Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дэпутаты пакінулі Палату прадстаўнікоў. Але давыбараў ня будзе


Палата прадстаўнікоў, ілюстрацыйнае фота
Палата прадстаўнікоў, ілюстрацыйнае фота

На веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты даведаліся, што яшчэ двое іхных калег пераходзяць у структуры выканаўчай улады.

44-гадовы Дзьмітры Заблоцкі сышоў з камісіі прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту і сувязі, а 58-гадовы Валянцін Мілашэўскі — з камісіі аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі.

Прычына пераменаў — іх новыя прызначэньні: Заблоцкі прызначаны старшынём Жодзінскага гарвыканкаму, а Мілашэўскі — кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця.

Першым пакінуў дэпутацкі корпус 53-гадовы Іван Маркевіч. У верасьні 2018 году Лукашэнка зрабіў яго намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму.

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла Свабодзе, што ў такіх выпадках дэпутаты пакідаюць Палату прадстаўнікоў:

«У нас закон патрабуе, каб дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выконвалі свае абавязкі на прафэсійнай аснове. Выключэньне зробленае толькі адно — для чальцоў ураду. Міністар альбо старшыня Дзяржкамітэту можа працаваць ва ўрадзе і быць дэпутатам. Але на практыцы такое было шмат гадоў таму. Памятаю, Шпілеўскі быў дэпутатам і старшынём Дзяржаўнага мытнага камітэту».

Паводле Ярмошынай, на вакантныя дэпутацкія месцы трэба праводзіць давыбары.

«Але час іх правядзеньня ў законе ня вызначаны. Як правіла, іх сумяшчаюць зь іншай выбарчай кампаніяй. Правесьці такія давыбары асобна мы ня можам, бо ў нас на гэта няма фінансаваньня», — кажа старшыня ЦВК.

Яшчэ адна прычына, чаму давыбары ў Палату прадстаўнікоў не праводзяцца, — няўпэўненасьць уладаў, ці пойдуць на іх выбарнікі.

«Хто прыйдзе на выбары ў асобна ўзятую выбарчую акругу? А ў нас жа ёсьць абавязковы кворум на парлямэнцкія выбары», — кажа Лідзія Ярмошына.

Чаму два дэпутаты не здалі сваіх мандатаў

47-гадовы Валеры Барадзеня і 44-гадовы Іван Рабкавец хоць і атрымалі новыя прызначэньні, свае месцы ў Палаце прадстаўнікоў захавалі. Рабкавец стаў намесьнікам міністра транспарту і камунікацыяў, а чальцы ўраду, як адзначалася вышэй, застаюцца дэпутатамі. Барадзеню прызначылі першым прарэктарам Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. І хоць дэпутатам забараняецца выконваць любую іншую працу за грошы, навуковая сфэра — выключэньне.

Такім чынам, цяпер у Палаце прадстаўнікоў свае абвязкі выконваюць 107 з 110 дэпутатаў.

Экс-дэпутат: якая розьніца, колькі іх там

Аляксандар Дабравольскі, архіўнае фота
Аляксандар Дабравольскі, архіўнае фота

Аляксандар Дабравольскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня — апошняга парлямэнту краіны, выбранага больш-менш дэмакратычна.​

Ён кажа, што тады ў Вярхоўным Савеце былі партыйныя фракцыі, вяліся сапраўдныя дыскусіі, шмат законапраектаў рыхтавалі самі дэпутаты.

«Наколькі я ведаю, у Палаце прадстаўнікоў амаль усё зьмянілася. Напрыклад, дэпутатка Канапацкая распрацоўвае свой праект закону. А ёй кажуць гэтага не рабіць, бо падобны дакумэнт рыхтуецца ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Пра што наагул казаць, калі нават свае грошы цяперашнія „абраньнікі народу“ фактычна атрымліваюць з прэзыдэнцкай касы?! Якая тут можа быць самастойнасьць? І таму якая розьніца, колькі іх там — 110, 107 ці 90?» — кажа былы дэпутат Дабравольскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG