Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У іх ёсьць такая кнопка! Чаму дэпутаты амаль заўжды галасуюць «за»


Ілюстрацыйнае фота

Галасаваньне за законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска ў Палаце прадстаўнікоў было даволі незвычайнае па беларускіх мерках: у першым чытаньні 6 дэпутатаў націснулі кнопку «супраць», у другім — 9. Звычайна ж у Палаце прадстаўнікоў кнопку «супраць» націскаюць 1–2 дэпутаты.​

Праўда, законапраект усё роўна ўхвалілі: у другім чытаньні за яго прагаласавалі 85 дэпутатаў, яшчэ 11 устрымаліся. Агулам у ніжняй палаце мае быць 110 дэпутатаў, але на момант публікацыі тры чалавекі пакінулі Палату.​

Звычайна — 1 ці 2 «супраць​»

Звычайна ж у Палаце прадстаўнікоў кнопку «супраць» націскаюць 1–2 дэпутаты.

Ніводнага галасаваньня, у якім дэпутаты цяперашняга скліканьня адхілілі б законапраект, не было. Агулам за час існаваньня Палаты прадстаўнікоў, з моманту разгону Аляксандрам Лукашэнкам Вярхоўнага Савету ў 1996 годзе, дэпутаты не касавалі заканадаўчых прапановаў кіраўніка дзяржавы.

​У цяперашнім шостым скліканьні супраць законапраектаў звычайна галасуюць Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Нават у галасаваньні па зьменах у рэзанансны «дармаедзкі дэкрэт» у траўні 2018 году былі толькі два іхныя галасы супраць.

Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

Рэкорд шостай Палаты — 10 «супраць​»​

Дакладнай агульнадаступнай статыстыкі па галасаваньнях у Палаце прадстаўнікоў няма, але 9 галасоў «супраць» — не рэкорд шостага скліканьня ў афіцыйных галасаваньнях.

У лістападзе 2017 году ажно 10 дэпутатаў (9% Палаты) прагаласавалі «супраць», а яшчэ 8 не галасавалі. Пытаньне тычылася звужэньня паўнамоцтваў самой Палаты: Савет міністраў прапаноўваў, каб міжнародныя дамовы, скіраваныя на прыцягненьне ў краіну фінансавай дапамогі, узгадняліся толькі ўказамі прэзыдэнта.

Але ў час тэставага націсканьня кнопак, калі новы склад Палаты запусьцілі ў Авальную залю, як расказвала Канапацкая, кнопку «супраць» націснулі 14 чалавек. Яна казала, «усе прысутныя былі ўражаныя, бо такая колькасьць „супраць“ тут здарылася ўпершыню».


«У нас шмат „супраць“ быць ня можа»

Намесьнік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Кірыл Праяненкаў сказаў Свабодзе, што схема абмеркаваньня законапраекту прапісаная ў рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў.

«У нас шмат «супраць» быць ня можа, бо мы працуем з законамі ў працоўных групах і пастаянных камісіях. Вострыя моманты максымальна здымаюцца да вынясеньня на галасаваньне ў Авальную залю. Таму такі вялікі працэнт «за», — тлумачыць Праяненкаў.​

Калі першы раз выбіралі Палату, туды трапіла апазыцыя

Склад Палаты прадстаўнікоў першага скліканьня беларусы не выбіралі — яна ўтварылася з тых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія падтрымалі Лукашэнку. Але ў 2000 годзе прайшлі парлямэнцкія выбары, і па іх выніках (не прызнаных дэмакратычнымі краінамі Захаду) была сфармаваная Палата прадстаўнікоў другога скліканьня. У ім утварылася аб’яднаньне апазыцыйных дэпутатаў «Рэспубліка», якое налічвала да 12 асобаў.

Як згадаў у размове са Свабодай Уладзімер Навасяд — дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня (а таксама дэпутат апошняга скліканьня Вярхоўнага Савету) — тады часам галасавалі супраць нават дэпутаты, якія лічыліся праўладнымі.

Зрэшты, нават самае «пратэстнае» галасаваньне на ягонай памяці, па пытаньні адзінай валюты з Расеяй, скончылася ўхваленьнем — а затым і подпісам Лукашэнкі пад пагадненьнем, якое падпісаў урад (але якое дагэтуль ня выканана). Колькі менавіта галасоў «супраць» было тады, выявіць не ўдалося.

«Ёсьць такія пытаньні, якія аб’ядноўваюць беларусаў, — разважае Навасяд пра той час і цяперашнія 9 галасоў супраць. — Або сьпёка проста паўплывала з гэтым законам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG