Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Польшчы: зьнішчэньне крыжоў у Курапатах — дрэнны сыгнал


Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч
Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч

Міністар замежных справаў ПольшчыЯцэк Чапутовіч, які знаходзіцца ў Вашынгтоне на сустрэчы міністраў замежных справаў NATO, заявіў Польскаму радыё, што высьвятляюцца дэталі зносу крыжоў, у тым ліку тое, хто гэта зрабіў.

Міністар дадаў, што калі інфармацыя пацьвердзіцца, то «гэта быў бы дрэнны сыгнал», бо «дзяржавы павінны памятаць пра сьмерць і ахвяры, у гэтым выпадку ахвяры сталінскага рэжыму».

Міністар папярэдзіў, што польскія дыпляматычныя службы будуць адсочваць сытуацыю.

Курапаты ўжо наведаў Марцін Вайцяхоўскі, намесьнік амбасадара Польшчы ў Менску, які ацаніў стан крыжоў і іншых памятных знакаў у цэнтральнай частцы мэмарыялу, у тым ліку ў памяць палякаў, забітых ва ўрочышчы. Дыплямат паведаміў, што польскія крыжы непашкоджаныя.

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.

Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG