«Пакрываюць крымінальныя злачынствы», — Губарэвіч пра рэакцыю міліцыі на ўкід бюлетэняў 

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

13 лістапада лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які зьяўляецца даверанай асобай кандыдаткі ў дэпутаты Натальлі Гарачкі, двойчы выклікаў міліцыю на выбарчыя ўчасткі ў Менску, дзе назіральнікі зафіксавалі шматразовае завышэньне яўкі.

Так, на ўчастку № 571 у першы дзень галасаваньня афіцыйна зафіксавана, што прагаласавалі 109 чалавек, а назіральнік Уладзімер Шыла налічыў толькі 11 — у скрыні для галасаваньня сапраўды можна разгледзець дзясятак, але ня сотню бюлетэняў.

На другім участку, куды Губарэвіч выклікаў міліцыю, была аналягічная карціна — яўныя ўкіды бюлетэняў і штучнае завышэньне яўкі выбарнікаў.
Свабода пацікавілася ў палітыка, ці былі пачутыя ягоныя сыгналы.

«Абодва разы прыяжджалі супрацоўнікі Савецкага РУУС Менску, — кажа ён. — Другі раз наогул адмаўляліся браць заяву, я настаяў, бо закон аб міліцыі абавязвае гэта зрабіць. Затое папярэдзілі пра адказнасьць за загадзя лжывую інфармацыю — маўляў, мушу зьвяртацца ў камісію, а не ў міліцыю. Значыць, сілавікі рэагаваць на парушэньні адмаўляюцца. Урэшце заяву прынялі і пры гэтым яшчэ хацелі затрымаць — прапанавалі праехаць для разбору за „беспадстаўны выклік“. Я сказаў, што жаданьня ня маю, можаце затрымліваць. Паколькі вёў трансьляцыю ў Facebook, устрымаліся, але сказалі, што пра гэта яшчэ паведамяць».

Юрась Губарэвіч будзе абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў ў пракуратуры, паколькі дічыць, што тыя сваім бязьдзеяньнем «пакрываюць крымінальныя злачынствы».

«Яны проста цягнуць час, бо нават у рамках крымінальнага працэсу маюць тры дні для пачатку расьследаваньня, — працягвае Юрась Губарэвіч. — На патрабаваньне пачаць дзейнічаць на месцы па гарачых сьлядах (зайсьці на тэрыторыю ўчастка і ўсё зафіксаваць) адказалі, што такой неабходнасьці няма, будуць рабіць так, як лічаць патрэбным. Магу сказаць, што парушэньняў вельмі шмат, толькі ў 107-й акрузе зь дзясятак праблемных участкаў — буду падаваць заявы ў міліцыю на кожным, дзе назіральнікі зафіксавалі парушэньні».

Паводле Юрася Губарэвіча, зафіксаваныя злачынствы падпадаюць пад артыкулы 192 (парушэньне заканадаўства аб выбарах) і 427 КК Рэспублікі Беларусь (службовы падлог).

​
XS
SM
MD
LG