КПБ, ведаў стары Менск і выскачку Машэрава. Далей — яго рэзалюцыя і тэкст ў друку. Гэта красавік 1969 года, ужо пачалі падбірацца да зносу Нямігі, сьпілавалі векавыя дрэвы.
Пасьля публікацыі ў ЦК КПБ была паніка. Машэраў лётаў як шалёны і крычаў: «Мы не знаем, что за Пазьняк, но знаем кто такой націоналіст Баразна». Гэты мой артыкул найперш уратаваў будынак тэатра імя Янкі Купалы (тое што яго нельга зносіць вымушаныя былі пагадзіцца і ў ЦК КПБ). Разбурэньне старога Менска было спынена на 3-4 гады. Але Машэраў ад свайго не адступіўся, вычэкваў і рыхтаваў рэванш.
Пасьля сьмерці Машэрава па інэрцыі яшчэ працягвалася разбурэньне горада, але напал зьнік і вынішчэньне ўдалося цалкам затармазіць. Пачалі перамагаць ідэі кансэрвацыі і рэстаўрацыі. Артыкул ў «Правде» тады дапамог і мне асабіста, бо зьняў табу на паступленьне ў асьпірантуру. Для камуністычных чыноўнікаў публікацыя ў «Правде» была, як магічная палачка (маўляў, Масква прызнае).
— Разбурэньне Менску — чаго тут было больш — антыбеларускай палітыкі, неразуменьня, што такое сваё, адсутнасьць эстэтыкі? Ці ўлада такім чынам выключна вырашала жыллёвую праблему?
— Разбурэньне Старога Менску і беларускіх гістарычных гарадоў — гэта палітыка Масквы. Як толькі ў канцы XVIII стагодзьдзя была захоплена Беларусь, царскі ўрад стварыў так званую «каменную камісію». Асноўная работа гэтай камісіі — перабудова цэнтраў беларускіх гарадоў і беларускіх храмаў. Я шчыльна займаўся і дасьледваў гэтую тэму ў архівах. Тут была канкрэтныя палітыка, — зьнішчыць эўрапейскі вобраз беларускіх гарадоў. Пры тагачасных тэхнічных магчымасьцях гэта было зрабіць досыць цяжка. Але рабілі і даволі эфэктыўна. Цяпер бы толькі дзьмухнулі і нічога б не засталося.
У ХІХ-м стагодзьдзі яны перабудоўвалі ратушы, зьнішчалі іх, перапланоўвалі нашыя гарады. Бальшавікі лёгка перанялі гэтую палітыку. Да таго ж, была ўстаноўка ад Леніна — зьнішчаць старыя помнікі. Існаваў плян манумэнтальнай прапаганды. Яны плянавалі ставіць свае помнікі, але дзеля гэтага трэба было пазьнішчаць старыя. Гэта ўсё вынікала з акупацыйнай палітыкі. У Менску ў 1936 годзе ўзарвалі царкву Сьвятога Духу. Потым пачалася вайна.
У 1943 годзе энкавэдзісцкая стаўка партызанскага руху ў Маскве выдала ўказаньне: спаліць і зьнішчыць вялікія манумэнтальныя дамы ў Беларусі. У прыватнасьці школы. І партызаны займаліся тым, што палілі школы, узрывалі і зьнішчалі гістарычныя будынкі. Яны ня толькі зь немцамі змагаліся, але найперш нішчылі беларусаў. НКВД праводзіла грамадзянскую вайну супраць Беларусі. Хацелі панішчыць так, каб Беларусь ужо ніколі не паднялася, каб не было школ, не было матэрыяльнай базы. Яны ўсё разбуралі пад выглядам таго, што змагаюцца зь немцамі.
— Мы палічылі, што вы гадоў 25 прысьвяцілі ахове помнікаў старажытнага Менску.
— Я быў у кожным доме і ў кожнай сям’і ў Траецкім прадмесьці. Разбуральнікі і ўлады ім казалі так: вас зьнясем, але дамо харошыя кватэры. А мая канцэпцыя была такая: каб людзям далі харошыя кватэры, але каб стары горад не зносілі, але адрэстаўравалі. У старым горадзе якраз жылі карэнныя мянчане. Тлумачыў, заклікаў захаваць стары Менск, кажу гэта ж ваша бацькаўшчына, вы тут вырасьлі. Людзі пагаджадіся. Удалося адстаяць.
Пачалі рэстаўраваць, далі заказы рэстаўратарам, а там усе мае знаёмцы і сябры. Я там амаль кожны дзень бываў, калі рабілі гэтыя праекты. І вось нарэшце адкрыцьцё першай часткі рэстаўраванага Траецкага прадмесьця. Там карчма была ўладкавана, цэлы комплекс. Гэта адразу перад Сьвіслаччу. Прыгожа, усім падабалася. Столькі было пакладзена гадоў, часу, нерваў, і ўдалося нарэшце. А так зьнеслі б усё.
Я сабраўся неяк, думаю, пайду пагляджу. Адзін пайшоў. Заходжу ў карчму, у дворык, сядзяць нейкія тыпы зь півам. У чорных акулярах, з жывоцікамі, дамачкі з манікюрам і выпячываюць ніжнюю губу, і нагу на нагу закладваюць, і глядзяць на мяне з пагардай, бо я звычайны чалавек (ды-й не па-піжонску апрануты, як яны). Нейкія хлышчы там сядзяць, віно п’юць, пальчык адтапырваюць, удаюць, што яны нейкія там сьвецкія размовы вядуць. І глядзяць на мяне, як у заапарку. Маўляў, а хто гэта такі? Што ён тут робіць. Думаю, вось іронія лёсу, хацелі мы захаваць гэты стары Менск, гэты горад, гэтую гісторыю; захавалі, а для каго? Краіны ж — няма. Былі гэтыя спажыўцы пад бальшавікамі, ды пад Масквой і ня думалі пра свабоду і далі ім вось піва папіць. Няма напаўненьня краіны, няма вольнага народу. Але нічога — ня ўсё адразу.
Настаў час і пайшлі людзі змагацца за краіну. Таксама паклалі на тое шмат сілы і часу. І вось маем незалежнасьць, маем сваю дзяржаву. І цяпер я ня тое, што там ня ёсьць, каб тыя хлышчы на мяне паглядзелі, адтапырыўшы ніжнюю губу, я нават прыехаць туды не магу. І ў гэтым прадмесьці, у гэтай дзяржаве, за якую мы паклалі столькі энэргіі і працы, зараз злыдні сядзяць. Якая цікавая сымболіка атрымалася.
Але ўсё мяняецца. Нацыя ёсьць тады, калі ў грамадзтве існуе нацыянальная асоба. Сутнасьць пераменаў у грамадзтве ў канцовым духовым выніку — гэта стварэньне новай асобы. Хрысьціянства стварыла новага чалавека і ўзьнікла новая цывілізацыя. Калі б такога не адбылося, то і хрысьціянства б не рэалізавалася б. Мы выратоўваем пакуль што культурную аснову, форму і атрыбуты, у якіх можа разьмясьціцца і вырасьці сутнасьць. Пакуль што яна мізэрная. Але гэта пакуль што. За 100 гадоў была праведзена калясальная работа. Яна ўжо не загіне.
Я ўспамінаю сваё юнацтва і дзяцінства. Паўтараю — гэта быў рай! Жыцьцё ў вялікай добрай сям’і сваіх людзей. Куды б я не выйшаў, я сустракаў свайго чалавека. Чужых не было. Іду па лясной дарозе — дзядзька насустрач. Ён са мной вітаецца першы, мне 17 гадоў, а ён са мной размаўляе. Куды не пайду — свае людзі і па-свойму гавораць. Грыбы зьбіраю. Сустракаю жанчыну ў лесе, у полі. А, цётка, добры дзень. Як гэтае, як тое, — пытаю. Нібы ўсюды адна сям’я. Ты жывеш у вялікім родным абшары: лес, рэчка, дамы, дарогі, брук, ды касьцёл, поле цьвітучае, воблакі і сенажаць — ўсюды свае людзі. Жывеш і ня цэніш, бо гэта як бы і ўсюды, як бы такое жыцьцё, як бы і звычайна. Толькі цяпер, калі ўсё далёка, востра ўсьведамляеш, што вышэйшых каштоўнасьцяў, чым той вецер і тое паветра і нават той дым — не існуе.
Форум