Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэканомікі і Нацбанк распавялі, калі могуць увесьці адзіную валюту «Саюзнай дзяржавы»


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ

Міністэрства эканомікі Беларусі лічыць «немэтазгодным камэнтаваць папярэдні дэталёвы зьмест» сумеснай праграмы дзеяньняў па далейшаму інтэграцыйнаму ўзаемадзеяньню ў рамках «саюзнай» дзяржавы.

Па даручэньні кіраўнікоў Беларусі і Расеі створана рабочая група, якую ўзначальваюць міністры эканомікі дзьвюх краін — міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты і міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін. Яна павінна выпрацаваць сумесную праграму дзеяньняў.

Пасьля сустрэчы прэм’ер-міністраў 24 траўня 2019 года было заяўлена, што «максымальна гарманізаваны зводны дакумэнт зь мінімальнай колькасьцю рознагалосьсяў» будзе прадстаўлены для абмеркаваньня прэмʼер-міністрамі Беларусі і Расеі.

«На этапе фармаваньня праграмы мяркуем немэтазгодным камэнтаваць яе папярэдні дэталёвы зьмест», — паведаміў Свабодзе начальнік аддзела сувязяў з грамадзкасьцю
Міністэрства эканомікі Беларусі Віктар Еўтухоў.

У Нацыянальным банку Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што рабочая група разглядае «увесь комплекс пытаньняў двухбаковай інтэграцыі». Там спаслаліся на заяву старшыні Цэнтрабанку Расеі Эльвіры Набіулінай, што перамовы аб адзінай валюце зь Беларусьсю знаходзяцца «на вельмі пачатковай стадыі».

«Набіуліна сказала, што перамовы па гэтым пытаньні знаходзяцца ў самым пачатку. Да таго ж Арэшкін і наш міністар эканомікі дагэтуль казалі, што адзіная валюта гэта самы апошні этап эканамічнай інтэграцыі. Гэта пазыцыя аднолькавая як у Нацбанку Беларусі так і Цэнтрабанку Расеі.

Калі абмеркаваньне гэтага пытаньня знаходзіцца ў самым пачатку, то што можна казаць? Яно ня можа разглядацца ад усяго астатняга, яго нельга неяк адасобіць, бо гэта самы апошні этап.

Агульная пазыцыя — гэта пытаньне, якое можа быць вырашана толькі пасьля ўзгадненьня ўсіх астатніх пытаньняў», — сказаў прэс-сакратар Нацбанку Беларусі Аляксандар Цімашэнка.

Аналітыкі адзначаюць, што ўжо амаль тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але іх зьмест зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай, абодва бакі усяляк хаваюць іх ад грамадзкасьці.

15 чэрвеня Максім Арэшкін заявіў, што падыходы Расеі і Беларусі ў пытаньнях інтэграцыі зблізіліся на 90%, паведамляе РИА Новости.

Прэм’ер-міністр Беларусi Сяргей Румас на сустрэчы з расейскім калегам у траўні казаў, што падыходы сыходзяцца на 70%.

Паводле Арэшкіна, бакі «паступова рухаюцца да 100% адзнакі». 21 чэрвеня плянуецца сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі ў Менску, на якой будзе зроблены «яшчэ сурʼёзны крок наперад».

Арэшкін сказаў, што абмеркаваньне ідзе строга ў рамках саюзнай дамовы ад 1999 году. А пытаньне пра адзіную валюту «не ключавы элемэнт абмеркаваньняў.

«Значна больш вострае пытаньне — гэта праца ў энэргетычнай сфэры, пытаньні ў рэгуляваньні галін, мытны блёк. Там ёсьць нейкія тонкія моманты, якія трэба абмяркоўваць на больш высокім узроўні прэмʼер-міністраў і прэзыдэнтаў», — сказаў Арэшкін.

8 чэрвеня Максім Арэшкін сьцьвярджаў, што ў той дзень прайшлі перамовы пра адзіную валюту зь міністрам эканомікі Беларусі Дзьмітрыем Крутым.

Агульная валюта — адна з прапановаў па інтэграцыі Беларусі і Расеі, згаданая ў канцы мінулага году расейскім прэм’ер-міністрам. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG