Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Права выбару»: 353 парушэньні за чатыры дні галасаваньня, яўка завышаная больш чым удвая

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце БНТУ, 12 лістапада 2019 году

За чатыры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 353 парушэньні выбарчага заканадаўства, паведаміў падчас онлайн-брыфінгу 16 лістапада прэс-сакратар кампаніі Аляксей Янукевіч, піша БелаПАН.

353 парушэньні, 204 скаргі

Паводле Янукевіча, пераважаюць наступныя парушэньні:

  • неналежнае забесьпячэньне захаванасьці скрыняў для датэрміновага галасаваньня,
  • разыходжаньне колькасьці тых, хто прагаласаваў, названае ў пратаколах камісій, з падлікамі назіральнікаў.

За 4 дні галасаваньня па факце гэтых і іншых парушэньняў пададзена 204 скаргі.

Афіцыйныя дадзеныя аб яўцы завышаныя больш чым у два разы

Каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў падчас брыфінгу заявіў, што афіцыйныя дадзеныя аб яўцы, апублікаваныя Цэнтравыбаркамам па выніках 4 дзён датэрміновага галасаваньня, завышаныя больш чым у два разы.

Як сьцьвярджае Сілкоў, калі грунтавацца на дадзеных па тых акругах, дзе «Права выбару» вядзе пастаяннае назіраньне, дык сярэдняя яўка за чатыры дні датэрміновага галасаваньня па ўсёй краіне «выкрышталізоўваецца на ўзроўні 12%», у той час як Цэнтравыбаркам паведамляе аб 27,5% яўкі.

Паводле назіральнікаў кампаніі, самая нізкая яўка ў Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 — 8,9% за чатыры дні, а паводле дадзеных камісій — 14,8%; самая высокая яўка — 18,5% — зафіксаваная ў Коласаўскай акрузе № 106 у Менску, куды вельмі інтэнсіўна ідуць галасаваць з інтэрнатаў студэнты, паведаміў Янукевіч.

«Нават гэтыя 12% яны робяць усялякімі накруткамі, выкарыстоўваючы ўсе магчымасьці. А калі аб’яўленая яўка на ўзроўні 27,5%, выбары становяцца проста гістэрычныя», — сказаў Алесь Сілкоў.

На ягоную думку, улады разумеюць, што рэальную яўку на выбары яны не забясьпечаць, але «дадзены загад — павінна быць яўка», таму і пачынае павялічвацца колькасьць участкаў, дзе ёсьць несупадзеньне колькасьці тых, хто прагаласаваў паводле падліках назіральнікаў, і лічбаў, адлюстраваных у пратаколах. Калі першыя два дні такіх участкаў з 319 [за якімі вядзе назіраньне кампанія] было каля 30%, дык цяпер «гэта стала павальна».

Як адзначыў Янукевіч, «тое, што на акругах, дзе „Права выбару“ вядзе назіраньне, афіцыйныя лічбы яўкі значна ніжэйшыя, чым сярэднія па краіне, якія абвяшчае Лідзія Ярмошына, сьведчыць, што прысутнасьць назіральнікаў хоць і ня стрымлівае камісіі ад маніпуляцый, усё ж змушае іх рабіць гэта больш абачліва і асьцярожна».

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» ажыцьцяўляюць татальнае назіраньне на ўсіх участках дзевяці акругаў ва ўсіх абласных цэнтрах, Менску і Бабруйску (Берасьцейская-Ўсходняя № 3, Віцебская-Чкалаўская № 18, Гомельская-Цэнтральная № 33, Горадзенская-Цэнтральная № 51, Бабруйская-Ленінская № 78, Магілёўская -Ленінская № 84, Магілёўска-Цэнтральная № 85, у Менску — Пушкінская № 103 і Коласаўская № 106).

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG