«У мяне таксама абвастрылася хвароба». Назіральніка, які зьняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў, наведалі назіральнікі АБСЭ

Юры Вашчанчук, назіральнік, які зьняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3 у Берасьці
Юры Вашчанчук, назіральнік, які зьняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3 у Берасьці

«Я расказаў назіральнікам АБСЭ, як ідзе галасаваньне. Сказаў, што таксама вельмі перажываю і кепска сплю», — кажа Юры Вашчанчук, які працягвае назіраньне на ўчастку, дзе зьняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабуе ўкінуць стос бюлетэняў у скрыню.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына 14 лістапада назвала дзеяньні Юрыя Вашчанчука недапушчальнымі і заявіла, што яго трэба пазбавіць акрэдытацыі.

Тацяна Мосіна, старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садку, дзе працуе гераіня відэа Анастасія Кулічкова, заяўляе, што дзяўчына не вінаватая — маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку». Яна паведаміла, што дзяўчына моцна перажывала і ня выйшла на працу на наступны дзень.

Юрый Вашчанчук кажа, што назіральнікі АБСЭ пыталіся ў яго пра ўмовы працы і як ён пачуваецца. Ён сказаў, што ад перажываньняў у яго абвастрылася хвароба.

«Я перажываю за тое, што адбываецца, кепска пачуваюся, кепска сплю», — кажа Юрый.

Аўтар рэзананснага відэа назірае ад кампаніі «Права выбару» на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3. Ён ужо мае папярэджаньне ад участковай камісіі, якое атрымаў 14 лістапада.

У той жа час пасьля ягонай скаргі на разыходжаньне вынікаў назіраньня з пратаколам выбарчай камісіі пратакол за 13 лістапада выправілі. У першай вэрсіі было пазначана 65 чалавек, у выпраўленай — 34 выбарнікі. Гэта адпавядае вынікам назіраньня Вашчанчука.

У першай вэрсіі пратаколу яўка — 65 чалавек (зьлева), у выпраўленай — 34 выбарнікі (справа)
У першай вэрсіі пратаколу яўка — 65 чалавек (зьлева), у выпраўленай — 34 выбарнікі (справа)

У інтэрнэце зьявілася пэтыцыя ў падтрымку Юрыя Вашчанчука з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне зафіксаванага ім выпадку. Пад ёй падпісаліся 140 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG