Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат пра Курапаты: Загад ідзе з найвышэйшых кабінэтаў


Дэмантаж крыжоў у мэмарыяльным комплексе Курапаты, 4 красавіка 2019 году

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра міжнароднай камісіі Анатоль Хішчанка выказаў Свабодзе свой погляд на знос крыжоў у Курапатах.

«Курапаты — гэта агульнае месца скрухі. І яно не павінна быць нікім прыватызаванае. Ні ўладай, ні апазыцыяй», — сказаў Хішчанка.

Хішчанка лічыць, што падзеі ў Курапатах паказалі, што «чыноўнікам трэба навучыцца працаваць зь людзьмі, а не глядзець толькі ўверх»:

«З найвышэйшых кабінэтаў ім ідзе загад. І яны яго выконваюць. Але сытуацыя ў краіне паступова зьмяняецца. І, як мне падаецца, кіраўнікам ніжэйшага ўзроўню трэба спыніцца ў сваіх дзеяньнях, калі яны ўсё сьпісваюць на больш высокіх чыноўнікаў».

Дэпутат кажа, што яму і раней даводзілася сутыкацца з чыноўнікамі, якія спасылаюцца на вышэйшае начальства.

«Яны паказваюць пальцам уверх. Маўляў, адтуль ідуць загады. Але ж трэба праяўляць прынцыповасьць, якой мы пакуль ня бачым. Чаго чыноўнікі баяцца? Я думаю, тут дзейнічаюць прычыны і асабістага, і кар’ернага характару. Хоць я лічу, што перад тым як рабіць такія рэчы, як у Курапатах, трэба было абавязкова пагаварыць зь людзьмі, даведацца іхныя меркаваньні», — кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Анатоль Хішчанка расказаў, як ён працаваў над узьвядзеньнем мэмарыяльнага комплексу ў Трасьцянцы:

«Спачатку ўсё пачыналася добра. Пасьля чамусьці быў нейкі стопар. Але затым улада ўзяла ўзьвядзеньне комплексу ў Трасьцянцы пад свой кантроль. Я быў там, калі ў Трасьцянец прыяжджаў канцлер Аўстрыі. Там сабраліся людзі розных нацыянальнасьцяў, розных палітычных поглядаў. І ўсе яны ў тыя моманты былі разам. Гэтаксама і Курапаты павінны аб’ядноўваць, а не разьядноўваць беларусаў».

Што адбылося?

​У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзем у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».

Раней свае меркаваньні пра Курапаты выказалі іншыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — Валер Варанецкі і Вольга Палітыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG