«Перашкаджае выбарчаму працэсу». Назіральніка, які зьняў спробу ўкіду бюлетэняў, пазбавілі акрэдытацыі

абноўлена
Юры Вашчанчук
Юры Вашчанчук

Выбарчая камісія прыняла гэтае рашэньне ў прысутнасьці назіральнікаў АБСЭ. Пры галасаваньні ўстрымаўся толькі адзін зь сябраў камісіі.

Юры Вашчанчук назіраў ад кампаніі «Права выбару» на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3. Ён ужо меў папярэджаньне ўчастковай камісіі ад 14 лістапада.

На паседжаньні ўчастковай выбарчай камісіі яе старшыня Мосіна зачытала прэтэнзіі да назіральніка. Сярод іх адзначаецца, што ён

  • «ствараў перашкоды для галасаваньня»,
  • «рабіў дзеяньні, якія парушаюць тайну галасаваньня»,
  • «знаходзіўся каля кабін і скрыняў для галасаваньня»,
  • «вёў відэаздымку без атрыманьня дазволу старшыні камісіі».

У камісіі кажуць, што яму неаднаразова рабілі заўвагі, але ён іх ігнараваў.

Вашчанчук аспрэчыў кожную прэтэнзію. Ён заявіў, што пры спробе парушэньня Выбарчага кодэксу — спробе ўкіду бюлетэняў — у яго не было магчымасьці ўзгадняць відэафіксацыю са старшынёй камісіі. Вашчанчук лічыць, што відэафіксацыя сьведчыць, як старшыня камісіі выправаджвае выбарцу з выбарчага ўчастку, і зьвяртае ўвагу, што гэта грубае парушэньне.

Старшыня камісіі сказала, што словы «выйдзіце, выйдзіце», якія чуваць на відэа, былі зьвернутыя да самога Вашчанчука. Аднак Вашчанчук гэта аспрэчыў і спытаў, чаму Мосіна не папрасіла яго пакінуць участак ужо пасьля інцыдэнту.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына 14 лістапада назвала дзеяньні Юрыя Вашчанчука недапушчальнымі і заявіла, што яго трэба пазбавіць акрэдытацыі. Старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садку, дзе працуе гераіня відэа Анастасія Кулічкова, Тацяна Мосіна заявіла, што дзяўчына не вінаватая — маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку». Яна паведаміла, што дзяўчына моцна перажывала і ня выйшла на працу на наступны дзень.

Назіральнік Юры Вашчанчук 13 лістапада на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3 зьняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабавала ўкінуць у скрыню для галасаваньня стос бюлетэняў.

Дзяўчына зь відэа, Анастасія Кулічкова, кажа, што гэта быў адзін складзены бюлетэнь. На відэа чуваць, як нехта — назіральнік сьцьвярджае, што старшыня камісіі — кажа дзяўчыне сыходзіць, і тая сыходзіць з участку зь бюлетэнямі, хоць выносіць іх з участку таксама незаконна.

​
XS
SM
MD
LG